Дзень у гісторыі: 5 жніўня. Беларусы разбілі татараў пад Клецкам. Акупацыя Магілёўшчыны Расійскай імперыяй. Не стала паўстанцаў Рамуальда Траўгута і Валерыя Урублеўскага. Нарадзіліся: мовазнаўца Аркадзь Жураўскі, літаратуразнаўца Віталь Скалабан

Міжнародны дзень піва.

Неафіцыйная дата. Адзначаецца ў першую пятніцу жніўня.

Першы Дзень піва адбыўся ў 2007 годзе ў Санта-Крузе (Каліфорнія, ЗША). Тады гэта быў мясцовы фестываль. З цягам часу ён пераўтварыўся ў міжнароднае свята, якое адзначаецца ў дзясятках краінаў.

У гэты дзень удзельнікі святкавання частуюць адзін аднаго півам, а ў сувязі з яго «міжнароднасцю», ласуюцца півам, звараным паводле рэцэптах чужых культураў. Дэгустуюць новыя або рэдкія гатункі піва.

Беларусы гатуюць і ўжываюць піва з Х стагоддзя.

1506 год. Войска Вялікага Княства Літоўскага, ачоленае Міхаілам Глінскім, разбіла пад Клецкам аддзелы Крымскага ханства Менглі-Гірэя.

Было вызвалена блізу 40 тысяч нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым. Захоплена 30 тысяч коней.

Хан Менглі-Гірэй стаў на пэўны час саюзнікам Вялікага Княства Літоўскага.

На месцы бітвы стаіць помнік.

 

1772 год. У Пецярбургу абвясцілі маніфест аб падзеле Рэчы Паспалітай.

Ён быў складзены на падставе сакрэтнай венскай дамовы 19 лютага 1772 года паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

Арміі трох дзяржаваў уварваліся на тэрыторыю краіны.

Ад 1772 да 1795 года адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай. У выніку яна знікла з палітычнай карты Еўропы.

У першы падзел частка Магілёўшчыны была акупаваная Расійскай імперыяй. Па другім падзеле пад уладу Расіі трапіла ўсё Магілёўскае Падняпроўе.

У афіцыйнай гістарыяграфіі акупацыю беларускіх земляў Расіяй падчас падзелу Рэчы Паспалітай называюць далучэннем.

1864 год. Павешаны Рамуальд Траўгут, удзельнік паўстання Каліноўскага.

У красавіку 1863 сфармаваў і ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. Тройчы нанёс паражэнне расійскім карным вайсковым аддзелам.

Шмат зрабіў для пашырэння сацыяльнай базы паўстання, надання яму размаху, рэарганізацыі ўзброеных сіл інсургентаў.

Арыштаваны 30 сакавіка 1864. Паводле выраку ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

У 1928 у мястэчку Свіслач яму ў міжваеннай Польшчы паставілі помнік. У 1989-ым ён быў адноўлены.

1908 год. Памёр Валерый Урублеўскі.

Беларускі і польскі рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 году.

Начальнік штабу паўстанцаў, камандуючы сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. Генерал, камандуючы арміяй Парыжскай Камуны (1871).

Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў.

У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

1924 года. Нарадзіўся Аркадзь Жураўскі.

Беларускі мовазнавец.

Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытуту мовазнаўства імя Я. Коласа. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства.

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага. 1941 год. Загінуў Алесь Пруднікаў.

Беларускі паэт.

Будаваў чыгунку Асіповічы – Магілёў – Раслаўль, працаваў у Дзяржвыдавецтве, БелТА, ва ўстановах адукацыі.

У сакавіку 1933 году быў арыштаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў. Праз восем месяцаў вызвалены з турмы і адразу адпраўлены ў армію.

Актыўны барацьбіт за беларусізацыю. Суаўтар артыкула пра знойдзены скарб старажытных манет у вёсцы Стары Дзедзін. Скарб лічыцца самым вялікім у Магілёўскай вобласці і адным з найстаражытнейшых у краіне. Манеты датаваныя 980-985 гадамі.


