Асіпаўчане смяюцца і плачуць з квэсту ў краме “Світанак”

Асіпаўчане смяюцца і плачуць з квэсту ў краме “Світанак”

Філіял прадпрыемства “Світанак” у Асіповічах неаднаразова крытыкаваўся ў мясцовых пабліках за нязручную для пакупнікоў працу. Паколькі станоўчых зрухаў няма, то жыхары раёна цяпер лічаць за лепшае проста смяяцца з працы крамы.   

Фірменны магазін “Світанак” у Асіповічах стаў яскравым прыкладам “абмежаванай зручнасці” і крыніцай гумару, піша газета “Асіповіцкі край”.

Пакупнікі сведчаь, што асартымент у краме “Світанак” задаволіць любога пакупніка: зойдзеш, вочы проста разбягаюцца. А вось схема набыцця тавару цалкам адпавядае законам квэсту. Адміністрацыя крамы зрабіла ўсё, каб пакупнікі надоўга запомнілі паход у магазін.  

Па-першае, паміж стойкамі з адзеннем нельга прайсці, каб не зачапіць тавар. Вешалкі з адзеннем забіты наколькі мажліва. Таму, пакупнік альбо эквілібрыст, або, калі ён дастане цікавую рэч, абавязкова скідвае тую, што вісіць побач. 

Днямі адміністрацыя, як здаецца, увогуле вырашыла пажартаваць над пакупнікамі. 22-23 лютага, перад святам у магазіне дзейнічалі добрыя зніжкі на мужчынскае адзенне. Вядома, жанчыны паспяшаліся набыць падарункі для сваіх мужчын. 

І вось перад жанчынамі першая пастка квэсту: падлога перад вешалкамі застаўлена цюкамі вышэй за калена. Каб дабрацца да тавару, неабходна пераступіць або пералезці праз гэтую перашкоду, бо адцягнуць непад’ёмныя цюкі ў бок слабы пол не здольны. 

Тым, хто прайшоў “першы ўзровень”, адміністрацыя прапануе вызначыцца з неабходнай па колеры тканінай, якая выглядае з шэрагаў шчыльна спрасаванага адзення. 

А ўжо затым трэба паспрабаваць выцягнуць рэч, якая зацікавіла пакупніка, і адначасова не скінуць на падлогу тыя рэчы, што вісяць побач. 

Калі пакупнік выцягнуў і паглядзеў, то шчасце, калі рэч падышла. Калі ж не, то трэба нанава прайсці квэст. 

Калі пакупнік вырашыў нешта набыць, то яму падаюць вішаньку на торце: да касіра таксама цяжка дабрацца, бо цесна ў краме неверагодна.

У  студзені 2021 года газета “Асіповіцкі край” ужо крытыкавала нязручнае размяшчэнне тавару ў магазіне. Дырэктар філіяла № 2 ААТ “Світанак” Вольга Марчанкова ў сакавіку таго году палымяна распавядала пра планы пераносу фірменнага магазіна на большыя плошчы. Прайшло амаль два гады, але воз і цяпер там.

Фота з адкрытых крыніц.