Дзень у гісторыі. Каранацыя абразоў Маці Божай Вастрабрамскай і Маці Божай Будслаўскай. Дзень вышыванкі і Міжнародны Дзень Дняпра. Памёр дыпламат Андрэй Грамыка, які меў мянушку «містар «Не»

2 ліпеня 2022 года, – Міжнародны Дзень Дняпра.

Адзначаецца з 2003 году ў першую суботу ліпеня. Дата мае экалагічную скіраванасць.

Прысвечана адной з самых спакойных і велічных раўнінных рэк Еўропы. На кантыненце па даўжыні займае чацвёртае месца пасля Волгі, Дуная і Урала.

Даўжыня ракі 2201 км. На Беларусь прыпадае 595 км. Да басейна ракі адносіцца 51% тэрыторыі краіны. На Магілёўшчыне прытокі Дняпра – Сож, Бярэзіна.

На Дняпры стаіць Магілёў.


2 ліпеня – Дзень беларускай вышыванкі.

Прысвечаны беларускаму нацыянальнаму арнаменту.

У Беларусі Дні вышыванкі з 2014 году ладзіла арганізацыя, якая вымушана была пасля 10 гадоў дзейнасці спыніць сваё існаванне праз пераслед дзяржавы. Ейныя акцыі праходзілі незалежна ад дзяржавы і без усялякай яе падтрымкі.

Дзяржава пераняла ініцыятыву ў 2016-ым. Тады сталі праводзіцца афіцыйныя «Дні вышыванкі» дзеля, як заяўлялася, папулярызацыі нацыянальных традыцыяў, пашырэння культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці беларусаў, а таксама садзейнічання развіццю ды рэалізацыі грамадска-значных ініцыятываў.

Для нашых продкаў арнамент быў не толькі ўпрыгожаннем, але і шыфрам, які дайшоў да нас праз стагоддзі. У кожным рэгіёне свае асаблівасці вышыванкі, але абавязковыя два колеры – чырвоны і белы.

Белы – сімвалізуе чысціню і бязгрэшнасць, чырвоны – жыццё, сонца і багацце. У канцы XIX стагоддзя дадаўся чорны колер, які выкарыстоўваўся ў спалучэнні з чырвоным.

belarus.by


2 ліпеня 1998 года Будслаўскі абраз Маці Божай каранаваны папскімі каронамі.

Падзея адбылася ў 410 гадавіну з’яўлення Маці Божай і да 400-годдзя перадачы абраза Будслаўскаму касцёлу.

Паводле бернардынскага летапісца Томаша Дыгона 2 ліпеня 1588 года пасля ранішняй імшы і малітвы ў Будслаўскім касцёле дзясяткі прыхаджан убачылі ў небе воблака, з якога вылівалася святло на капліцу і келлі манахаў. З яго з’явілася Прасвятая Дзева Марыя з немаўлём на руках у асяроддзі анёлаў.

З таго часу пачаліся паломніцтвы ў Будслаў.

У незалежнай Беларусі афіцыйна масавае паломніцтва да цудадзейнага абразу Маці Божай Будслаўскай адбылося ў 1992 годзе. У ім удзельнічала 45 груп пілігрымаў.

26 лістапада 2018 году фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

catholic.by 


2 ліпеня 1927 года ў Вільні адбыўся ўрачысты акт каранацыі іконы Маці Божай Вастрабрамскай.

Ёй было дадзена імя – Блаславёная Дзева Марыя Маці Міласэрнасці.

Абраз Маці Божай Вастрабрамскай – адна з важных хрысціянскіх святынь Беларусі, Літвы, Польшчы. Знаходзіцца ў капліцы Вострай брамы ў Вільні з пачатку XVII стагоддзя.

Адметнасць сьвятыні – Багародзіца без дзіцяці на руках.

forumdlazycia.files.wordpress.com


2 ліпеня 1922 года нарадзіўся Генрых Вагнер.

Беларускі кампазітар, музыкант.

Творчасці Вагнера ўласцівыя пластычнасць і нацыянальная характарнасць меласа, тэмбравая квяцістасць, дынамічнае развіццё музычных вобразаў. Ён аўтар оперы «Сцежкаю жыцця» па матывах аповесці В. Быкава «Воўчая зграя», першай беларускай тэлеоперы «Ранак».

У савецкі час удзельнічаў у «паўлегальных» фестывалях кантарскай музыкі ў Маскве.

mishpoha.org


2 ліпеня 1989 года памёр Андрэй Грамыка.

Ураджэнец вёскі Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна, Гомельскай вобласці.

Савецкі дзяржаўны дзеяч, дыпламат.

Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Міністр замежных спраў СССР (1957-1985).

На Захадзе Грамыка меў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, перадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы рэсурсу «Вікіпедыя», а таксама іншыя звесткі з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў