Брутальныя кіраўскія мужыкі і дзяўчаты ў бел-чырвона-белых уборах – як прайшлі “Дажынкі” на Чыгірынцы

Кантрастна выглядала маляўнічая вёска на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў гэтыя выхадныя. Мясцовы люд у нацыянальных чырвона-белых строях і касцюмах чыноўнікаў бавілі час на раённых дажынках. Чыгірынскія запомняць гэты дзень на ўсё жыццё. 

Як распавядае раённая газета Кіравец, з самай раніцы ў цэнтральнай частцы Чыгірынкі была арганізавана работа гандлёвых шэрагаў харчовых і нехарчовых тавараў “Гандлёвае мястэчка”. Сельскагаспадарчыя падворкі аб’ядналі слоганам “Якія мы гаспадары, такія нашы і двары”. Традыцыйна на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі былі прадстаўлены самыя разнастайныя ўзоры сельгасмашын. А раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прадставіў імправізаваную зону бяспекі “МНС ЛЭНД”. 

Галоўнымі героямі і дзеючымі асобамі “Дажынак” сталі, вядома ж, хлебаробы, якія падчас уборачнай кампаніі гэтага сезону “з гонарам прайшлі нялёгкі шлях да Хлеба”. Героі жніва-2022 прайшлі ў калоне на святочным шэсці “Гонар і шчодрасць зямлі Кіраўскай”. Брутальнасць вясковых мужыкоў у касцюмах чыноўнікаў адцянялі дзяўчаты і кабеты ў нацыянальных строях. Традыцыйныя бел-чырвона-белыя касцюмы сталі самымі яркімі фарбамі свята. 

А яшчэ было шмат тэматычных выставак: “Будзе хлеб – будзе і песня”, “Свята садавіны і агародніны”, “Сядзіба рыбака”, “Мая гістарычная спадчына”, “Кветкі восені”, “Бульбашы ў Чыгірынцы на кірмашы”, “Тэрыторыя творчасці”, “Рамёствы маёй Радзімы”. 

Таксама ўвагу гасцей свята прыцягнула брутальная мужчынская рубка. Гэта на базе Чыгірынскага лясніцтва прайшла “Бітва лесарубаў”.  

Завершылі свята канцэртная праграма, вячэрняя дыскатэка і святочны феерверк. Куды ж без іх. А на памяць пра свята дзецям засталася і спецыяльная дзіцячая спартовая пляцоўка. 

Старшыня аблвыканкаму ў “дажынкаўскім” Слаўгарадзе з інспекцыяй – крытыкуе і патрабуе

Слаўгарад рыхтуюць да абласных «Дажынак». Дата іх правядзення застаецца невядомай.

Кіраўнік абласной уладнай вертыкалі выправіўся ў райцэнтр аглядаць зробленае да іх. Гатоўнасцю гораду да фестываля працаўнікоў сяла Анатоль Ісачанка не задаволіўся.

Па словах жыхароў Слаўгарада, горад цяпер суцэльная будоўля. Будынкі сацыяльнай інфраструктуры перарабляюць. Будаўнікі стараюцца працы найхутчэй скончыць, кажуць гараджане.

slavgorod.by

Анатоль Ісачанка ж пабываў на рэканструкцыі паліклінікі раённай больніцы, якую рамантуюць ужо год, а таксама раённага Цэнтру культуры і народнай творчасці.

Мясцовая раёнка «Прысожскі край» называе візіт чыноўніка інспекцыяй. Паводле выдання Ісачанка скрытыкаваў «невыкананне тэрмінаў здачы аб’ектаў, у той час як фінансаванне работ было забяспечана» ды «адзначыў нізкую якасць будаўнічых работ ва ўстановах аховы здароўя, што хвалюе насельніцтва рэгіёну».

Кіраўнікам будаўнічых арганізацыяў, членам арганізацыйнага камітэту Магілёўскага аблвыканкаму, Слаўгарадскага раённага штабу па каардынацыі работ па правядзенні «Дажынак» Ісачанка загадаў у найкарацейшыя тэрміны выправіць хібы падрыхтоўкі гораду да «Дажынак».

slavgorod.by

Дата правядзення фестывалю не называецца. Не агучваецца і бюджэт, закладзены на падрыхтоўку гораду да «Дажынак». У публікацыях праўладных мэдыяў згадваюцца толькі сумы некаторых з аб’ектаў.

Адзначаецца, што ў працы ўцягнутыя ўсе арганізацыі райцэнтру, а таксама ёсць адкамандзіраваныя з вобласці. Мясцовае насельніцтва чакае завяршэння будаўнічых прац і самаго фэсту, бо маштабныя святы ў Слаўгарадзе ладзяцца зрэдку.