Пад Чавусамі з помпай адкрылі ачышчальныя збудаванні

У вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна ўрачыста адкрылі новыя ачышчальныя збудаванні. Іх будаўніцтва і запуск – вынік супольных намаганняў мясцовых уладаў, дзяржаўных праграм і міжнародных грантаў на развіццё інфраструктуры, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. Але, мяркуем, што гэты спіс датычных чытаць трэба ззаду наперад – міжнародныя арганізацыі далі грошы пад дзяржаўныя праграмы, каб на гэтым прапіярыліся чыноўнікі.

– Новыя тэхналогіі ачышчэння – гэта крок да чыстай прыроды, паляпшэння якасці жыцця і экалагічнай бяспекі рэгіёна, – сцвярджае старшыня Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Канстанцін Цеплякоў.

А старшыня Чаускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч паведаміў, што кошт аб’екта склаў 760 тысяч беларускіх рублёў, а будаўніцтва было завершана за два з паловай месяцы.

Генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Магілёўаблвадаканал» Мікалай Краўцоў адзначыў, што новыя збудаванні будуць мець доўгатэрміновы станоўчы ўплыў на экалагічны стан рэгіёна.

Мясцовыя жыхары, калі верыць газеце “Магілёскія ведамасці”, выказалі падзяку за праведзеную працу і надзею, што падобныя ініцыятывы будуць працягвацца і ў іншых населеных пунктах раёна.

Чыноўнікі любяць атрымліваць падзякі і рэзаць чырвоныя стужачкі. Пры гэтым, не варта забываць, што будаўніцтва ачышчальных збудаванняў не подзвіг. Вядома ж, доля гераізму тут прысутнічае – трэба ж неяк налаўчыцца і не адрэзаць сабе палец –  але перш за ўсё гэта проста службовы абавязак.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

У Слаўгарадскім раёне з’явіліся два новыя помнікі прыроды

Дзве крыніцы ў Магілёўскай вобласці атрымалі статус гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння. 

Рашэннем Слаўгарадскага райвыканкама ўведзены меры аховы, забаронены дзеянні, якія пагражаюць унікальным прыродным тэрыторыіям.

Гаворка ідзе пра два гідралагічныя аб’екты — «Крыніца Шведава крыніца» і «Крыніца Дальнія Сажэлкі» — яны абвешчаны помнікамі прыроды мясцовага значэння, паведамляе БелТА. Абедзьве яны зняходзяцца каля вёскі Любаны.

  • плошча «Крыніцы “Шведава крыніца» — 0,7536 гектара;
  • плошча «Крыніцы “Дальнія Сажэлкі» — 1,5072 гектара;

Ёсць у Слаўгарадскім раёне яшчэ і «Блакітная крыніца», якая лічыцца найбуйнейшай крыніцай ва Усходняй Еўропе і таксама з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды, але рэспубліканскага значэння. Усяго ў Слаўгарадскім раёне налічваецца 24 крыніцы.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Электрацяпло ў Дрыбіне: выгадна, але не ўсім і не ўсюды

Жыхары Дрыбінскага раёна актыўна пераходзяць на электраацяпленне — зручна, экалагічна, эканамічна. Але ёсць істотныя нюансы і іх мноства.

Пераход на электраацяпленне — дзяржаўны прыярытэт. У апошнія гады Беларусь актыўна развівае сваю энергетычную інфраструктуру, асабліва пасля запуску БелАЭС. Сёння дастаткова падключанай сістэмы і стабільнага электразабеспячэння — і сучасныя канвектары ці «цёплыя падлогі» можна кантраляваць нават праз смартфон, сцвярджае дрыбінская раённая газета “Савецкая вёска” і рэкламуе электраацяпленне, акцэнтуючы ўвагу на яго перавагах:

  • не трэба купляць дровы ці вугаль;
  • не трэба сачыць за катлом;
  • няма неабходнасці падводзіць газ.

Да гэтага дадаюцца і іншыя плюсы: бяспека, экалагічнасць, таннасць. Але не ўсё так проста: на прыкладзе Дрыбінскага раёна відавочна, што не кожны ахвотны зможа перайсці на электраацяпленне. Прычына — недахоп магутнасці на лініях і… наяўнасць магчымасці газіфікацыі.

Тым, чые дамы стаяць у зонах, дзе праходзіць, альбо можна пракласці газаправод, пераход на электраацяпленне можа абысціся значна даражэй. Такія спажыўцы не маюць права карыстацца льготнымі тарыфамі на электраэнергію і мусяць аплачваць яе па агульных, завоблачных тарыфах.

Да таго ж, не ўсюды хапае магутнасцей ліній электраперадачы для такога пераходу.

Вось як гэта выглядае ў Дрыбінскім раёне:

  • 127 абанентаў атрымалі тэхнічныя ўмовы для падключэння электраацяплення;
  • 121 дом ужо падключаны;
  • 5 жыхарам адмоўлена — з-за недастатковай магутнасці электрасеткі.

Яшчэ адна лыжка дзёгцю ў бочцы мёду электраацяплення: спецыялісты РЭС не займаюцца ўнутраным мантажом — толькі праектаванне і падключэнне да знешніх сетак. Усё астатняе — праблема самога гаспадара.

Фота: “Савецкая вёска”.