Дзень у гісторыі: 10 верасня. Магілёў прысягае Расіі. Створана ЗБС «Бацькаўшчына»

Сусветны дзень прадухілення самагубстваў.

Заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і адзначаецца ад 2003 году.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць прадухіленне самагубстваў прыярытэтам грамадскай аховы здароўя.

Асноўныя прычыны самагубстваў: жабрацтва, беспрацоўе, страх, душэўныя хваробы, праблемы ў сям’і, пакуты, цяжкія захворванні, дыскрымінацыя.

На думку экспертаў, ніводзін асобна ўзяты фактар не можа ў поўнай меры вытлумачыць, чаму чалавек учыніў самагубства. Суіцыдальныя паводзіны – складаны феномен, які трымаецца на асабістых, сацыяльных, псіхалагічных, культурных, біялагічных і асяродкавых фактарах.

Прадухіленне самагубстваў

1772 год. Магілёў прысягае Расіі

У кафедральнай Спаскай царкве жыхары Магілёва далі прысягу на вернасць і паслухмянасць расійскай імператрыцы Кацярыне і яе спадчынніку Паўлу Пятровічу.

Расія, Аўстрыя і Прусія паставілі Рэч Паспалітай перад фактам падзелу яе тэрыторыі 18 верасня, патрабуючы склікання сойма для ўхвалення гэтага акта.

Падпісанне дагавора з умовамі падзелу адбылося 5 жніўня 1772 года. 30 верасня 1773 гэта рашэнне ратыфікаваў скліканы ў Варшаве Падзельны сойм. Супраць выказаліся толькі тры паслы на Сойм: Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч – усе трое былі дэлегатамі з беларускіх земляў.

Магілёў Спаская царква

1911 год. Нарадзіўся архітэктар Георгій Парсаданаў.

Беларускі архітэктар, заслужаны архітэктар БССР. Адзін з аўтараў пасляваеннага генеральнага плана Магілёва. Аўтар архітэктурнага праекта жылой забудовы Лупалава і жылога квартала шаўковай фабрыкі ў Магілёве.

Георгій Парсаданаў

1929 год. Нарадзіўся Яўген Глебаў.

Кампазітар, дырыжор, педагог.

Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Аўтар шматлікіх сімфоніяў, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў.

Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры.

Па ўспамінах Васіля Быкава, Глебаў, доўга супраціўляўся ўступленню ў КПСС, а пры прыёме не змог адказаць у якім годзе была «Кастрычніцкая рэвалюцыя».

Яўген Глебаў

1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Язэп Мамонька.

Беларускі палітык, публіцыст, сябра і сакратар прэзідыума Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езду, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Язэп Мамонька БНР

1977 год. Нарадзіўся Віктар Ганчарэнка.

Футбольны трэнер.

Працаваў трэнерам БАТЭ, якая выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў УЕФА і атрымала перамогу ў чэмпіянатах Беларусі 2008-2012 гадах.

10 разоў прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі (2008-2020).

Трэнер Віктар Ганчарэнка

1990 год. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Згуртаванне стваралася дзеля падтрымкі захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС.

ЗБС "Бацькаўшчына"


У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніц