Беларускі футбаліст спрабаваў зрабіць прапанову дзяўчыне, але яе выгнаў з поля сцюард

На матчы футбольных клубаў Першай лігі чэмпіяната Беларусі “Смаргонь” – “Хваля” (Пінск) абаронца гаспадароў Уладзіслаў Шубовіч пасля забітага гола вырашыў зрабіць прапанову сваёй каханай. Яна ўжо падышла да кромкі поля і гулец смаргонскай каманды паспеў стаць перад ёй на адно калена, як сцюард гнеўна адштурхнуў дзяўчыну. Кароткая сутычка з футбалістамі скончылася тым, што сцюард рэціраваўся, а футбаліст змог падарыць ёй пярсцёнак з другой спробы. Відэа забітага гола і ўсёй драматычнай сцэны можна пабачыць тут.

Матч завяршыўся з лікам 2:0 на карысць “Смаргоні”, і цяпер гэтая каманда атрымае пуцёўку ў Вышэйшую лігу, якую павінен будзе пакінуць магілёўскі “Днепр”.

Пасля гульні Уладзіслаў Шубовіч распавёў журналістам, што сцюард папрасіў прабачэння за свой учынак.