1632 год. Прызначаны першы магілёўскі праваслаўны епіскап Іосіф Бабрыковіч.
Спачатку Магілёўская епархія з’яўлялася часткай Полацкай. Па каралеўскім прывілеі не былі дакладна акрэслены яе межы. Епіскапы павінны былі пражываць у Магілёўскім Спаскім манастыры. Акрамя Спаскай царквы, ім перадаваліся яшчэ чатыры цэрквы ў Магілёве, дзве царквы ў Оршы, адна ў Дзісне, адна ў Полацку, Траецкая і Спаская ў Мсціславе. Першым епіскапам стаў 15 лістапада 1632 года былы пробашч Віленскага Свята-Духава манастыра ігумен Іосіф Бабрыковіч-Капет-Аняхожскі. У сувязі з тым, што Спаскі манастыр у Магілёве ў той час належаў уніятам, рэзідэнцыя епіскапаў першапачаткова размяшчалася ў Крыжаўзвіжанскай царкве – да 1650 года.

1867 год. У Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце заснаваны першы ў горадзе музей.
Яго пераемнікам з’яўляецца абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава.
На час адкрыцця ўстановы было каля 1 500 экспанатаў, сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета, арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя; Лексікон Славянароскі з друкарні Куцеінскага манастыра 1654 года, калекцыя манет X – XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.
У 1918 годзе музей аб’яднаны з царкоўна-археалагічным (працаваў з 18 снежня 1904 у былым Бернардынскім касцёле – на загалоўным фота ў цэнтры) у адзін – губернскі. У 1919 г. пераехаў у будынак былога сялянскага банка (вул. Міронава, зараз Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. Масленікава), у 1932 – у двухпавярховы будынак па вул. Ленінскай, №40. У 1934-1938 гадах меўся філіял – у будынку Іосіфаўскага сабора, дзе дзейнічала экспазіцыя гісторыі рэлігіі і атэізму. Існаваў, у канцы 1930-х гадоў і яшчэ адзін філіял – мемарыяльны музей С. Аржанікідзэ ў доме, дзе ў 1919 г. ён жыў і працаваў як член Рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту (кут вул. Віленскай і зав. Крутога).
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Магілёва гістарычны музей на вул. Ленінскай і яго філіял на Віленскай згарэлі разам з экспанатамі. Пасля вайны, толькі ў 1949 годзе, калі ў Доме Саветаў выдзелілі невялікія памяшканні, музей аднавіў сваю дзейнічаць. 1 ліпеня 1961 года атрымлівае ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (зараз – Славы), у якім ён размяшчаецца і ў наш час.

1938 год. У в. Дрожджаніцы Крычаўскага раёна нарадзіўся Віктар Цітоў.
Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.
Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.
Суаўтар і аўтар прац «Праблемы рассялення ў БССР», «Помнікі этнаграфіі», «Промыслы і рамёствы Беларусі», «Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся», «Беларусы», «Гісторыя сялянства Беларусі» і іншых.
Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».
Памёр 20 лістапада 2020 года.
