Костел Чериков

У Чэрыкаве распачаўся рамонт будынка касцёла XIX стагоддзя

Мясцовыя ўлады прымусілі прадстаўнікоў каталіцкай парафіі да рамонту касцёла нягледзячы на адсутнасць службаў у сакральным будынку

Стан старога будынка каталіцкага касцёла па вуліцы Ленінскай ужо даўно прыцягваў увагу прадстаўнікоў раённай улады і разнастайных ведамстваў.

“За апошнія некалькі гадоў гэты гістарычны будынак пачаў выглядаць прыгнятальна: трэшчыны і вялікія сколы тынку на фасадзе, сарваная ўраганам металачарапіца і маладыя бярозкі, што выраслі на даху, – усё гэта ніяк не надавала яму прывабнасці, а наводзіла смутак і тугу” – паведамляе cherikovnews.by.

Да 2015 года ў ім знаходзіўся раённы Дом культуры, але ў 2019-м будынак зноўку перайшоў у распараджэнне каталіцкай царквы. У жніўні 2019 года тут адбылася першая каталіцкая імша, а ў кіраўніцтва парафіі былі планы адрэстаўраваць касцёл і рэгулярна праводзіць у ім службы. 

Аднак, уся каталіцкая абшчына Чэрыкава налічвала толькі 20 чалавек. Праз некаторы час дзве сям’і прыхажан змянілі месца жыхарства і чэрыкаўскі прыход налічваў толькі 12 католікаў. Малалікасць каталіцкай абшчыны раёна спарадзіла тое, што каля 2–3 гадоў у касцёле Чэрыкава наогул не праводзіліся службы. Больш за тое, летам 2025 года нават не ўдалося перарэгістраваць каталіцкую абшчыну Чэрыкава з-за яе малой колькасці. 

Тым не менш, раённая ўлада Чэрыкава ўрэшце прымусіла касцёл заняцца рамонтам будынку XIX стагоддзя, прызначыўшы адказным за рамонтныя работы ксяндза з Касцюковічаў Андрэя Далянскага. Выглядае гэта дзіўнавата, бо службы заўсёды тут праводзіў Павал Адамовіч, які таксама служыць у Мсціславе і Крычаве. 

Ужо цяпер зразумела, што касцёл у Чэрыкаве дзейнічаць хутчэй за ўсё не будзе, а сакральны будынак, верагодна, апынецца зноўку ў падпарадкаванні горада. Аднак, горад прымушае прадстаўнікоў каталіцкай парафіі адрамантаваць касцёл перад магчымай афіцыйнай перадачай. 

Плануецца, што працаўнікі прыватнай будаўнічай фірмы з Мінска, якія аказваюць парафіі спонсарскую дапамогу, зробяць рамонт даху: пакладуць новы металапрофіль і ўмацуюць пакрыццё. Акрамя таго, будзе зроблена ўпарадкаванне прылеглай да касцёла тэрыторыі: скосіцца трава і вырубіцца кустоўе, а таксама будзе прыбрана будаўнічае смецце пасля рамонту.

Фото: cherikovnews.by

← Усе навіны Магілёва