Дзень у гісторыі: 9 верасня. З’явілася назва ЗША. Расстраляны магілёўскі паўстанец Ігнат Будзіловіч

Міжнародны дзень прыгажосці.

Адзначаецца з 1995 году з ініцыятывы Міжнароднага камітэту эстэтыкі і касметалогіі СІДЭСКА.

У 1946 годзе касметолагі і эксперты прыгажосці вырашылі абʼяднацца ў сусветную арганізацыю, якая б давала рады праблемам і ставіла задачы ўкаранення распрацовак касметалогіі. Так зʼявіўся камітэт СІДЭСКА.

У 1995 годзе арганізацыя пастанавіла адзначаць Сусветны дзень прыгажосці 9 верасня.

Міжнародны дзень прыгажосці

1776 год. Абʼяднаныя калоніі Амерыкі перайменавалі ў ЗША.

Кантынентальны кангрэс зацвердзіў новую назву краіны.

У Дэкларацыі Незалежнасці ўпершыню была выкарыстана назва «Злучаныя Штаты».

Лічыцца, што ідэя была прапанавана Томасам Пэйнам, грамадскім і палітычным дзеячам ЗША і Вялікай Брытаніі. Такая форма і карацейшая – «Штаты» – ужываліся ў пратаколах Кантынентальнага кангрэса.

Злучаныя штаты Амерыкі

1863 год. Расстраляны Ігнат Будзіловіч.

Удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў.

Разам з Людвікам Звяждоўскім арганізоўваў паўстанцкія атрады на Магілёўшчыне.

Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч узначаліў аршанскі атрад.

У канцы красавіка 1863 году атрад быў разбіты расійскімі войскамі, а камандзір быў арыштаваны. Расстралялі яго ў Воршы.

Ігнат Будзіловіч

1917 год. Памёр Ігнат Буйніцкі.

Беларускі актор, рэжысёр, тэатральны дзеяч, дудар.

Заснавальнік беларускага прафесійнага тэатру, удзельнік літаратурнага жыцця, «Першай беларускай вечарынкі ў Вільні», заснавальнік «Першай беларускай трупы» або «Тэатру Ігната Буйніцкага», з якім гастраляваў па Беларусі, у Пецярбургу, Варшаве.

Ініцыятар стварэння прафесійнага тэатру ў Мінску.

У гонар Буйніцкага названы вуліцы ў Мінску, Маладзечне, Глыбокім.

Ігнат Буйніцкі

1918 год. Адкрыты беларускія настаўніцкія курсы.

У Мінску іх стварыў Сакратарыят асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Працавалі да 15 мая 1919.

Рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ.

3 замацаваннем савецкай улады і абвяшчэннем БССР перайшлі пад кіраванне Народнага камісарыяту асветы. Рэарганізаваныя ў 1-я Мінскія беларускія педагагічныя курсы пры Мінскім Беларускім педагагічным інстытуце.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых крыніцаў

← Усе навіны Магілёва