Гэты дзень у гісторыі: 30 красавіка

Міжнародны дзень джазу. Упершыню слова “джаз” было выкарастана ў друку 2 красавіка 1912 года.

30 красавіка 311 года кіраўнік Усходняй Рымскай імперыі, ганіцель хрысціян Галерый падпісаў эдыкт, які ўпершыню дазволіў насельніцтву адкрыта вызнаваць хрысціянства. Галерый “памяняў” свае перакананні з-за хваробы. Але спадзяванні яго не спраўдзіліся: праз некалькі дзён пасля падпісання эдыкта ён памёр.

30 красавіка  1881 года нарадзіўся Янка Журба (Іван Івашын; 1881-1964), беларускі паэт, этнограф, друкаваўся ў газеце “Наша ніва”, пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага “Бедныя людзі”.

30 красавіка 1900 года ЗША анэксіравалі Гавайскія астравы. З 1959 года сталі 50-м штатам. Ураджэнец Магілёва Мікалай Судзілоўскі (1850-1930) у 1900 г. быў абраны ў сенат Гавайскіх астровоў, а ў 1901 стаў першым прэзідэнтам Сенату – кіраўніком Гаваяў.

30 красавіка 1930 года ў Шанхаі (Кітай) памёр магілёвец Мікалай Судзілоўскі, урач, прыродазнаўца, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў у Еўропе, ЗША, Японіі, Кітаі, падарожнік, этнограф.

30 красавіка 1901 года ў Беларусі нарадзіўся амерыканскі эканаміст, Нобелеўскі лаўрэат Сайман Кузнец (1901-1985), аўтар паняцця “валавы ўнутраны прадукт”.

30 красавіка 1910 года па шляху ў Полацк, з Кіева ў Магілёў па Дняпры прыбыў параход “Галавачоў” з машчамі Еўфрасінні Полацкай. Рака з машчамі знаходзілася да 2 мая ў кафедральным Іосіфаўскім саборы, дзе праводзіліся літургіі і службы. Магілёў наведала 75 тысяч вернікаў.

30 красавіка 1921 года ўступіла ў дзеянне Рыжская мірная дамова, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі.

30 красавіка 1944 года ў СССР прынята пастанова аб адкрыцці школ рабочай моладзі (вячэрнія школы). Апошнія дзве вячэрнія школы ў Магілёве зачынілі ў 2013 г. Замест іх пры СШ 22 и 39 былі адчынены вячэрнія класы.

30 красавіка 1945 года ў сваім бункеры ў Берліне скончыў жыццё самагубствам Адольф Гітлер.

У ноч с 30 красавіка на 1 мая 1961 года на савецкай антарктычнай станцыі “Новалазараўская” урач Леанід Рагозаў сабе зрабіў аперыцыю па выдаленню апендыкса. Пад час аперацыі яму асістыраваў ураджэнец в. Сенькаўка Клімавіцкага раёна, палярны гідраметэаролаг Фёдар Кабат (1921-1995).

30 красавіка 1961 года ў Мінску ажаніўся будучы забойца прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі Лі Харві Освальд.

30 красавіка 1994 года набыла сілу Канстытуцыя Беларусі, прынятая 15 сакавіка.

30 красавіка 2012 года ў Горках пры падрыхтоўцы да правядзення рэспубліканскіх “Дажынак” узарвалі (20 кг узрыўчаткі) самую высокую ў краіне ваданапорную вежу (46 м).

30 красавіка 2022 года выпадае адразу некалькі магічных падзей: першае ў 2022-м сонечнае зацьменне, ведзьмін маладзік і Вальпургіева ноч. Прычым характэрна, што адзін маладзік у гэтым месяцы ўжо быў – 1 красавіка. Усе чараўнікі і чарадзеі вельмі чакаюць ведзьмін маладзік, таму што ён супаў з містычным святам вясны. Месяц пяройдзе ў знак Цяля ў 23:28.

Гэты дзень у гісторыі: 29 красавіка

29 красавіка – Міжнародны дзень танцу.

 29 красавіка 1386 года Вялікі князь смаленскі Святаслаў, які падтрымаў выступленне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, разгромлены пад Мсціславам.

29 красавіка 1831 года ў бітве пад Кейданамі паўстанцы разбілі расійскае войска.

29 красавіка 1863 года ў Расійскай імперыі часткова адменены цялесныя пакаранні – апублікаваны ўказ “Аб некаторых зменах у існуючай цяпер сістэме пакаранняў крымінальных і папраўчых”.

29 красавіка 1912 года нарадзіўся Мікола Ермаловіч (1921-2000), беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца, брат магілёўскага тэатральнага рэжысёра Валянціна Ермаловіча. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960-1980-х гг.

