Дзень у гісторыі: 5 верасня. Нарадзіўся Майкл Дуглас, бальшавікі пачалі “Чырвоны тэрор”

Міжнародны дзень дабрачыннасці.

Адзначаецца з 2013 году. Заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН, каб звярнуць увагу грамадскасці на ролю дабрачынных арганізацыяў і асобных людзей у пераадоленні агульначалавечых праблем і цяжкасцяў.

Міжнародны дзень дабрачыннасці супадае з гадавінай смерці Маці Тэрэзы Калькуцкай, якая прысвяціла жыццё служэнню бедным і хворым. 

У 1979 годзе ёй была ўручана Нобелеўская прэмія за ўнёсак у барацьбу з беднасцю. Манашка аддала ўсе грошы абяздоленым у Індыі. 

У 2003 годзе яна была абвешчана багаслаўлёнай, а 4 верасня 2016 году далучана да спісу святых Рыма-каталіцкага Касцёлу.

маци тэрэза

1860 год. Нарадзіўся Кандрат Лейка.

Пісьменнік, празаік, драматург і педагог.

Друкаваўся ў газетах «Наша ніва», «Наша думка» і «Беларускі календар». Выдаў п’есу «Снатворны мак» – першую для беларускага лялечнага тэатру.

У 2015 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» пабачыў свет яго зборнік «Пан Трудоўскі».

Кандрат Лейка

1893 год. Нарадзіўся Язэп Фарботка.

Нацыянальны дзеяч, паэт, фатограф, навуковец.

У 1918–1920 гадах далучыўся да беларускага палітычнага і культурнага руху.

У 1918 годзе быў кансультантам і кіраўніком справамі беларускай дэлегацыі на перамовах з Украінскай Народнай Рэспублікай, дзе абмяркоўваліся вайскова-палітычныя пытанні і эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Украіны.

Па Другой сусветнай вайне быў арыштаваны і сасланы на Данбас. У канцы 1945 году пасяліўся ў Лодзі (Польшча).

Удзельнік клуба «Беларуская хатка», служыў акторам, адміністратарам у «Беларускім савецкім тэатры».

Першыя вершы надрукаваў у газеце “Наша Ніва” у 1912 годзе – «Зацьменне» і «Зруйнаваў». Пераклаў урывак «Пана Тадэвуша» на беларускую мову.

Займаўся мастацкай фатаграфіяй у «Віленскім фотаклубе» Яна Булгака.

Язэп Фарботка

1917 год. Нарадзіўся Язэп Сажыч.

Грамадска-палітычны дзеяч. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1982-1997).

Адзін з заснавальнікаў аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночання ў штаце Мічыган. 

З 1953 году сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртавання беларускіх ветэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах ветэранаў пры Радзе БНР.

У сакавіку 1993 году браў удзел у святкаванні 75-й гадавіны незалежнасці Беларусі ў Мінску.

Памёр 19 лістапада 2007 года ў Сэнт-Клэр-Шорз, Мічыган. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША).

Язэп Сажыч

1918 год. Саўнаркам бальшавіцкай Расіі выдаў пастанову «О красном терроре».

Згодна з ёю «падпадалі пад расстрэл усе асобы, датычныя да белагвардзейскіх арганізацый, змоваў і мяцяжоў».

У 1917-1922 гадах было расстраляна 140 тысяч чалавек.

красный террор

1937 год. Расстраляны Анатоль Дзяркач (Зіміёнка).

Беларускі паэт, сатырык, гумарыст, мемуарыст.

Служыў у земскай і гарадской управах у Мінску. Член партыі эсэраў. У 1908 годзе арыштаваны, адпраўлены ў ссылку.

Пасля “Лютаўскай рэвалюцыі” у Расіі ў 1917 служыў у мінскіх адміністрацыйных органах Часовага ўраду.

Працаваў у газетах «Беларуская вёска» і «Піянер Беларусі». З 1924 рэдагаваў сатырычны часопіс «Дубінка» (дадатак да газеты «Звязда»). Працаваў таксама ў часопісе «Полымя».

Член Саюзу пісьменнікаў савецкай Беларусі з 1934 году.

Арыштаваны савецкімі органамі ў 1936 годзе і ў 1937-ым расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Анатоль Дзяркач

1944 год. Нарадзіўся Майкл Дуглас.

Амерыканскі актор, сын актора Кірка Дугласа (Даніловіча), ураджэнца Беларусі, з Чавус.

Сусветна вядомы па ролях у фільмах «Ракавая жарсць» ды «Асноўны інстынкт», прадзюсар фільму «Палёт над гняздом зязюлі».

Уладальнік некалькіх прэмій «Оскар».

Майкл Дуглас

2002 год. Памёр Артур Вольскі.

Пісьменнік.

Працаваў дырэктарам Дому літаратара, рэдактарам выдавецтва «Юнацтва».

Аўтар зборнікаў, кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей, пʼес, сцэнароў.

Перакладчык з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыту.

Бацька беларускага спявака Лявона Вольскага.

Артур Вольскі

2017 год. Сярэдняй школе №21 Магілёва прысвоена імя вядомага вучонага-краязнаўцы Пятра Лярскага. 

На будынку навучальнай установы з’явілася адпаведная шыльда. Ініцыятарам гэтага праекта стаў Магілёўскі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Ініцыятыву падтрымала тапанімічная камісія пры гарвыканкаме і працоўны калектыў СШ №21, побач з якой знаходзіцца дом, дзе жыў вядомы вучоны, а таксама корпус факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржуніверсітэта, дзе доўгі час працаваў Пётр Лярскі.

Пётр Лярскі

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў