Мікалаеў – абстрэлы працягваюцца

Досвіткам 11 кастрычніка над Мікалаеўскай вобласцю збілі пяць беспілотнікаў “Шахід-136”, яшчэ тры – над суседняй Адэскай вобласцю, паведаміла украінскае камандаванне  “Поўдзень”.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


На большай частцы Мікалаеўскай вобласці, за выключэннем Снігіроўкі і некалькіх дзясяткаў сёлаў каля яе, няма расійскіх акупантаў, аднак вобласць фактычна прыфрантавая, паколькі на яе тэрыторыі вядуцца баявыя дзеянні. 

Акупанты не адмаўляюцца ад планаў паспрабаваць зноў захапіць Мікалаеў.

Учора сіламі супрацьпаветранай абароны над Мікалаеўшчынай былі знішчаны 14 крылатых ракет, паведамілі ў камандаванні «Поўдзень». 

Але ж асобныя ўдары па горадзе адбыліся. У абласным цэнтры пашкоджаны дамы, складскія памяшканні, разбураны адзін з корпусаў універсітэта караблебудавання імя Макарава.

t.me/senkevichonline/

У Мікалаеве з вечара 10 кастрычніка ўведзены меры па эканоміі электраэнергіі. У ноч не ўключалася асвятленне горада, з 17:00 былі выключаны ўсе святлафоры, скарочана колькасць электратранспарту на вуліцах. У шматлікіх населеных пунктах вобласці абмяжоўваецца праца транспарту, гандлёвых кропак.

Так, у Вазнясенску ў мэтах бяспекі жыхароў абшчыны 11 кастрычніка не будзе працаваць рынак, будзе абмежавана праца гарадскога транспарту і не будзе праводзіцца прыём лекарамі ў амбулаторыях і шпіталі. Транспарт будзе курсіраваць толькі раніцай і вечарам, забяспечваючы рабочую перавозку, сярод дня па кожным з маршрутаў будзе курсіраваць адзін аўтобус без пэўнага графіка.

Да канца бягучага працоўнага тыдня, 14 кастрычніка, усе ўкраінскія навучальныя ўстановы ў мэтах бяспекі пераходзяць на дыстанцыйны фармат навучання.

Нягледзячы на складаную абстаноўку, злажана працуюць пракуратура, паліцыя, СБУ. У суд накіраваны абвінаваўчыя акты ў дачыненні да двух жыхароў Мікалаева па факце калабарацыйнай дзейнасці .

Устаноўлена, што прарасейскі настроеныя грамадзяне – 40-гадовая жанчына і 64-гадовы мужчына, нягледзячы на сістэматычныя абстрэлы акупантамі Мікалаева, у сацсетках неаднаразова распаўсюджвалі паведамленні з падтрымкай дзеянняў агрэсара. Акрамя гэтага, СБУ выкрыла двух расейскіх агентаў – яны «злівалі» месцы дыслакацыі і звесткі пра перамяшчэнне ВСУ.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».