29 красавіка 1924 года памёр Міхаіл Пліс (1858-1924), праваслаўны святар, грамадска-культурны дзеяч, педагог, давераная асоба патрыярха Ціхана, член Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта, выкладач Закона Божага на беларускай мове, адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы.

29 красавіка 1931 года памёр Яўхім Карскі (1860/1961-1931), заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай АН, правадзейны член Інбелкульта, Чэшскай акадэміі навук.

29 красавіка 1936 года  на мясакамбінаце імя А. Мікаяна створаны рэцэпт каўбасы “Доктарская”: свініна, гавядзіна, яйкі курыныя, сухое малако, арэх мускатны.

29 красавіка 2002 года памёр Ігар Гермянчук (1961-2002), журналіст, грамадскі дзеяч, дэпутат ВС БССР 12 склікання, рэдактар газеты “Свабода”, заснавальнік часопісу “Кур’ер”.

29 красавіка 1967 года адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Няўлоўныыя мсціўцы”, у якой зняўся і ўраджэнец Беларусі Яфім Капелян.

29 красавіка 1940 года нарадзіўся Уладзімір Ганчарык, адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 г., набраў 15,65% галасоў (А. Лукашэнка – 75,65%) выбаршчыкаў.

29 красавіка 1962 года аршанскі завод “Легмаш” выпусціў мільённую швейную машыну (завод з 1945 г., выпуск швейных машын з 1952 г.)

29 красавіка 1982 года насельніцтва Кітая перавысіла рысу ў адзін міліярд чалавек. Зараз у Кітае 1,420 млрд. чалавек. Яго “даганяе” Індыя – 1,41 млрд. (у 1982 г. – 0,73 млрд.) і можа заняць 1 месца ў свеце па насельніцтву ў найбліжэйшыя месяцы.

29 красавіка 1987 года пачаліся беларуска-латышскія пратэсты супраць будаўніцтва Дзвінскай (Даўгаўпілскай) ГЭС.

Гэты дзень у гісторыі: 28 красавіка

28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы.

28 красавіка 1566 года распачаўся Берасцейскі сойм ВКЛ.

28 красавіка 1621 года праваслаўныя дзеячы Рэчы Паспалітай запатрабавалі аднаўлення Праваслаўнай Царквы.

28 красавіка 1798 года, падчас перамоў з Ватыканам, Павел І выдаў указ аб ўтварэнні Магілёўскага каталіцкага архібіскупства з 5 біскупствамі.

28 красавіка 1831 года памёр каталіцкі арцыбіскуп магілёўскі Каспар Цецішоўскі (1745-1831).

28 красавіка 1859 года нарадзіўся Кіпрыян Кандратовіч (1859-1932), вайсковы дзеяч, генерал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР, займаўся фарміраваннем беларускіх палкоў, віцэ-міністр абароны Летувы. Удзельнік руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг., кітайскай кампаніі (1900), руска-японскай, Першай сусветнай, аўтар вядомай кнігі “Плеўна і грэнадэры 28 лістапада 1877 г.”

28 красавіка 1864 года ў Магілёве пакараны смерцю Міхал Аскерка (1836-1864), лекар, дзеяч групоўкі “чырвоных” у паўстанні 1863-1864 гг., паўстанцкі камісар Магілёўскай і Менскай губерняў.

28 красавіка 1883 года скончыў жыццё самагубствам Уладзімір Кавалеўскі (1842-1883), беларускі сусветнавядомы прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., муж матэматыка Соф’і Кавалевской, брат заолога Аляксандра Кавалеўскага.

28 красавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР зацвердзіў беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і абавязковай ў Беларусі, прыняў пастанову аб адкрыцці ў Менску ўніверсітэту.

28 красавіка 1919 года  НКУС прыняў пастанову “Усе царкоўныя шлюбы лічыць несапраўднымі”.

28 красавіка 1919 года ў Вільні пачала выдавацца газэта “Беларуская думка”

28 красавіка 1945 года часткамі Чырвонай Арміі пачаўся штурм Рейхстага.

28 красавіка 1947 года польскія ўлады распачалі аперацыю “Вісла” па перасяленню няпольскага насельніцтва (украінцы, лемкі).

28 красавіка 1955 года пачалося будаўніцтва касмадрома Байканур у Казахстане, з якога ў зорны шлях адправілася 5 беларускіх касманаўтаў, у т.л. першая ў свеце жанчына-касманаўт.

28 красавіка 1983 года Палыкавіцкая крыніца пад Магілёвам атрымала статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

28 красавіка 1994 года быў абраны першы склад Канстытуцыйнага суду Беларусі.

28 красавіка 1996 года пабачыў свет пешы том «Беларускай Энцыклапедыі» (у 18 тамах).

28 красавіка 2007 года ў падвале Варонежскага ўніверсітэта супрацоўнікі навуковай бібліятэкі знайшлі дагэтуль невядомых 116 тамоў XVI ст., у т.л. запіскі Сігізмунда Герберштэйна з апісаннямі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Мікалаеў рыхтуецца да поўнамаштабнага ўварвання расейцаў. Латышоў, якія едуць па бязвізу ў Беларусь, папярэджваюць аб магчымых правакацыях


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Горад пакінула палова яго насельніцтва. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»)

Улады Мікалаева рыхтуюцца да поўнамаштабнага ўварвання ў горад расейскіх войскаў. Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча ў самім горадзе і ўскрайках узводзяцца фартыфікацыйныя збудаванні. Падвозіцца ваенная тэхніка, якую расейцы пакінулі адступаючы два месяцы таму.

«Мы бачым, што Расея перакідвае ўзбраенне і ваенныя рэсурсы праз Крым. Яны назапашваюць іх у Херсонскай вобласці. І так, мы чакаем нападу або аблогі гораду», – цытуе Сянкевіча інтэрнэт-выданне «ГОРДОН».

Мэр Мікалаева нагадвае, што «у сакавіку горад быў абложаны на дзве траціны», але ўзброеныя сілы Ўкраіны змаглі іх адкінуць«.

Адрамантаваць Днепра-Мікалаеўскі водаправод, які забяспечвае вадой горад немагчыма, бо месца пашкоджання пастаянна абстрэльваецца, адзначае старшыня Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.

«Месца, дзе трэба адрамантаваць трубу, знаходзіцца ў «шэрай» зоне паміж нашымі войскамі і расейскімі акупантамі, – цытуе яго выданне « Укрінфарм». – Там лінія агню, пастаянны абстрэл. Нават калі мы гэта выправім, ёсць верагоднасць, што ворагі ўзарвуць яго ў іншым месцы».

Мікалаеў без цэнтралізаванага водазабеспячэння ад 12 красавіка. Жыхарам прывозяць ваду ў цыстэрнах. Каб набраць яе людзі выстойваюць у чэргах. Развозяць ваду на грамадскім транспарце. Камунальнай службай запушчаны «водны трамвай», піша выданне «Николаевские новості»

Больніцы, як запэўнівае кіраўніцтва гораду, вадой забяспечаныя. Для іх выкапаныя калодзежы і прабіты свідравіны.


Каменскае, Украіна

(пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным)

У Каменскім збіраюцца адкрываць гарадскія паркі. Такія намеры мэр Андрэй Белавусаў патлумачыў тым, што ў горадзе шмат перасяленцаў з дзеці, якім трэба стварыць умовы, каб яны забылі хоць на хвіліну пра вайну, адзначае інфармацыйны рэсурс 5692.


Даўгаўпілс, Латвія

(горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск)

У Латвіі папярэджваюць грамадзян, якія збіраюцца скарыстацца абвешчаным афіцыйным Мінскам бязвізавым наведваннем Беларусі, аб магчымых там правакацыях.

Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае ваеннае ўварванне Расеі ва Ўкраіну, супраць Беларусі ўведзеныя міжнародныя санкцыі і няма падставаў лічыць, нібыта, бязвізавы рэжым уведзены з якісьці чалавекалюбных памкненняў, засцерагае Міністэрства замежных справаў Латвіі.

«Чалавек можа што-небудзь сфатаграфаваць, або сказаць і раптам будзе абвешчаны шпіёнам НАТА», – падае словы міністра замежных спраў Эдгара Рынкевіча выданне «Наша газета».

Афіцыйны Мінск сваё рашэнне аб часовым скасаванні візаў тлумачыць імкненнем умацаваць добрыя дачыненні з суседнімі краінамі і стымуляваць прыезд у Беларусь турыстаў.

У сувязі з існуючай эканамічнай сітуацыяй і павышэннем коштаў на энерганосьбіты ў Даўгаўпілсе падымаюць кошты на праезд у грамадскім транспарце. Яны заставаліся нязменнымі ад 2018 году.

Кошт перавозкі аднаго пасажыра ў 2021 годзе склаў 1,21 еўра. У цяперашні час кошт вырас да 1,50 еўра, піша  газета «Latgales Laiku». З 1 чэрвеня кошт адной паездкі складзе 70 цэнтраў. Пенсіянеры атрымаюць зніжку ў 50 еўрацэнтаў.

Паводле выдання штогод з бюджэту Даўгаўпілскага муніцыпалітэта аб’яднанню «Daugavpils satiksme» кампенсуюць страты ў памеры амаль шасці мільёнаў еўра.

