Магілёўскі гарвыканкам не прызнае Керч расійскім горадам

На старонцы гарадоў-пабрацімаў Магілёва пазначаны краіны грамадзянства ўсіх гарадоў, з якімі ўстаноўленыя сяброўскія адносіны. Акрамя аднаго.

Горад Керч, з якім у Магілёва пабрацімскія адносіны былі ўсталяваныя ў 1998 годзе, ніяк не пазначаны паводле краіны юрысдыкцыі. Усе астатнія гарады-пабрацімы адзначаныя адпаведна – заўважылі журналісты рэсурса mogilev.media. Відавочна, што нягледзячы на разрыў адносін з украінскімі партнёрамі (горадам-пабрацімам Магілёва з’яўляўся таксама Мікалаеў, які разарваў партнёрскія адносіны пасля саўдзелу Беларусі у расійскай вайне супраць Украіны) гарадское кіраўніцтва асцярожнічае ў канчатковых ацэнках актуальных геапалітычных падзей.

Керч быў адным з першых гарадоў, што падвергліся атацы расійскай арміі падчас анэксіі Крыма ў 2014 годзе. Ужо ў лютым расійскія ваенныя захапілі керчанскую паромную пераправу, узялі ў блакаду украінскія вайсковыя часткі.