Паслядоўніца Чарльза Мэнсана можа выйсці на волю пасля 50 гадоў турмы

19-гадовая Лэслі Ван Хаўтэн удзельнічала ў забойстве бакалейшчыка Лена Лаб’янкі і яго жонкі Размары ў 1969 годзе. Зараз ёй 72 гады і праз пару тыдняў яна можа выйсці па ўмоўна-датэрміновым вызваленні – піша The Guardian.

Забойства бандай Чарльза Мэнсана – якую прынята таксама называць дэструктыўнай сектай, а самі яны называлі Сям’ёй – некалькіх чалавек у 1969 годзе стала адной з самых гучных крымінальных гісторый у масавай свядомасці. Сярод ахвяр секты была жонка знакамітага рэжысёра Рамана Паланскі актрыса Шэран Тэйт на дзявятым месяцы цяжарнасці. Усяго банда Мэнсана забіла сама меней дзевяць чалавек. 9 жніўня 1969 года імі была забітая сямейная пара Лаб’янка, Лена і яго жонка Размары.

У дзень забойства сям’і Лаб’янка група ўдзельнікаў секты Мэнсана на чале з ім самім некалькі гадзін кружыла па Лос-Анджэлесе ў пошуках выпадковых ахвяр. Позна вечарам група спынілася каля прыватнага дома, які належаў уладальнікам сеткі невялікіх крам – Лена і Размары Лаб’янка. Мэнсан і галоўны злачынца ў бандзе Тэкс Уотсан праніклі ў дом, напалі на гаспадароў, звязалі іх і заткнулі ім раты. Пасля гэтага сам Мэнсан і яшчэ трое ўдзельнікаў з’ехалі, а да Тэкса Уотсана далучыліся Патрыцыя Крэнуінкл і Лэслі Ван Хаўтэн. Тэкс забіў Лена Лаб’янка, а наверсе ў спальні Ван Хаўтэн і С’юзан Аткінс спрабавалі забіць Размары, але тая вырвалася. Тэкс, які прыйшоў на дапамогу, дапамог паваліць Размары Ла-Б’янка, пасля чаго Ван Хаўтэн забіла яе нажом.

У 1971 годзе Лэслі Ван Хаўтэн разам з іншымі членамі секты Мэнсана была асуджаная да смяротнага пакарання, якое ў 1972 годзе ёй замянілі на пажыццёвае зняволенне. 

Злева направа – Сьюзан Аткінсан, Патрыцыя Крэнуінкл і Лэслі Ван Хаўтэн падчас суда. Фота: Anonymous/AP

На працягу наступных дзесяцігоддзяў Ван Хаўтэн некалькі разоў падавала на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, і нягледзячы на чатырохразовае станоўчае рашэнне камісіі па вызваленні, яе выхад на волю блакіраваўся рашэннем губернатара штата Каліфорнія.

Цяпер жа, на пяты раз, губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам абвясціў, што не будзе прасіць Вярхоўны суд штата заблакіраваць умоўна-датэрміновае вызваленне Ван Хаўтэн. Гэта адкрывае ёй магчымасць выйсці з турмы ўжо на працягу бліжэйшых тыдняў.

Фота: Stan Lim/AP