Шклову нямецкія каталікі падарылі арган. Прэзентацыю інструмента грамадскасць сустрэла авацыямі (фота, відэа)

Упершыню за амаль 100 гадоў у шклоўскім касцёле Пятра і Паўла загучаў арган. Тут адрадзілі традыцыю арганных канцэртаў. Інструмент падаравалі мясцовай каталіцкай парафіі нямецкія аднаверцы.

 

Кожная кампазіцыя, выкананая на аргане, віталася авацыямі

На канцэрт, пачуць, як гучыць арган, у каталіцкую святыню прыйшло шмат гараджанаў. На ім былі не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі. Наведаліся ў касцёл і навучэнцы школы-інтэрнату для дзяцей з аслабленым зрокам. У дзятвы была магчымасць пайграць на інструменце і сфатаграфавацца з выканаўцам кампазіцыяў. Кожную з іх грамада вітала авацыямі.

 

Іграў ў касцёле вядомы арганіст Юры Габрусь. За сваю кар’еру ён выступаў на фестывалях у Нямеччыне, Швецыі, Літве і Расіі. У Шклове ён выконваў творы Ёгана Сэбаст’яна Баха, Ферэнца Ліста, Леона Боэльмана, Арнольта Шліка ды іншых.

Настаяцель касцёлу айцец Міхал паведаміў, што такія канцэрты і ў далейшым будуць ладзіцца ў Шклове.

Правядзенне канцэрту супала з экспанаваннем у святыні цудадзейных абразоў Маці Божай. Шклоўскі касцёл першы на Магілёўшчыне, які прымае іх у вандроўцы па Беларусі.

 

Трагічная гісторыя шклоўскага касцёлу і яго аргана. Цяпер у адроджанай святыні свой голас

Да закрыцця шклоўскага касцёлу бальшавікамі ў 1930 гады ён меў свой арган. Ягонае гучанне, як згадвалі мясцовыя каталікі, было выдатным. Па закрыцці святыня занядбала. У 1990-я вернікам перадалі толькі яе сцены. Над імі не было нават страхі. Старадаўні жа арган быў страчаны назаўжды.

Па словах мясцовага краязнаўцы і актывіста парафіі Аляксандра Грудзіны новы арган прывезлі з нямецкага Штутгарта. Выраблены ён быў для мясцовага касцёлу ў 1969 годзе.

Па сваіх музычных характарыстыках арган, як цвердзяць спецыялісты, добры, а ягонае гучанне выдатнае. Тое не дзівіць, бо ў Германіі даўнія традыцыі вытворчасці арганаў. Гэтай працаю ў краіне займаецца блізу 400 прадпрыемстваў. ЮНЕСКА прыняла рашэнне аб унясенні нямецкай арганнай музыкі і мастацтва стварэння гэтых музычных інструментаў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

фота і відэа: Уласнасць шклоўская каталіцкай парафіі Пятра і Паўла

 

У Беластоку беларускія грэка-католікі разам з аднаверцамі ўкраінцамі адзначылі вербніцу

На рэлігійнае свята 17 красавіка ў Ніжні храм касцёлу Ducha Świetego прыйшла вялікая грамада ўніятаў. Многія на набажэнства прывялі дзяцей.

На службе пераважалі ўкраінцы, якія вымушана пакінулі радзіму праз поўнамаштабную вайну, распачатаю Расеяй. Уцекачы падоўгу маліліся ўкленчыўшы. Тое ж рабілі і іхныя дзеці.

Па сканчэнні набажэнства ўдзельнікі традыцыйна спявалі «Гімн Украіны». Беларускія ўніяты дапоўнілі хор.

Беларусаў грэка-католікаў на літургіі было няшмат. Некаторыя на службу таксама прывялі дзяцей. Па ўварванні расейцаў ва Ўкраіну на набажэнствах разам з украінскім жоўта-блакітным прапарам выстаўлены і беларускі бел-чырвона-белы сцяг. У малітвах святар украінскай грэка-каталіцкай парафіі Прасвятой Тройцы Андрэй Залеўскі згадвае Беларусь.

Украінцы дапамаглі беларусам 11 сакавіка правесці ў храме набажэнства на беларускай мове. На старонцы парафіі айцец Андрэй адзначыў, што грэка-каталіцкая служба па-беларуску адбылася ўпершыню ў Беластоку.

фота: УГКЦ Білосток / Grekokatolicy w Białymstoku