Слаўгарадскі райвыканкам пасярод лета абвесціў конкурс на лепшае навагодняе ўпрыгожванне будынкаў.
Пакуль жыхары Магілёўшчыны шукаюць ценю ад летняй спёкі, у Слаўгарадскім райвыканкаме ўжо жывуць навагоднімі клопатамі. Старшыня райвыканкама Максім Патапенка, які заняў сваю пасаду толькі ў студзені гэтага года, падпісаў рашэнне аб правядзенні штогадовага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых тэрыторый.
Фармальна ўсё зроблена паводле Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні». Але найбольшую ўвагу прыцягнуў не сам конкурс, а час яго абвяшчэння. Рашэнне разам з падрабязнай інструкцыяй і формамі заявак было апублікавана 10 ліпеня 2026 года ў раённай газеце «Прысожскі край» і на сайце райвыканкама.
Сам конкурс, праўда, адбудзецца толькі з 20 снежня па 10 студзеня. Аднак рыхтавацца да яго чыноўнікі прапануюць ужо цяпер. Заяўкі таксама можна падаваць загадзя.
Арганізатары абяцаюць ацэньваць арыгінальнасць афармлення, адзіную сюжэтную кампазіцыю, добраўпарадкаванне тэрыторыі, светлавое аздабленне і выкарыстанне снежных, ледзяных або іншых дэкаратыўных фігур. Пераможцаў вызначаць у трох намінацыях: асобна сярод арганізацый, буйных прадпрыемстваў і прыватных домаўладальнікаў.
Прызавы фонд выглядае даволі сціпла. За першае месца арганізацыі змогуць атрымаць пяць базавых велічынь, а ўладальнікі прыватных дамоў – чатыры. Грошы, як адзначаецца ў дакуменце, будуць выплачвацца з раённага бюджэту.
Для правядзення конкурсу старшыня райвыканкама павінен будзе стварыць спецыяльную камісію, якая напрыканцы снежня аб’едзе ўдзельнікаў, выставіць балы, а ўжо пасля Новага года вызначыць пераможцаў.
На фоне летняй спёкі і штодзённых праблем раёна такая аператыўная падрыхтоўка да снежаньскіх свят выглядае незвычайна. Аднак у Слаўгарадзе вырашылі строга прытрымлівацца народнай мудрасці: сані трэба рыхтаваць летам.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
