«Прачнуліся ад таго, што трэсліся сцены, думалі вайна». Рэакцыя жыхароў Гомельшчыны на абстрэл Украіны

Раніцай 28 ліпеня з Беларусі расійскія войскі абстралялі Ўкраіну.

Паводле аператыўнага камандавання «Поўнач» з тэрыторыі аэрадрому «Зябраўка» было выпушчана 20 ракет з зенітна-ракетнага комплексу «С 300/С 400». Яны ўзарваліся ў раёне Ганчароўскай тэрытарыяльнай абшчыны Чарнігаўскага вобласці.

«Ёсць страты сярод асабовага складу, якія ўдакладняюцца», адзначана на старонцы аператыўнага камандавання «Поўнач» у Фэйсбуку.

Па Ўкраіне стралялі адразу пасля 5 гадзінаў раніцы. Жыхары прылеглых да аэрадрому «Зябраўка» паселішчаў кажуць, што іх разбудзіў «страшэнны грукат, сцены трэсліся». Па іх словах, «усе думалі, што пачалася вайна».

«Людзі выскоквалі на вуліцу хто быў у чым. Некаторыя выцягвалі з хат каштоўныя для іх рэчы. Старыя крычалі і плакалі», – згадваюць падзеі раніцы жыхары, прылеглых да аэрадрому  мясцін.