брама

З’явілася 3D-рэканструкцыя магілёўскай Алейнай брамы

З тым, як магла выглядаць Алейная брама ў Магілёве, цяпер можна пазнаёміцца праз яе 3D-рэканструкцыю.

Як паведамляе тэлеграм-канал “Спадчына”, 3D-рэканструкцыю пабудовы XVII стагоддзя зрабіў яго падпісчык.

Для таго, каб пабачыць аб’ёмную выяву, якую можна да таго ж пакруціць у розныя бакі, трэба зайсці на сайт “Алейная брама ў AR”.

Алейная брама ў Магілёве была збудавана ў 1646 годзе. Назву атрымала ад дзвюх крам, якія прылягалі да яе, і дзе гандлявалі ільняным і канапляным алеем. Брама ўяўляла сабой квадратнае ў плане масіўнае 3-х яруснае збудаванне: на першым ярусе была ўязная арка, на другім – каплічка з вузкімі вокнамі, на трэцім – байніцы.

алейная брама
Алейная брама на акварэлі Юзафа Пешкі, канец XVIII стагоддзя

Брама знаходзілася ў земляным вале пры ўездзе на рыначную плошчу горада з боку Дняпра. Твор архітэктуры рэнэсансу. У першай палове XIX стагоддзя ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі браму.

брама магілёў
Алейная брама на акварэлі Мікалая Львова, канец XVIII ст.

Загалоўнае фота: скрын з сайта “Алейная брама ў AR”.