1947 год. Нарадзіўся Віталь Скалабан.

Беларускі гісторык, літаратуразнавец.

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху, культуры XIX – пачатку XX стагоддзяў, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

Суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх тэлефільмаў.

1947 год. Нарадзіўся Віктар Маркавец.

Беларускі мастак-жывапісец.

Быў удзельнікам дысідэнцкай групы беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Быў сябрам незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня».

У яго творчай майстэрні ладзіліся першыя паседжанні Сойму БНФ «Адраджэньне».

Рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Аўтар серыі работ, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Дзень у гісторыі: 4 жніўня. Ува Францыі пачаў караляваць праўнук легендарнай беларускі Рагнеды. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт. Пачалося вызваленне Полацку ад маскоўцаў. Нарадзіўся Янка Брыль, які лічыў, што беларусу трэба загадаць ім быць

1060 год. Ува Францыі пачаў караляваць Філіп I.

Ён быў прадстаўніком дынастыі Капетынгаў, сынам караля Генрыха I і Ганны Кіеўскай, якая была ўнучкай беларускай княжны Рагнеды і праўнучкі князя Рагвалода. Рагнеда – продак амаль 30 францускіх каралёў.

Рагнеда – летапісная легенда беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў ейнага бацьку Рагвалода і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Сама Рагнета прыняла хрысціянства і стала першай беларускай манашкай.

1392 год. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт Кейстутавіч.

Вітаўт Вялікі – знакавы валадар Вялікага Княства Літоўскага. Яго лічылі гаспадаром Літвы, так у сярэднявеччы называлі беларускія землі. За ім дзяржава дасягнула наймагутнейшай велічы.

Дзеля ўмацавання сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў – у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падоллі.

У дачыненнях з Тэўтонскім ордэнам ён мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасці разменнай манеты. Па бітве пад Грунвальдам цяперашняя Летува была прыгорнутая Вялікім Княствам, тэрыторыя якога на той момант прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мораў.

1579 год. Войскі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя ўзялі ў аблогу Полацк, каб выбіць адтуль маскоўцаў.

30 жніўня войскі Івана IV капітулявалі.

Полацк пад акупацыяй маскоўскага цара Івана, празванага беларусамі Жахлівым, быў больш за шаснаццаць гадоў – ад 1563 да 1579 года. Старажытную сталіцу краю маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам заваёвы Беларусі.

За валадараннем Стэфана Баторага Магілёў атрымаў прывілей на самакіраванне – Магдэбургскае права.

1777 год. У Лондане адкрылі першы ў свеце цырк Філіпа Эстлі «Амфітэатр Эстлі». 

Будынак меў купалападобны дах, круглую глядацкую залу, манеж, аркестр, сцэну.

У Беларусі да Другой сусветнай вайны цырк быў і ў Магілёве. Ён стаяў на Дняпроўскім праспекце (цяпер вуліца Першамайская) насупраць сабора святога Іосіфа (зруйнаваны і на яго месцы ўзведзеная гасцініца Дняпро). 

У вайну цырк згарэў. Ацалела ўваходная арка, з якой зрабілі па вайне Трыумфальную з пазначэннем войск, якія вызвалялі ад нацыстаў горад. На ўрачыстыя падзеі да гэтай аркі ўскладаюць вянкі.

1917 год – нарадзіўся Янка Брыль.

Народны пісьменнік Беларусі. Быў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, які ліквідавалі ўлады. 

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. 

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

нікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненнай вёскі…».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

1922 год. Пакладзены пачатак архіўнай справы Беларусі.

Прэзідыумам ЦВК БССР былі прыняты пастановы «Аб архіве», «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі», створаны Цэнтральны архіў Беларусі.

У Магілёве абласны архіў размясцілі на ўскрайку гораду, на вуліцы Чалюскінцаў.