У Даўгаўпілсе ахвотным узяць удзел у прыбіранні гораду трэба спачатку зарэгістравацца і атрымаць у камунальнікаў мяхі для смецця. Акрамя таго сабранае скмецьце варта даставіць у вызначаныя месцы, альбо пазначыць на адмысловай карце, дзе яго забраць. У адваротным выпадку камунальнікі яго не стануць вывозіць.

У Латвіі да Вялікай Талакі (Lielā Talka) можа далучыцца любы ахвотны, у якога ёсць жаданне ўпарадкаваць навакольнае вакол яго асяроддзя.

Як вынікае з публікацыі ў «Нашай газеты» удзельнічаць у «калектыўным суботніку» не прымушаюць і на яго збіраецца багата народу.


Айзенах, Германія

(Дамова аб пабрацімстве з Магілёвам падпісаная ў снежні 1996 году. Горад з насельніцтвам у 42 тысячы чалавек месціцца ў Цюрынгіі (адной з самых эканамічна развітых федэральных земляў на ўсходзе краіны). Дабрачынныя арганізацыі гораду дапамагалі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларусам. Арганізоўвалі аздараўляльныя паездкі для дзяцей, якія жылі на забруджаных радыяцыяй раёнах Магілёўшчыны)

У 2021 годзе 850 замежнікаў набылі ў Цюрынгіі грамадзянства Германіі. Паводле Дзяржаўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёну, гэта найбольшая колькасць натуралізаваных чужаземцаў ад 2000 года. У параўнанні з папярэднім годам, у якім было зарэгістравана 710 натуралізацыяў, рост склаў амаль 20 працэнтаў.

Як адзначае  інфармацыйны рэсурс Eisenachonline ў атрыманні грамадзянства Германіі першынство за сірыйцамі. Беларусы ў публікацыі не згадваюцца.

Фота мае ілюстрацыйны характар (крыніца: armyinform.com.ua)

 

Гэты дзень у гісторыі: 27 красавіка

27 красавіка 1347 года ў Вільні прыняў пакутніцкую смерць Антоній — адзін з трох віленскіх пакутнікаў (беларускія святыя Іаан, Антоній і Яўстафій. У ліпені 1993 г. часціцы мошчаў віленскіх пакутнікаў былі закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі сабор.

27 красавіка 1584 года памёр князь Мікалай Радзівіл YI Руды (1512-1584), ваенны, палітычны, рэгілійны і грамадскі дзеяч ВКЛ, распаўсюджвальнік на Беларусі ідэй кальвінізму, разграміў рускія войскі пад Улай (1564), блакаваў іх у Полацку (1564), выступаў супраць заключэння ўніі з Польшчай.

27 красавіка 1613 года заснаваны ўніяцкі кляштар ў Жыровіцах.

27 красавіка 1794 года пад  час паўстання Т. Касцюшкі, войскі ВКЛ пад камандаваннем Стэфана Грабоўскага разбілі расійскія войскі.

27 красавіка 1849 года нарадзіўся Вітольд Цэраскі (1849-1925), беларускі астраном, піянер астрафотаметрыі.

27 красавіка 1878 года нарадзіўся Станіслаў Любіч-Маеўскі (1878-1941), грамадска-культурны дзеяч, педагог. Расстраляны фашыстамі ў снежні 1941 г. Стваральнік арганізацыі “Кола беларускіх студэнтаў у Кракаве”, дырэктар гімназій ў шматлікіх гарадах Польшчы і Беларусі, аўтар 13 школьных дапаможнікаў, у т.л. беларускага буквара “Лемантар”.

27 красавіка 1900 года памёр Францішак Багушэвіч (1840-1900),  грамадскі дзеяч, паэт, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, адзін з першых ідэёлагаў беларускага нацыяналізму, удзельнік паўстаньня 1863 г.

27 красавіка 1917 года памёр Лазар Заменгоф, лекар, вынаходнік мовы эсперанта, ураджэнец Беластоку, жыхар Гродна і Варшавы.

27 красавіка 1919 года польскія войскі занялі Гродна, дзе знаходзіўся Урад БНР і беларускае войска.

27 красавіка 1919 года ў павятовым Магілеве, які ўвайшоў у склад Гомельскай губерні РСФСР, пачалася мабілізацыя гараджан на барацьбу з войскамі адмірала А. Калчака – героя Першай Сусветнай вайны, палярнага даследчыка-гідрографа.

27 красавіка 1927 года прынята пастанова УЦВК і СНК СССР “Аб прапісцы грамадзян ў гарадскіх пасяленнях”, паводле якога грамадзяне падлягалі прапісцы пры прыбыцці ў горад на тэрмін ад 3 сутак.

