Тыдзень прайшоў пад знакам аранжавага ўзроўню небяспекі з-за снегападаў і галалёду, моцная завіруха паралізавала многія дарогі рэгіёна.
Тым часам на вадаёмах вобласці таўшчыня лядовага покрыва не перавышае 2-4 сантыметраў, што не замінала дзясяткам аматараў выйсці на зімнюю рыбалку на Фацінскую затоку ў Магілёве.
У Магілёве пачалі ставіць галоўную ёлку вобласці, у горадзе запрацавалі калядныя кірмашы.
У Магілёве затрымалі кур’ера тэлефонных махляроў на яго першым жа выездзе.
Першай магілёўскай электрастанцыі не даюць статус помніка.
На заводзе ў Крычаве загінуў рабочы, прыбралі капліцу на праваслаўных могілках і раздражнёна пракаментавалі гэта ў мясцовай прэсе.
Рэгіёны Магілёўшчыны дэманстравалі несуцяшальную і дэпрэсіўную статыстыку – выявілася, што за пятнаццаць гадоў насельніцтва Хоцімска скарацілася на 14%, а ў Чавускім раёне неплацельшчыкі па камунальных паслугах склалі 4,5% ад усіх спажыўцоў.
У Асіповіцкім раёне зафіксаваны ўсплёск захворванняў на ВІЧ, а таксама выставілі забясплатна цэлы ваенны гарадок.
У Бабруйску была зафіксавана яміна на цэнтральнай вуліцы горада, памераць якую давялося вогнетушыцелем.
У Быхаве мясцовыя міс Марпл сумесна дапамаглі затрымаць злодзея, а знакаміты кансервавы завод з брэндам “Хазяін-Барын” ліквідавалі з-за даўгоў.