1946 год. Нарадзілася Вікторыя Мазур.

Вядучая салістка беларускай аперэты. Народная артыстка Беларусі, выхаванка Магілёўскага музычнага вучылішча. Прыма Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру.

 1947 год. Нарадзіўся Мікалай Селяшчук.

Беларускі мастак, афарміцель кніг.

Аздабляў кнігі вядомых беларускіх аўтараў, імкнуўся да стварэння вобразаў-ідэяў, а яго карціны, па словах крытыкаў, нагадваюць тэатр.

Творы аўтара экспанаваліся і захоўваюцца ў больш чым 20 краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Пабачыць яго карціны можна і ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленнікава. 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.

Дзень у гісторыі: 3 жніўня. Пачатак «Рэйкавай вайны». Нарадзіліся медык, дзеяч беларускай эміграцыі Баляслаў Грабінскі і біятланістка Дар’я Домрачава. Памёр Янка Маўр, аўтар «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі»

1615 год. Памёр Крыштаф Дарагастайскі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, доктар медыцыны.

Падарожнік па Еўропе. Ганаровы грамадзянін Венецыі. Герой Інфлянцкай вайны. 

Непахісны абаронца свабодаў пратэстантаў. Аўтар кніг энцыклапедычнага зместу пра коней, па конегадоўлі, коннай яздзе, ветэрынарыі – «Гіпіка».

1943 год. Пачалася партызанская аперацыі «Рэйкавая вайна».

Умоўная назва дзеянняў партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыгуначных камунікацый.

Аперацыя праводзілася на тэрыторыі ў 1000 км па фронту і 750 км углыб. За першую ноч аперацыі ў Беларусі, Латвіі, Літве, Украіне, Арлоўскай, Бранскай, Смаленскай, Калінінскай, Ленінградскай абласцях Расіі 67 партызанскімі атрадамі ўзарвана 42 тысяч рэек.

1899 год. Нарадзіўся Баляслаў Грабінскі.

Медык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Старшыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, Беларуска-амерыканскага згуртавання.

Першым заўважыў пад час падарожжа ў Італію «Партрэт Скарыны ў Падуі», зроблены ў 1942 годзе італьянскім мастаком Джакома Форна ў «Зале Сарака» славутага Падуанскага ўніверсітэту.

1968 год. Памёр ураджэнец беларускага мястэчка Целяханы Канстанцін Ракасоўскі.

Савецкі ваеначальнік.

У жніўні 1937 года Ракасоўскі быў арыштаваны па абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі, стаўшы ахвярай ілжывых паказанняў. 

Два з паловай гады правёў пад следствам. Яго ўтрымлівалі ва Унутранай турме Упраўлення дзяржбяспекі, жорстка катавалі і білі.

У 1940 годзе Ракасоўскі быў вызвалены, у сувязі са спыненнем справы і рэабілітаваны.

Палкаводчы аўтарытэт Ракасоўскі набыў у бітве пад Масквой. Паспяховым быў яго ўдзел у бітве за Сталінград і на Курскай дузе. Ягоны талент раскрыўся падчас аперацыі «Багратыён», у выніку якой ад нацыстаў вызвалілі Беларусь.

1971 год. Памёр Янка Маўр.

Пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці.

Аўтар славутых «Палескіх рабінзонаў» і «У краіне райскай птушкі». Яго ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру каштоўны тым, што ён як першаадкрывальнік і першапраходца вызначыў далейшыя яе кірунак і развіццё. Яму ўдалося пашырыць часавыя і прасторавыя межы беларускай дзіцячай літаратуры.

Творы Янкі Маўра перакладзены на шматлікія мовы і выдаваліся ў розных краінах, у тым ліку ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

1986 год. Нарадзілася Дарʼя Домрачава.

Беларуская біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету. Уладальніца некалькіх малых Крыштальных глобусаў, пераможца Кубка свету па біятлоне. Самая тытулаваная спартсменка Беларусі ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Герой Беларусі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.