27 красавіка 1930 года нарадзіўся Май Данцыг (1930-2017), народны мастак Беларусі, старшыня грамадскай  камісіі па ставарэнні Мемарыяльнага комплекса “Яма” , віцэ-прэзідэнт Саюза беларускіх габрэйскіх арганізацый.

27 красавіка 1945 года войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі магутным апорным пунктам абароны пад Берлінам – г. Патсдам.

27 красавіка 1945 года Беларусь прынята ў склад дзяржаў-заснавальнікаў ААН.

27 красавіка 1947 года памёр Валянцін Таўлай, паэт, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху.

27 красавіка 1966 года беларус, ураджэнец Магілёўскай губерні, міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка стаў першым савецкім дзеячом, які сустрэўся з Папай Рымскім.

27 красавіка 1979 года ў Чавусах нарадзіўся Сяргей Новікаў, біятланіст, прызёр Алімпійскіх гульняў-2010, трохразовы чэмпіён універсіяды, двухразовы чэмпіён Еўропы.

27 красавіка 1992 года Беларусь стала членамі Міжнароднага валютнага фонду.

27 красавіка 2016 года заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ААТ “Магілёўхімвалакно” і Іванаўскім хіміка-тэхналагічным ўніверсітэтам.

27 красавіка 2018 года Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №4 адсвяткавала 40-годдзе з дня аснавання. У якасці падарунка атрымала новы сучасны корпус (Першамайская, 1А).

 

Гэты дзень у гісторыі: 25 красавіка

25 красавіка – да Новага года застаецца 250 дзён.

25 красавіка – Міжнародны дзень дачкі. Сусветны дзень ДНК.  Сусветны дзень пінгвінаў. Дзень евангеліста Святога Марка.

25 (12) красавіка – Дзень іконы Божай Маці Бялыніцкай (1634-1635).

25 красавіка 1547 года ў буйным пажары выгарэла ўшчэнт Масква.

25 красавіка1580 года ў Магілёве асвечана драўляная Мікалаеўская царква, пры якой ў 1636-1754 гадах дзейнічаў мужчынскі манастыр.

25 красавіка 1859 года рускім урадам забаронены друк кніг беларускай лацінкай.

25 красавіка·1901 года ў штаце Нью-Ёрк упершыню ў свеце ўвялі аўтамабільныя нумары. Першы аўтамабіль у Беларусі з’явіўся ў 1895 г. Нагадаем, што ў 1970-х-1992 гг. на нумарах першыя дзве з трох літар паказвалі рэгіён: Брэсцкая вобласць – БН, Віцебская – ВТ, Гомельская – ГС, Гродзенская – ГС, Мінская – МБ, Мінск – МИ. Сучасная вытворчасць аўтазнакаў знаходзіцца ў Ваўкавыску на базе папраўчай калоніі №11.

25 красавіка 1918 года фракцыя “Менскага беларускага прадстаўніцтва” на пасяджэнні Рады БНР ініцыявала прыняцце тэлеграмы кайзеру Вільгельму ІІ, у якой заяўлялася, што будучыню Беларусі яны бачаць пад апекай Германіі.

25 красавіка 1926 года ў в. Равячына (зараз у Горацкім раёне) нарадзіўся апошні кіраўнік ЦК КПБ, Герой Сацыялістычнай працы Яфрэм Сакалоў (1926-2022). У Горках на алее Славы Герояў у яго гонар усталяваны мемарыяльны знак, пасаджаны імянны каштан.

25 красавіка 1931 года было створана Беларускае аб’яднанне пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Зачынена ў 1932 г.

25 красавіка 1939 года нарадзілася тэлезорка, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, палымяная патрыётка і прапагандыстка роднага слова, мужная змагарка за незалежную беларускую Беларусь.

25 красавіка 1942 года ў Магілёве на пл. Савецкай (зараз – Славы) акупанты казнілі падпольшчыкаў Міхаіла Мяцёлкіна, Анатоля Ражкова, Паўла Хахлова.

25 красавіка 1946 года  ў Рэгенсбургу, ФРГ, адбыліся асвячэнне і першая служба ў беларускай праваслаўнай царкве.

25 красавіка 1949 года нарадзілася спявачка, народная артыстка Ядвіга Паплаўская.

25 красавіка 1964 года магілёўская карова Любік ацялілася сям’ю цялятамі. Рэкорд Кнігі Гінэса. Каровы целяцца звычайна адным цялём на год.

25 красавіка 1980 года Указам прэзідыума ВС СССР Магілёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны Першай ступені.

25 красавіка 1980 года званне Ганаровы грамадзянін Магілёва генерал-маёру Міхаілу Максімцаву (1909-1994), які ў чэрвені 1944 г. кіраваў пераправай праз Дняпро пры вызваленні Магілёва.

25 красавіка 2004 года адбыўся II Усебеларускі сход інтэлігенцыі.

фота: © Getty Images

Гэты дзень у гісторыі: 23 красавіка

23 красавікаДзень англійскай мовы ААН (з 2010 г., у гонар дня нараджэння У. Шэкспіра, 23 красавіка 1564 г.).

23 красавікаДзень іспанскай мовы ААН.

23 красавіка Міжнародны дзень кнігі і аўтарскага права. Устаноўлены ЮНЕСКА ў 1995 г. у памяць аб памерлых 16 красавіка 1616 г. Мігеля дэ Сервантэса, Вільяма Шэкспіра, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі.

23 красавіка 1586 года кароль і вялікі князь ВКЛ Стэфан Баторы надаў Нясвіжу Магдэбурскае права і герб. Першыя ў ВКЛ магдэбургскія гарады (на Беларусі больш за 50): Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391), Слуцк (1441), Кіеў (1494-1497), Полацк (1498), Мінск (1499), Магілёў (1561). Калі браць Расію, то было толькі 5 гарадоў з такім правам і то падчас знаходжання ў ВКЛ: Смаленск (1611), Невель, Себеж (1623), Дарагабуж (1625), бранскі Погар (1666).

23 красавіка 1793 года ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай цэнтральная частка беларускіх зямель далучана да Расіі, створана Мінская губерня (плошча 91,2 тыс. км²), якая праіснавала да 1921 года.

23 красавіка 1794 года войскі паўстанцаў на чале з Якуба Ясінскага авалодалі Вільняю. Утварылася Найвышэйшая літоўская рада — рэвалюцыйны ўрад ВКЛ падчас паўстання Т. Касцюшкі.

23 красавіка1886 года нарадзіўся Змітрок Бядуля (1886-1941), беларускі пісьменнік.

23 красавіка 1904 года нарадзіўся Паўлюк Трус (1904-1929), беларускі паэт.

23 красавіка 1917 года спектаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі ў Менскуадкрылася Першае беларускае таварыства драмы і камедыі.

23 красавіка 1919 года ў Магілёве адчынена першая працоўная музычная студыя.

23 красавіка 1944 года выйшаў Загад Асаавіахім БССР №105: “Магілёўскаму аблсавету абароннага таварыства падрыхтаваць 105 інструктараў па размініраванню і 1510 байцоў па размініраванню”.

23 красавіка 1950 года войска Чан Кайшы поўнасцю эвакуявалася з кантынэнтальнага Кітаю, пакінуўшы краіну пад уладаю камуністаў на чале з Мао Дзэ-дунам. Нявесткай генералісімуса і першага прэзідэнта Кітайскай Рэспублікі (Тайвань), жонкай прэзідэнта Цзян Цзінга (1978-1988) з’яўлялася Цзян Фанлян, або Фаіна Вахрава (1916-2004) – беларуска, якая нарадзілася ў Кацярынбурзе ў сям’і бежанцаў з Менску.

23 красавіка 1985 года Пленум ЦК КПСС узяў курс на перабудову, у выніку якой Беларусь набюыла незалежнасць.

23 красавіка 1997 года пабачыў свет першы нумар Магілёўскай інфармацыйнай газеты “Среда”.

23 красавіка 2007 года заснаваны беларускамоўны тэлеканал спадарожнікавага тэлебачання “Белсат”.

23 красавіка 1975 года званне “Ганаровы грамадзянін Магілёва” нададзена ўдзельнікам вызвалення Магілёва (1944) генерал-маёрам І. Кірылаву, А. Навумаву, Герою Сацыялістычнай Працы, заслужанаму будаўніку БССР П.Цімашэнку.

23 красавіка 2022 года – Вялікая Субота праваслаўных хрысціян.

23 красавіка ў Касцёле адзначаецца ўспамін аднаго з найбольш вядомых і легендарных святых — святога Юрыя.

 

Гэты дзень у гісторыі: 22 красавіка

22 красавіка – Міжнародны Дзень Зямлі. Святкуецца з 2009 года.

22 красавіка 1794 года пачалося антырасійскае паўстанне Т. Касцюшкі ў ВКЛ, якое ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

22 красавіка 1863 года каля мястэчка Азёры адбыўся бой паміж аддзелам Аляксандра Лянкевіча і расійскімі войскамі.

22 красавіка 1870 года нарадзіўся У. Ленін (1870-1924), стваральнік савецкай ідэалогіі, дзяржаўнасці. Самы папулярны беларускі персанаж, чэмпіён па колькасці помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, прадпрыемстваў у яго гонар. У Магілёве 3 помнікі, плошча, вуліца, бульвар, абласная бібліятэка яго імя, “Хімвалакно” імя У. Леніна і іншыя аб’екты.

