Новыя правілы дарожнага руху ўступаюць у сілу з заўтрашняга дня

Абавязковае святло бліжніх фар два разы ў год, раварыстам можна будзе ездзіць па праезжай частцы і не спешвацца на пераходах, п’яных пасажыраў матацыклістам дазволяць вазіць толькі ў калясцы – шмат, шмат усяго новага.

Пачынаючы з 27 кастрычніка пачынаюць працу новыя правілы дарожнага руху ў Беларусі, прычым аб’ём змяненняў у правілах агромністы. Падрабязная параўнальная табліца размешчана на сайце pdd.by, а мы спынемся на самых важных зменах, якія варта ведаць кожнаму.

 

Раварыстам далі свабоды

Шматгадовае змаганне веласіпедыстаў за большую ўвагу да спецыфікі іх мабільнасці на дарогах нарэшце дало свой плён. Цяпер раварысты не абавязаныя спешвацца на пешаходных пераходах, але яны мусяць знізіць хуткасць да 5 км/г, што адпавядае хуткасці пешахода. Чаму гэта важна? Для раварыста, які едзе, напрыклад, ад плошчы Леніна да плошчы Славы ў Магілёве шлях зойме каля пяці хвілін, і за гэты час па ранейшых правілах ён павінен быў спешвацца не менш за сем разоў. У пастаянных карыстальнікаў гэтага віду транспарту падобная неабходнасць выклікала шматлікія абурэнні.

Патрабаванне аб абавязковым абсталяванні ровара люстэркам задняга выгляду выключылі з правілаў, але ўключылі забарону на рух па праезжай частцы ці ўзбочыне ў час снегападу ці галалёду.

Рух па праезжай частцы – яшчэ адзін галаўны боль сур’ёзных раварыстаў. Папярэдняя рэдакцыя ПДР нібыта забараняла гэты рух, аднак з вельмі цьмянай фармулёўкай, дапускаючы такі рух “у выпадку, калі рух па тратуары немагчымы”. Для раварыстаў з ультратонкімі шынамі, напрыклад, немагчымы рух па тратуару, а толькі па асфальтавым пакрыцці. Але яны стабільна траплялі пад штрафы пры спробах выехаць на праезжую частку. 

Новыя правілы дапускаюць рух раварыстаў па праезжай частцы з фармулёўкай “у зоне з абмежаваннем максімальнай хуткасці не далей за 1 м ад яе правага краю ў адзін шэраг”.

Сярод іншага, веласіпедыстаў абавяжуць перамяшчацца па-за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак у адзенні са святлоадбіўнымі элементамі (выключэнне – язда па роварнай дарожцы). Таксама будзе забаронена ездзіць на роварах, матацыклах і іншых падобных тэхнічных сродках, не трымаючыся абедзвюма рукамі за руль, або не трымаючы ногі на педалях. Але руку можна адрываць ад руля каб паказаць сігнал паварота.

 

Усё тое, на чым моладзь катаецца па тратуарах акрамя ровараў, цяпер – СПМ 

Для электрасамакатаў, гіраскутараў, манаколаў, сегвеяў і іншых падобных прылад уводзіцца паняцце «сродак персанальнай мабільнасці», СПМ. Раней гэтая катэгорыя ўдзельнікаў руху практычна не ўлічвалася правіламі, што ніяк не замінала ездзіць на тых жа электрасамакатах, але пры дарожна-транспартных здарэннях незразумелай была ступень адказнасці розных удзельнікаў руху. 

Перамяшчацца на СПМ неабходна будзе па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па тратуары, пешаходнай дарожцы або ўзбочыне з хуткасцю не вышэй за 25 км/г, не ствараючы перашкод для руху пешаходаў.

 

П’яны пасажыр на матацыкле, квадрацыклы пусцілі на дарогу

Змяненні для мотааматараў наступныя: перавозку пасажыраў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, на матацыкле і мапедзе забароняць. Прычым супрацоўнікі ДАІ цяпер маюць права папрасіць пасажыра дыхнуць у трубачку. П’янага пасажыра на матацыкле цяпер можна перавозіць толькі ў калясцы.

З 27 кастрычніка дазволяць удзельнічаць у дарожным руху квадрацыклам, снегаходам і мотаўсюдыходам, але толькі па дарогах без асфальтавага пакрыцця.

 

Хуткасны рэжым, бліжняе святло, электракары

Для аўтааматараў змены не дужа радыкальныя, і хутчэй замацоўваюць ужо прынятую практыку. На аўтамагістралях (такіх, як траса Магілёў-Мінск) дазваляецца ездзіць з хуткасцю да 120 км/г (раней было 110 км/г), хоць на ўсіх магістралях знакі і так дазвалялі такую хуткасць. У перыяд з 25 мая па 5 чэрвеня і з 25 жніўня па 5 верасня пры знаходжанні на дарогах у светлы час сутак цяпер абавязкова ўключаць блізкае святло фар. Гэта значыць, у ПДР замацоўваюцца штогадовыя акцыі ДАІ, прымеркаваныя да пачатку і заканчэння навучальнага года.

Астатнія змены для аўтамабілістаў невялікія, але вартыя ўвагі. Цяпер трэба абавязкова мець вогнетушыцель ёмістасцю не меней за 1 літр. Дазваляюцца шторкі на заднім шкле (пры наяўных бакавых люстэрках), а відэарэгістратар больш не лічыцца прадметам, які не прадугледжаны канструкцыяй аўтамабіля.

Таксама цяпер можна не падаваць сігнал паварота пры ўездзе на кальцо.

Невялікія прэферэнцыі паяўляюцца ў карыстальнікаў электрамабіляў. Ім можна будзе рухацца па паласе, выдзеленай для грамадскага транспарту (у Магілёве такая, напрыклад, ёсць на Камсамольскай вуліцы з боку Драмтэатра), а яшчэ ўнесены змены ў статус месцаў, выдзеленых пад зарадку электракараў.