«Засмуціла адсутнасць аншлагу». Жыхары глыбінкі аб сталічным спектаклі «Час жыцця»

Група жыхароў Бялыніч наведала Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і пабачыла спектакль «Час жыцця». Пра іхныя ўражанні і саму пастаноўку апавядае Магілёў.media.

Запрашальныя квіткі бялынічам дасталіся ад актораў тэатру Уладзіміра Рагаўцова і Генадзя Аўсянікава, якія родам з Бялыніччыны. Абодва ўсё жыццё аддалі Купалаўскаму тэатру. Генадзю Аўсяннікаву 87 гадоў, а ягонаму калегу Ўладзіміру Рагаўцову – 79. Сваю акторскую кар’еру першы пачаў у далёкім 1957-ым, а другі першы раз выйшаў на сцэну ў 1964-ым.

У спектаклі «Час жыцця» Генадзь Аўсяннікаў іграе галоўную ролю – пажылога ліфцёра, які збірае ў пятніцы сяброў. На сустрэчах яны ўспамінаюць прамінулае жыццё і выказваюцца пра рэаліі цяперашняга. Жылплошчу ліфцёр дзеліць са сваім унукам. Сюжэтныя жарсці разгортваюцца вакол кватэры, дзедаўскіх грошаў і іншых жыццёвых акалічнасцяў. Урэшце ўнук са сваёй дзяўчынай разумеюць, што не толькі іхнае жыццё наперадзе, але і ў «старых» – кожная хвіліна важная і каштоўная.

Жыхарам глыбінкі, якія зрэдку бываюць на імпрэзах сталічнага ўзроўню, а ў мясцовым Доме культуры ладзяцца пафасныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да шанавання перадавікоў сельскай гаспадаркі, прафесійных святаў, юбілеяў ды сустрэч з праезджымі кіраўнікамі, спектакль спадабаўся. Уразіліся яны ігрой актораў ды нескладаным і гэтым прывабным сюжэтам, падобным на рэальныя праблемы з жыцця звычайных людзей.
Па словах бялынічан, у актораў усё атрымалася – гледачы паплакалі, пасмяяліся з простай жыццёвай гісторыі звычайнага пажылога ліфцёра.

Паказаць спектакль беларусам дазволіла Міністэрства культуры. Яго прадстаўнікі першымі пабачылі яго і вырашылі, што пастаноўка не мае крамолы.

Між тым гісторыя ў спектаклю даўняя. Яго першым паставіў славацкі драматург Освальд Заграднік у 1972 годзе ў Славацкім нацыянальным тэатры паводле п’есы «Сола для гадзінніка з боем». Потым сваю версію спектаклю прапанавалі акторы маскоўскага МХАТу. У 1974 годзе была запісана тэлеверсія спектаклю.

zviazda.by

Спектакль у купалаўскім паставіў рэжысёр Ігар Малоў. Пастаноўка пазіцыянуецца як «ува ўсіх сэнсах традыцыйная, зробленая ў манеры камерных псіхалагічных драм аб канфліктах пакаленняў».

«Нам хацелася б пазбегнуць штампаў, архаікі, паўтораў, банальнага прачытання матэрыялу. Мы вырашылі пайсці ў гэтай гісторыі ад сябе, ад уласнага ўнутранага свету. У кожнага з актораў ёсць уласны досвед узаемаадносінаў з дзецьмі і ўнукамі, на які можна абапірацца і сказаць аб чымсьці сваім глыбока асабістым…», казаў напярэдадні прэм’еры Уладзімір Рагаўцоў.

Пасля паездкі ў сталіцу бялынінчане адзначылі, што іх засмуціла не запоўненая гледачамі зала. І гэта, паводле іх, выглядала дзіўным на фоне колішніх заўсёдных аншлагаў.

Беларуская бібліятэка ў Лондане прэзентуе Купалавы скарбы

Беларуская бібліятэка ў Лондане зрабіла даступнымі праз магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў рукапісы, асобнікі ранніх выданняў Янкі Купалы і арыгінальныя ілюстрацыі мастака Барыса Заборава да твораў песняра.

Гэты беларускі даробак апублікаваны на сайце бібліятэкі і музею імя Францыска Скарыны. Ён азагалоўлены святкуем 140-годзьдзе Янкі Купалы.

«Лінагравюра Барыса Заборава «Янка Купала», ілюстрацыя да зборніку «Выбраная лірыка» (Менск, 1967), падараваная Скарынаўскай бібліятэцы аўтарам», – гаворыцца ў прэзентацыйнай частцы публікацыі.

Беларуская бібліятэка і музей Францыска Скарыны – адзіная ўстанова такога кшталту за межамі Беларусі. На працягу дзесяцігоддзяў яна спрыяла развіццю беларусістыкі ва ўсім свеце. Усе яе фонды знаходзяцца ў вольным доступе для добрасумленных навукоўцаў, якія цікавяцца Беларуссю.

 

Ці хапае Магілёву Янкі Купалы? Экскурс у гісторыю пытання на юбілей класіка

Сёння 140 гадавіна з дня яго народзінаў.

Янку Купалу натхніла легенда пра рамантычнага разбойніка Машэку на напісанне паэмы «Магіла Льва». Яна пабачыла свет у 1913 годзе. Такім чынам у творчасці класіка з’явіўся эпізод прысвечаны Магілёву.

 

Помнік Машэку ў выглядзе канаванай галавы

З мясцовага замчышча, якое гараджане і лічаць магілаю льва, экскурсаводы звычайна пачынаюць знаёміць гасцей з Магілёвам. На гары, якая ўзвышаецца над Дняпром, вандроўнік не знойдзе прыкметааўпадзякі Купалу за ўслаўленне гораду. Некаторыя сцвярджаюць, што тутэйшая скульптура ў выглядзе каранаванай галавы – помнік Машэку.

Штогод рупліўцы беларушчыны збіраюцца ля гэтай скульптуры, каб згадаць Янку Купалу, яго творчасці і паэму «Магіла льва». Чытаюць з яе ўрыўкі.

 

Вуліца Купалы заціснутая шматпавярхоўкамі

У Магілёве ёсць вуліца, названая ў гонар класіка беларускай літаратуры. Яна ў аддаленым кутку гораду, між завулкам Гогаля і вуліцай Кірава. Адшукаць гэтую мясціну не проста. Нават тутэйшыя жыхары не адразу падкажуць.

Вуліца Купалы – гэта заціснуты шматпавярхоўкамі прыватны сектар.На дзясятку дамоў прымацаваныя шыльды з імем літаратара. Мясцовыя жыхары кажуць, што выклікаючы хуткую дапамогу пазбягаюць згадваць, што жывуць на вуліцы Янкі Купалы, а паведамляюць пра Гогаля, ці Кірава. Так, хутчэй з медыкамі можна паразумецца, адзначаюць яны.

 

Бібліятэку назвалі імем Купалы, каб яно не згубілася

У 2016 годзе бібліятэцы імя Янкі Купалы выдзелілі новае памяшканне. З вуліцы будаўнікоў яна пераехала на праспект Дзімітрава.

«У горадзе была бібліятэка з імем Янкі Купалы. Месцілася яна ў заняпалым будынку. Яе зачынілі, і каб не згубілася імя, яго вырашылі надаць нашай бібліятэцы», – гаварылася на адкрыцці чытальні.

 

Не хапае настойлівасці

Гэтая бібліятэка на некалькі гадоў стала асяродкам адзначэння дня народзінаў Янкі Купалы. Акрамя імпрэзаў з музыкай і вершамі былі тут і дыскусіі.

«Магілёўцам не хапае настойлівасці, каб ушанаваць імя Янкі Купалы», – такая думка прагучала на першых Купалаўскіх чытаннях, якія правяла згаданая бібліятэка. Тое было ў 2017 годзе.

«Была цудоўная ініцыятыва паставіць помнік Янку Купалу, але, на жаль, ні ў Саюзу беларускіх пісьменнікаў, ні ў Саюзу пісьменнікаў Беларусі ды іншых арганізацый не хапіла настойлівасці, каб давесці справу да канца, – гаварыў адзін з удзельнікаў дыскусіі. – Трэба не проста заявіць пра жаданне, а яшчэ вызначыцца з месцам, дзе бачыцца такі помнік, як ён будзе выглядаць. Таму я лічу, што ў Магілёве не хапае настойлівасці саміх магілёўцаў у справе ўшанавання памяці Янкі Купалы».

Падчас дыскусіі заяўлялася, што Магілёў, якому Янка Купала прысвяціў паэму «Магіла льва», на пачатку ХХ стагоддзя быў самым беларускім.Адзначалася, што грамадскасці варта падумаць, што зрабіць, каб у Магілёве зʼявілася Купалава аблічча.

Прапаноўвалася тады паставіць помнік на Замчышчы. 10 гадамі раней па магілёве курсаваў тралейбус Янкі Купалы.

 

У Копысі паставілі бюст Янкі Купалы

У мястэчку Копысь, што ў Аршанскім раёне, на самай мяжы з Магілёўшчынай, Янка Купала перабываў пакуль у недалёкіх адсюль Ляўках, узводзілі яму дачу. Там цяпер філіял Дзяржаўнага літаратурнага музею.

У Копысі бюст Івана Луцэвіча паставілі непадалёк ад месца, дзе было яго часовае прыстанішча. У мястэчку школа названая ў гонар Янкі Купалы.

Яшчэ Копысь вядомая тым, што ў мясцовай больніцы нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка. Яго родныя мясціны праз Дняпро. Непадалёк узведзеная рэзідэнцыя. 

Жыхары Копысі кажуць, што Лукашэнка не прамінае адведваць мястэчка. Паводле іх, ён часта бывае ля лякарні. Цяпер дарогай да яе будзе бачыць Янку Купалу.

фота: belta.by