Магілёўскія эксперты знайшлі дачнага злодзея па адбітках пальцаў

Зламыснік выставіў акно на лецішчы 80-гадовага пенсіянера з Магілёва і скраў электрычны трымер і нешта па дробязях. Таксама ён выпіў таблеткі карвалола, якія знайшоў у дачным доміку і падсілкаваўся ежай, пакінутай пенсіянерам у хаце. Тым жа шляхам што і пранік у будынак, ён пакінуў памяшканне. 

Звычайна падобныя злачынствы маюць мала шанцаў на раскрыццё. Аднак у дадзеным выпадку злодзей пакінуў свае адбіткі пальцаў на фрагменце аконнага шкла і каробках з-пад лекаў.

Супрацоўнікі Дзяржаўнай судовай экспертызы па Магілёўскай вобласці здолелі высветліць, што адбіткі належаць 48-гадоваму магілёўцу. Тым часам выкрадзены трымер супрацоўнікі міліцыі ў той жа дзень знайшлі ў ламбардзе. Прыладу ў ламбард здаваў той жа самы 48-гадовы жыхар абласнога цэнтра. Узбуджана крымінальная справа, падазраваны затрыманы.