Драўляны праваслаўны храм сярэдзіны XIX стагоддзя ператвараецца ў руіны

Драўляны праваслаўны храм сярэдзіны XIX стагоддзя ператвараецца ў руіны ў Касцюковіцкім раёне

Галоўная славутасць вёскі Гаўрыленка, што ў 30-ці кіламетрах ад горада Касцюковічы  – Свята-Пакроўская праваслаўная царква. Яна была ўзведзена ў 1863 годзе на беразе рэчкі Зубр. 

У 1884 годзе ў царкве была адкрыта прыходская школа і ёй належала 37 дзесяцін зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі бальшавікі вялі барацьбу з рэлігіяй, царква была зачынена. У савецкі час тут размяшчалася збожжасховішча. У пачатку 90-х гадоў з храма быў вывезены ў горад Клімавічы пазалочаны іканастас.

Гісторыя царквы авеяна легендамі. Адна з іх – падземны ход, які нібыта звязваў яе з капліцай на мясцовых могілках. Некаторае падабенства ходу захавалася да гэтага часу, але, на жаль, на сёння гэты магчымы ход засыпаны зямлёй.

Дзіўнай прыгажосці храм, які без перабольшвання можна назваць перлінай драўлянага дойлідства, доўгі час з’яўляўся сельскім духоўным цэнтрам. Як бачна, гэты каштоўны гістарычны помнік у хуткім часе можа ператварыцца ў руіны і знікнуць з твару зямлі. Натуральна, што праблема разбурэння помніка ўзнікла не зараз, але з кожным годам стан сакральнай пабудовы пагаршаецца.

Між іншым царква знаходзіцца ў прасторным скверы, размешчаным у цэнтры вёскі. Аднак цяпер вакол царквы парасло шмат дрэў і ў далейшым гэта тэрыторыя можа ператварыцца ў лес, у якім і следу не будзе ад храма.

Фота з адрытых крыніц