Жыхар Круглянскага раёна ўгнаў аўтамабіль аднавяскоўца, але ўехаў у слуп і спаліў машыну.
Для аднаго жыхара Круглянскага раёна раніца пачалася з непрыемнага сюрпрызу. Пакуль мужчына яшчэ спаў і не ведаў, што яго Peugeot 405 знік са двара, у суседняй вёсцы ратавальнікі ўжо тушылі гэты аўтамабіль, які пасля аварыі ператварыўся ў груду абгарэлага металу.
Як высветлілася пазней, начны «аўтапрабег» арганізаваў 38-гадовы аднавясковец гаспадара машыны. Паводле матэрыялаў следства, позна ўвечары мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вырашыў наведаць знаёмага ў суседняй вёсцы. Ісці пешшу не хацелася. Тады ён успомніў пра суседскі Peugeot, які стаяў каля дома.
Аўтамабіль аказаўся незамкнутым, а ключ заставаўся ў замку запальвання. Такую спакусу вясковец праігнараваць не змог. Аднак паездка доўжылася нядоўга. Прыкладна за чатыры кіламетры ад месца ўгону кіроўца не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў апору лініі электраперадачы. Ад удару машына загарэлася, а слуп паваліўся на яе.
Пажарныя, якія прыбылі на месца, агонь патушылі, але выратаваць аўтамабіль ужо не змаглі. Peugeot аднаўленню не падлягае.
Цікава, што ўгоншчык не атрымаў сур’ёзных траўм. Пакінуўшы разбітую і ахопленую полымем машыну, ён проста пайшоў дадому пешшу. Аднак доўга шукаць яго не давялося. Гаспадар аўтамабіля адразу западозрыў свайго аднавяскоўца. Версію пацвердзілі і сабраныя доказы. На месцы ўгону эксперты выявілі сляды абутку. Экспертыза паказала, што яны супадаюць з падэшвай красовак падазраванага.
Міліцыя затрымала ўгоншчыка па месцы яго жыхарства. Дарэчы, раней ён ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за ўгон чужога транспарту. Узбуджана крымінальная справа.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
