Не толькі сум, боль і горыч прыносіў 2022 год для жыхароў рэгіёна. Зрэдчас здараліся і прыемныя навіны, якія натхнялі іншых і радавалі дасціпнага чытача.
Так, на волю выйшла магілёўская журналістка Дар’я Чульцова.
Пасля 35 гадоў змагання, у мінулым годзе магілёўская дзіцячая паліклініка №1 пераехала нарэшце ў прыстойны і прыдатны будынак.
Гістарычны цэнтр Магілёва пачалі ачышчаць ад навязлівай рэкламы, у гарадах рэгіёна ствараліся новыя муралы – у Магілёве, Бабруйску, а на месцы “Магілёўскага цунамі” 1942 года паявілася інфармацыйная таблічка.
Грамадскія актывісты стварылі сваю валанцёрскую каманду і пачалі адно за адным рэстаўраваць помнікі на гістарычных могілках у Магілёве – Лютэранскіх, Петрапаўлаўскіх, Яўрэйскіх.
Жыхары Горак зладзілі збор сродкаў на аднаўленне помніка ахвярам вайны, абрынуты бурай магілёўскі помнік ахвярам Халакосту аднавілі, хоць выглядала гэта дзіўнавата, а ў Шклове на грошы мецэнатаў рэстаўравалі “Чысцец”.
У Крычаве стварылі парк гістарычнай памяці.
Магілёўшчыну сталі больш азеляняць – рэгіён па гэтым паказчыку аказаўся ў лідарах па Беларусі, лясы рэгіёна запаланілі мядзведзі, а ў вадаёмы вобласці стаў вяртацца чырвонакніжны вадзяны арэх.
Магілёўскі гурт “Akute” пасля трохгадовага перапынку зноў стаў запісваць музыку і выпусціў новы альбом.
Нямецкія каталікі падарылі Шклову арган а ў Магілёве паявілася беларускамоўная гульнявая пляцоўка.
У Клімавіцкім раёне пачалі будаваць супер-свінаводчы комплекс, у Магілёве стартавала будаўніцтва электрычнага мікрараёна, разлічанага на энергію з БелАЭС, у Бабруйску з’явіліся станцыі зарадкі электратранспарту.
Ілья Карнавухаў з Дрыбіна пабіў нацыянальны рэкорд.
Хоць і вельмі нядоўга, але таксама па Магілёве катаўся пазітыўны аўтамабіль-басейн.
Без асаблівай помпы ў Магілёве перапахавалі прах знакамітага паэта Ігара Шклярэўскага, якога не стала ў 2021-м.
У Горках хлопчыку-інваліду зрабілі пандус… праз пяць гадоў просьбаў.
А фермер з-пад Клічава аказаўся самым экалагічным у Беларусі.
Далей сачыце за навінамі, якія нас раззлавалі, расчаравалі і абурылі.