У 2023 годзе Хоцімскі раён сустрэне “Дажынкі” – падзяліўся інфармацыяй начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. Даніленка.
На правядзення свята аграрыяў на 2023 год закладзены адпаведныя бюджэтныя сродкі раёна. У планах па падрыхтоўцы “Дажынак” – капітальна адрамантаваць цэнтральную раённую бальніцу і набыць для яе сучаснае медыцынскае абсталяванне. А таксама, зрабіць бягучы рамонт жыллёвага фонда, устаноў адукацыі райцэнтра, добраўпарадкаваць яго тэрыторыю, прывесці ў належны стан вулічна-дарожную сетку, рэканструяваць будынкі раённага цэнтра культуры “Мір”, спартовага комплекса, гарадскога стадыёна.
Акрамя таго, чыноўнік распавёў аб распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва ў 2024 годзе новай кацельні.
Наша даведка. Дажынкі (Прачыстая, Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака) – гэта не толькі старажытнае свята сканчэння жніва, якое на Беларусі вядома па хроніках з ХІІ стагоддзя, але і з 1996 года дзяржаўны штогадовы “фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі”.
У 1996-2014 гадах “Дажынкі” мелі рэспубліканскі фармат (у 1999 годзе не праводзіліся з-за дрэннага ўраджаю; у 2000 годзе праводзіліся ў Шклове, у 2006 – у Бабруйску, у 2012 – у Горках). З 2015 года праводзяцца ў рэгіянальным фармаце – у адным з населеных пунктаў кожнай вобласці. У 2022 годзе абласныя “Дажынскі” прымаў Слаўгарад.