Магілёўскі актывіст Яўген Бойка атрымаў пяць гадоў узмоцненага рэжыму

Стала вядома пра прысуд тром людзям, абвінавачаным у салідарнасці з палітвязнямі. 12 чэрвеня Мінскі гарадскі суд асудзіў іх на тэрміны ад 2 да 5 гадоў, піша Dissident.by. Найбольшы тэрмін і самы жорсткі прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму – атрымаў магілёвец Яўген Бойка.

Яўген Бойка добра вядомы ў Магілёве як удзельнік творчых актыўнасцяў у сферы нацыянальнага адраджэння – ён браў удзел у курсах “Мова Нанова”, у разнастайных спеўных ініцыятывах. У 2008 годзе ён быў адлічаны з трэцяга курса Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова, што было звязана з яго грамадскай дзейнасцю. Яўген тады імкнуўся забяспечыць адваката на сустрэчу супрацоўніка КДБ са студэнткай гэтага універсітэта, за што атрымаў вымову ад дэканата – пісала “Вясна”. Пазней Бойка атрымаў гістарычную адукацыю ва ўніверсітэце ў Познані, а таксама стаў ІТ-спецыялістам. 

Яўген Бойка быў затрыманы, прыблізна, у верасні 2024 г. – паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачвалі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

20 снежня 2024 года на праўладных медыя з’явілася відэа, у якім прапагандысты казалі пра затрыманых людзей па справе супрацы з Фондамі дапамогі. У выніку гэтай аперацыі на лаве падсудных апынуліся тры чалавекі, якіх затрымалі ў жніўні і верасні 2024 года. Справу супраць іх пачалі разглядаць 30 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. 12 чэрвеня 2025 г. былі агучаны прысуды. Яўгену Бойку прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Фота з сацыяльных сетак Яўгена Бойкі