22 красавіка 1879 года ў Магілёве нарадзіўся Леанід Мандэльштам (1879-1944), фізік, адзін з заснавальнікаў савецкай радыёфізікі, акадэмік АН СССР, намінант на Нобелеўскую прэмію (1930) за адкрыццё камбінацыйнага рассеянага святла.

22 красавіка 1891 года нарадзіўся Мікола Сака (1891-1927), амерыканскі рабочы-анархіст італьянскага паходжання. У гонар яго і ягонага паплечніка ў Магілёве названы завулкі Сака, Ванцэці паміж вуліцамі Касманаўтаў і Будаўнікоў.

22 красавіка 1915 года адбылося першае выкарыстанне хімічнай зброі. Германія выкарыстала хлор супраць англа-французскіх войск каля бельгійскага горада Іпр. Атраўленне атрымалі 15000, памерла 5000 чалавек.

22 красавіка 1918 года ў Савецкай Расіі ўведзена ўсеагульнае ваеннае навучанне працоўных – Усеобуч. У 1923 года быў адменены і адроджаны ў верасні 1941 года. Адгалоскам гэтай праграмы з’яўляюцца ваеназаваная піянерская гульня “Зарніца”, ваенныя кафедры пры ВНУ, вучэнні па грамадзянскай абароне.

22 красавіка 1921 года ў магілёўскай газете “Саха і молат” надрукавана патрабаванне да ўстаноў, грамадзян праводзіць уборку. Установы павінны яе ажыццяўляць за ўласныя сродкі, грамадзяне павіны наводзіць парадак ў сваіх дварах. Усіх тых, хто не падпарадкуецца прапаноўвалася выселяць на ўскраіны города, кватэры канфіскаваць на карысць рабочых.

22 красавіка 1931 года Саўнаркам СССР прыняў пастанову аб савецкім грамадзянстве. У саюзных рэспубліках свайго грамадзянства не прадугледжвалася.

22 красавіка 1937 года застрэліўся Язэп Адамовіч (1897-1937), беларускі  палітычны дзеяч, старшыня СНК БССР (1924-1927), актыўны дзеяч палітыкі беларусізацыі ў БССР, удзельнік узбуйненняў тэрыторыі БССР. Рэпрэсаваны.

22 красавіка 1954 года памёр Сяргей Сахараў (1880-1954), беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

22 красавіка 1994 года ў Мінску распачалася першая сустрэча беларускай моладзі свету.

22 красавіка 2006 года ў Магілёве закладзены першы камень у падмурак “SOS-Дзіцячая вёска”.

фота з адкрытых крыніц

Гэты дзень у гісторыі: 20 красавіка

20 красавіка – Дзень кітайскай мовы ў ААН.

20 красавіка 1626 года вечарам загарэўся Магілёў. Згарэлі цэнтр разам з недабудаванай ратушай, умацаванні Бліжняга Вала.

20 красавіка 1639 года Магілёўскі друкар Спірыдон Собаль выгнаны з Маскоўскай дзяржавы, дзе ў 1637-1639 гг. займаўся асветніцкай дзейнасцю, прадаў маскоўскаму выдаўцу Бурцаву-Пратапопаву шрыфты, планаваў адкрыццё друкарні і школы друкароў.

20 красавіка 1660 года нарадзіўся ваявода менскі, літаратар, фундатар Крыштап Завіша (1660-1721).

20 красавіка 1939 года на другі дзень пасля ўхвалення ЦК ВКП(б) і Саўнаркамам СССР пераноса сталіцы з Мінска,  ЦК КП(б)Б вызначыла тэрмін пераноса сталіцы ў Магілёў –  лістапад 1939 года.

20 красавіка 1855 года Яўстах Тышкевіч заклаў Музей старажытнасцяў у будынку бібліятэкі Віленскага ўніверсітэту.

20 красавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР выдаў “Часовы наказ мясцовым Беларускім Радам”.

20 красавіка 1918 года “Менскае беларускае прадстаўніцтва” дамаглося згоды германскага камандавання на стварэнне груп беларускіх саветнікаў пры акупацыйнай адміністрацыі – губернскіх і павятовых камендантах.

20 красавіка 1923 года Вацлаў Ластоўскі зышоў з пасады прэм’ер-міністра БНР.

20 красавіка 1910 года загінуў Сяргей Палуян (1890-1910), беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец, адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады.

20 красавіка 1960 года створана першае ў БССР Магілёўскае абласное  аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Пятром Шасцярыкавым.

20 красавіка 1986 года ў Мінску на Траецкім прадмесці некалькі дзясяткаў удзельнікаў Аўганскай вайны, нацкаваных камсамолам і КДБ, напалі на падлеткаў, што святкавалі Гуканьне вясны.

