630 гектараў лясоў адновяць у Магілёўскай вобласці, такая масштабная акцыя пройдзе ўпершыню

Акцыя “Адновім лясы разам” пройдзе з 6 па 22 кастрычніка. Далучыцца да аднаўлення лясоў можа любы ахвочы.

Па інфармацыі намесніка кіраўніка Магілёўскага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргея Шаха, для лесааднаўленчых работ лясгасамі вобласці падабраны больш за 400 участкаў. Аднаўляць новыя плошчы будуць асноўнымі лесаўтваральнымі пародамі: хвоя, елка, бяроза, алешына і дуб.

«Усе высадкі з нашых гадавальнікаў. Для будучай акцыі мы падрыхтавалі амаль 2,4 млн штук пасадачнага матэрыялу» – адзначыў Сяргей Шах.

Такая маштабная рэспубліканская акцыя на тэрыторыі нашага рэгіёна пройдзе ўпершыню. Рашэнне аб яе правядзенні прыняло Міністэрства лясной гаспадаркі з-за шкоды, якую атрымалі лясы вобласці вясной. 

«Тады з-за ўраганных вятроў каля 350 тысяч гектараў насаджэнняў пацярпелі. Больш за ўсё дасталася Клімавіцкаму, Чавускаму, Чэрыкаўскаму і Горацкаму раёнам. Але мала проста прыбраць пашкоджаную драўніну і перапрацаваць яе. Самая галоўная задача лесаводаў – аднавіць пашкоджаныя ўраганнымі вятрамі насаджэнні» – падсумаваў Сяргей Шах.

Далучыцца да акцыі можа любы ахвочы. На сайце аб’яднання ёсць нумары тэлефонаў, звярнуўшыся па якіх, можна атрымаць усю інфармацыю, якая цікавіць. Акрамя гэтага, можна звярнуцца і ў бліжэйшае лясніцтва ці лясгас.

фота: petrikovles.by