Малдова забараніла трансляваць навінныя і аналітычныя праграмы з Расіі

Прэзідэнт Малдовы падпісала Закон аб інфармацыйнай бяспецы. Ён забараняе навінныя і аналітычныя праграмы краін, якія не ратыфікавалі Канвенцыю аб транспамежным тэлебачанні. 

Расія не падпісала яе.

Згодна з Законам, 50 працэнтаў замежнага зместу, трансляванага тэлеканаламі, будуць належаць краінам Еўрапейскага Саюзу, ЗША і дзяржавам, што ратыфікавалі Канвенцыю, піша інфармацыйнае агенцтва «СП».

Па словах старшыні Рады па тэлебачанні і радыё Ліліяны Віцу зацверджаны закон – вымушаная мера.

Яна кажа, што вайна ва Ўкраіне змушае ўлады прымаць значна больш жорсткія меры адносна замежнай прапаганды.

Цяпер, адзначае яна, палітычныя або ваенныя перадачы з краін, якія не ратыфікавалі Канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні, уключаючы Расію, забаронены рашэннем Камісіі па надзвычайных сітуацыях.

З набыццём моцы Закону аб інфармацыйнай бяспецы гэтых медыяпрадуктаў не будзе ў эфірных сетках нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння надзвычайнага становішча.

Закон уступіць у сілу на наступным тыдні.

Пасля таго, як пачалася поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны парламент Малдавіі аб’явіў у краіне рэжым надзвычайнага становішча. З яго ўвядзеннем  Служба інфармацыі і бяспекі закрыла шэраг інтэрнэт-парталаў, а таксама забараніла дзейнасць расійскага агенцтва і радыёстанцыі «Спутник-Малдова».