Гродна ці Магілёў — дзе сапраўдная другая сталіца Беларусі?

Ці можа ў Беларусі быць другая сталіца, акрамя Мінска? Новы краязнаўчы падкаст прапануе незвычайны погляд на гэтую тэму праз параўнанне двух гарадоў — Магілёва і Гродна.

Падкаст пра гарады з амбіцыямі

Краязнаўцы Аляксей Бацюкоў з Магілёва і Аляксей Шота з Гродна запусцілі серыю падкастаў, у якіх параўноўваюць два буйныя рэгіянальныя цэнтры Беларусі. Першы выпуск прысвечаны сталічным амбіцыям гэтых гарадоў і іх гістарычным прэтэнзіям на асаблівы статус.

Паслухаць падкаст можна на ўсіх асноўных стрымінгавых платформах — спасылкі можна знайсці вось тут — а таксама на Youtube.

гродна магілёў
Што робіць горад сталічным?

У падкасце краязнаўцы разважаюць, што азначае “быць сталіцай” у беларускім кантэксце. Ці дастаткова багатай гісторыі і культурнай значнасці, каб прэтэндаваць на такі статус?

Гродна, напрыклад, называюць трэцяй сталіцай Рэчы Паспалітай, а таксама — другой сталіцай БНР. У сваю чаргу Магілёў у розныя часы разглядаўся як патэнцыйная сталіца БССР. Такія гістарычныя факты надаюць сучасным гарадам дадатковую сімвалічную вагу.

дзве сталіцы

Суперніцтва ці партнёрства?

Аляксей Шота і Аляксей Бацюкоў абмяркоўваюць, як рэгіянальныя цэнтры могуць развівацца самастойна, не імкнучыся абавязкова супернічаць з Мінскам. Яны прапануюць зірнуць на Гродна і Магілёў як на самадастатковыя культурныя і інтэлектуальныя цэнтры, кожны са сваім унікальным тварам.

Гэты падкаст — не толькі пра гісторыю, але і пра сучаснасць: як улада, культура і супольнасці ўплываюць на тое, як мы ўспрымаем нашы гарады.

 

Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота – гэта ўраджэнец Бабруйска

Упершыню дакументальна пацверджана, хто вёў справу супраць аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў – Міхася Чарота, расстралянага ў 1937 годзе. У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, што гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі.  

Міхася Чарота, аднаго з яркіх прадстаўнікоў беларускага літаратурнага адраджэння, арыштавалі 24 студзеня 1937 года. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў сваю “віну”. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года паэт быў расстраляны разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры.

Што ж датычыцца ураджэнца Бабруйска Віктара Эмануілавіча Быхоўскага (на здымку справа), то ён – адна з самых злавесных постацяў, што стаяць за жорсткімі рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі падчас Вялікага тэрору ў 1937–1938 гадах. 

Тады Быхоўскі узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКУС БССР, які займаўся пераследам беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Менавіта Быхоўскі “вёў справу на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на “ворагаў народа” і былых беларускіх нацыяналістаў, удзельнікаў антысавецкай змовы”. Пра гэта сведчаць дакументы з Архіва новых актаў у Варшаве, знойдзеныя даследчыкамі Беларускага інстытута публічнай гісторыі.

Адзін з калегаў ахарактарызаваў Быхоўскага “як садыста, здольнага сфабрыкаваць любую справу”. Яго метады ўключалі катаванні, фальсіфікацыю паказанняў і поўную адсутнасць маральных межаў.

У 1939 годзе і сам Быхоўскі трапіў пад махавік рэпрэсій. За катаванні і фальсіфікацыі яго асудзілі на 10 гадоў лагераў. Але ўжо у 1946 годзе ён  быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі «за добрую працу».

Потым працаваў начальнікам нагляднай службы ў Куйбышаўскай вобласці. У студзені 1951 года быў звольнены з МУС па ўласным жаданні. 

Міхась Чарот развітаўся з намі радкамі свайго апошняга верша, які пазней знайшлі на муры камеры паэта: “Мяне заціснулі за краты. Я прысягаю вам, сябры, Мае палі, Мае бары – Кажу вам – я не вінаваты! “

Фота тэлеграм-канала Беларускага інстытута публічнай гісторыі.