Рыгор Кастусёў зноў у Следчым ізалятары КДБ. Знаёміцца з матэрыяламі справы

У Следчым ізалятары КДБ палітык утрымліваўся больш за паўгода і пасля пагаршэння здароўя быў пераведзены ў шпіталь сьледчага ізалятару №1, што ў Мінску на вуліцы Валадарскага. Там яму дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, але аперацыю адмовіліся рабіць. Турэмныя медыкі запэўніваюць, што пільнуюць развіццё хваробы.

Прызнаны праваабаронцамі палітвязнем 65-гадовы Рыгор Кастусёў у Следчым ізалятары КДБ будзе знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Яго вінавацяць у «змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтаю захопу дзяржаўнай улады». Ён, нібыта, рыхтаваў замах на Лукашэнку.

Пра тое, што старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў зноў у Следчым ізалятары КДБ паведаміў у сацыяльных сетках ягоны зяць Зміцер Антончык. У допісе адзначана, што «там яго будуць знаёміць з матэрыяламі справы».

Кастусёў родным у лісце ад 25 красавіка паведаміў, што расследаванне па ягонай справе скончылася, і яго азнаёмілі з канчатковым абвінавачваннем. Хутка справу перададуць у пракуратуру.

У Следчым ізалятары КДБ, пісаў палітык, умовы ўтрымання значна горшыя. Там у яго выявіліся праблемы з сэрцам, з’явіліся ацёкі. Было вырашана накіраваць яго ў шпіталь СІЗА №1. Ад лістапада 2021 году ён утрымліваўся ў гэтай установе. Тройчы яму працягвалі тэрмін зняволення. Просьбы аб змяненні ўмоваў утрымання пакідаліся  без задавальнення.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 году ў Шклове. Фігуранты адной з ім справы – Аляксандр Фядута, Юры Зянковіч, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Палітык не выключае, што да абвінавачвання ў змове дзеля захопу ўлады дадасца і эканамічнае злачынства.

Рыгор Кастусёў нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну, што на Магілёўшчыне. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас вучобы ў ёй пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Дапамагаў яму стаць дэпутатам Вярхоўнага савету БССР. Пазней праз рознае бачанне перспектываў развіцця Беларусі дарогі з ім разышліся. Кастусёў стаў сябрам Беларускага народнага фронту. Узначальваў шклоўскую суполку БНФ і Магілёўскую абласную арганізацыю БНФ.