Недалёкае замежжа. У Літве пракуратура настойвае на закрыцці арганізацыі палітыка, асуджанага за шпіянаж на карысць Расіі

Генеральная пракуратура Літвы лічыць, што асацыяцыя «Міжнародны форум добрасуседства» заснаваная, асуджаным за шпіянаж палітыкам Альгірдасам Палецкісам, незаконна. Ведамства звярнулася ў суд з адпаведнай заявай.

Асацыяцыя Палецкіса прыцягнула да сябе ўвагу праваахоўных органаў краіны, калі яго саратнікі наведалі Маскву, дзе сустрэліся з расійскімі палітыкамі, а потым зладзілі прэсавую канферэнцыю. Тады ўжо ішла вайна ва Ўкраіне.

Пракуратура лічыць, што дзейнасць асацыяцыі супярэчыць Канстытуцыі і наносіць шкоду дзяржаве, перадае інфармацыйнае агенцтва Delfi.

static.dw.com

Паводле яе, дзеянні асацыяцыі, якая прапагандуе вайну, гвалт, аўтарытарнае кіраванне, а таксама дзеіць у інтарэсах іншых дзяржаваў, супярэчаць інтарэсам Літоўскай дзяржавы, яе Канстытуцыі і грамадскаму парадку.

«З дзейнасці, якая ажыццяўляецца асацыяцыяй, відавочна, што рэальныя мэты яе заснавання незаконныя, таму асацыяцыя не можа дзейнічаць і павінна быць прызнана незаконна заснаванай», – гаворыцца ў заяве пракуратуры, піша Delfi.

Ведамства настойвае, што мэты «Міжнароднага форуму добрасуседства» прапісаны ў статуце фармальна, без імкнення абараніць інтарэсы яго членаў у пэўнай сферы.

Паводле Delfi, пракуратура ўжо праводзіць два да судовыя расследаванні, звязаныя з арганізацыяй Палецкіса. 

Адно з іх, паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за дапамогу іншай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы.

Другое праводзіцца адносна подпісу Палецкіса на ўстаноўчых дакументах. Яны ім былі падпісаныя, калі палітык утрымліваўся ў Каўнускім следчым ізалятары, адзначае Delfi.


У 2021 годзе Альгірдаса Палецкіса, у мінулым дэпутата Сейма і віцэ-мэра Вільнюсу, асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж на карысць Расіі.


Паводле Delfi, паплечнікі Палецкіса паездку ў Маскву тлумачылі імкненнем прарваць інфармацыйную блакаду і прасіць бязвізавага рэжыму для грамадзян Літвы ў Калінінградскай вобласці.

g3.dcdn.lt

На прэс-канферэнцыі ўдзельнікі паставіла пад сумнеў законнасць абрання цяперашняга ўраду Літвы, абвінавацілі яго ў нанясенні эканамічнай шкоды і запалохванні грамадзян пагрозамі расійскага ўварвання.

Раней кіраўніца асацыяцыі Эрыка Швенчэнене з саратнікамі пабывала ў Беларусі і сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам.