Фотарэпартаж. Млын Папенгута – рэха колішняга прамысловага ўздыму Магілёва развальваецца на ўскрайку гораду

Цікавы аб’ект архітэктурнай і навукова-тэхнічнай спадчыны захоўваецца (пакуль што) у Магілёве на вуліцы Вагоннай. Гэта частка будынка былога паравога млына пачатку ХХ стагоддзя. 

Яго мясцовыя жыхары і краязнаўцы называюць «Млын Папенгута», але, ніхто цяпер дакладна не скажа, кім быў яго ўладальнік.

З гістарычных крыніц і дакументаў вядома, што ў Магілёве ў 1899-1901 гадах служыў камандзірам 161-га палка Павел Оскаравіч Папенгут.

Мясцовыя «экскурсаводы» – суседскія жыхаркі – паказалі нам рэльсу, укапаную пры доме для прывязвання коней, а таксама жорны з самога млына, што ляжаць у траве побач.

Будынак – у занядбаным стане, частка – страчана, на ягонай аснове побач збудаваны сучасны дом з сілікатных блокаў. Млын некалькі разоў гарэў за апошнія гады, частка даху страчана, месцамі – абсыпалася цэгла…