20 красавіка 2022 года Міжгародны вузел электрасувязі №2 філіяла “Міжгародная сувязь” праводзіць рамонтныя работы з перерапынкам вяшчання эфірнага тэлебачання на тэрыторыі Быхаўскага, Слаўгарадскага, Магілёўскага раёнаў у дзённы час з 09.15 да 15.00.

20 красавіка. У народзе –Акуліна.  Усходнія славяне лічылі, што ў гэты дзень прачынаюцца русалкі, з вады на белае святло паднімаюцца зірнуць і просяць у людзей палатна – атуліць голае цела. Яшчэ да зары некаторыя сялянкі прыносілі паношаную чыстую кашулю, ручнік ці кавалак палатніны, бо верылі, што дабром адгукнецца гэты клопат: русалкі засцерагуць ад глыбокай вады і іх, і мужа, і дзяцей.

 

Гэты дзень у гісторыі: 19 красавіка

19 красавіка – Дзень расійскай поліграфіі. Устаноўлены ў гонар ліцвінаў-беларусаў Іван Фёдарава (1510-1583) і Пятра Мсціслаўца (?-1577), якія ў  1563 г. пачалі друкаваць першую ў Маскоўскай дзяржаве друкаваную кнігу “Апостал”. Выданне пабачыла свет у Маскве 1 сакавіка 1564 года.

19 (9) красавіка 1655 года адбыўся штурм Магілёва войскамі вялікага гетмана Літоўскага Януша Радзівіла і польнага гетмана Вінцэнта Гансеўскага, які не даў станоўчых вынікаў.

19 красавіка 1734 года справаводам Магілёўскага магістрата абраны Юры Трубніцкі, адзін з аўтараў “Магілёўскай хронікі». Вёў запісы за 1701-1747 гг.

19 красавіка 1773 года ў Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай (адбыўся ў 1772 г.). Да Расіі адыйшлі беларускія землі ў 92 тыс. км² з 1 млн 300 тыс. чалавек – па Дзвіне, Дняпру, Сожу, уключая Віцебск, Полоцк, Мсціслаў, Магілёў, Гомель.

19 красавіка 1783 года прыняты Маніфест і адбылася анэксія Крымскага ханства Расійскай імперыяй пад час спецаперацыі Г. Пацёмкіна (з польска-літоўскай шляхты) па “уціхамірванню Крыма” 1782-1783 гг. На далучанай тэрыторыі ў 1784 г. утворана Таўрычаская вобласць.

19 красавіка 1881 года нарадзіўся Валянцін Волкаў (1881-1964), народны мастак БССР, прафесар, аўтар выяў герба БССР (1927, 1938), мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

19 красавіка 1881 года нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931), беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928-1931), яе акадэмік і акадэмік Усеўкраінскай акадэміі навук.

19 красавіка 1918 года ў Кіеве адбылося першае супольнае паседжанне прадстаўнікоў урадаў БНР і УНР аб межах і фармальным узаемным прызнанні, вырашаліся рознагалоссі ў дачыненні да Палесся. Дзеячы УНР прагнулі далучэння Мазыра і Гомеля.

19 красавіка 1924 года польскія ўлады зачынілі газету “Голас беларуса”, якая выдавалася ў Вільні 2 разы на тыдзень 14 лютага-19 красавіка 1924 г.

19 красавіка 1927 года заснаваны Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларусі.

19 красавіка 1939 года прынята пастанова ЦК ВКП(б) і Саўнаркама СССР “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы БССР». Пытанне аб пераносе сталіцы было пастаўлена яшчэ 16 снежня 1937 г. Пратаколам палітбюро № 56 ЦК ВКП(б) за 11 снежня 1937-21 студзеня 1938, у п. 114 запісана: “Прыняць прапанову… аб пераводзе сталіцы…”.

19 красавіка 1970 года на Волжскім аўтазаводзе (пабудаваны італьянцамі) на базе “ФІАТ” быў сабраны першы ВАЗ-2101 – у народзе “капейка”. У розных мадэфікацыях выраблена ў 1970-1988 гг. 4,85 млн аўтамабіляў. Аўтамабілі на базе ВАЗ-2101 выпускаліся да 17 верасня 2012 года.

19 красавіка 1980 года нарадзіўся Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ.

19 красавіка 2022 года –  Вялікі аўторак у праваслаўных хрысціян. У гэты дзень Ісус Хрыстос апошні раз прапаведаваў у Іерусалімскім храме. Пад забаронай любая весялосць, асабліва шлюб і святкаванне дня нараджэння. Не варта апранаць цёмнае адзенне – чорнае, сіняе і шэрае, але можна карычневае (сімвал зямлі).