Літва плануе першай абвясціць пра выхад з электрычнага кальца, якім яна злучаная з Беларуссю

Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва на сённяшні дзень маюць адзіны сінхронны рэжым работы энергетычных сістэм. Ён называецца БРЭЛЛ – ад першых літар гэтых краін – і быў прыняты ў 2001 годзе. БРЭЛЛ прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх пяці дзяржаў ва ўмоўнае электрычнае кальцо, для якога ўстаноўлены агульныя прынцыпы арганізацыі сумеснай работы, абмен электраэнергіяй і падтрымку адна адной рэзервамі ў выпадку аварыйных сітуацый.

Тым часам літоўская энергасістэма ўжо падрыхтаваная да сінхранізацыі з энергасістэмамі кантынентальнай Еўропы ў наступным годзе, заявіў старшы саветнік прэзідэнта па пытаннях нацыянальнай бяспекі Кястуціс Будрыс – піша Delfi. Ён даў зразумець, што Літва будзе чакаць Латвіі і Эстоніі, а ў лютым 2025 года сінхранізуецца з электрасеткамі Заходняй Еўропы.

Будрыс зазначыў, што Латвія і Эстонія “палітычна дэкларуюць, што яны таксама будуць гатовы да сінхранізацыі ў лютым 2025 года”. Для таго, каб выканаць усе фармальнасці па выхаду з БРЭЛЛ, Літва павінна абвясціць пра выхад з дамовы за поўгады да рэальнага пераключэння на еўрапейскую энергасістэму – гэта значыць, у жніўні 2024 года. 

Кіраўнік літоўскага аператара сістэмы электраперадачы Litgrid Рокас Масюліс пры гэтым лічыць, што Літва – адзіная з краін Балтыі, якая сур’ёзна падрыхтавалася да сінхранізацыі электрасістэмы з заходнімі сеткамі і адключэння ад кантралюемага Расіяй энергакальца БРЭЛЛ. У той час як суседнія Латвія і Эстонія, на яго думку, дэталёва не прадумалі гэтае пытанне.

“У нас складваецца ўражанне, што ні латвійцы, ні эстонцы не прадумалі дэталёва, як яны будуць адключацца ад Расіі, таму што яны не вывучылі як след пагадненне і не падрыхтавалі вельмі дакладнага плана, як гэта будзе адбывацца” – прыводзіць словы Р. Масюліса Delfi.

Раней меркавалася, што Літва можа адключыцца ад адзінай з Беларуссю і Расіяй энергасістэмы ўжо з пачатку наступнага, 2024 года. Тады ёй ужо ў бягучым жніўні трэба было абвясціць пра дэнансацыю дамовы 2001 года і выходзіць самастойна. Аднак было вырашана пачакаць поўнай гатоўнасці Латвіі і Эстоніі і ажыццявіць сумеснае адключэнне ў лютым 2025 года. 

Вядома, што продаж электраэнергіі Літве і краінам Балтыі з’яўляўся адной з стратэгічных мэт падчас прыняцця рашэння аб будаўніцтве Беларускай АЭС пад Астраўцом.

Фота: bellona.ru