Палітзняволенага Яна Папковіча другі раз асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У зняволенне ён трапіў, атрымаўшы тэрмін за імкненне абараняць Украіну.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 14 красавіка ў Магілёве палітзняволенага Яна Папковіча асудзілі за нібыта злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі. Яму прызначылі яшчэ дзевяць месяцаў зняволення.
Гэта другая падобная крымінальная справа супраць 32-гадовага палітвязня. Ціск за кратамі на яго не спыняецца з моманту затрымання.
Былога інкасатара «Белгазпрамбанка» і экс-спецназаўца Яна Папковіча затрымалі 2 верасня 2022 года – перад тым, як ён збіраўся з’язджаць у Польшчу. Падчас затрымання Яна моцна збілі, таксама стрэлам паранілі ягонага сабаку.
У траўні 2023 года яму прысудзілі пяць гадоў зняволення па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў падрыхтоўцы грамадзяніна Беларусі ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання сваёй дзяржавы на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
Як паведамляюць праваабаронцы, Яна Папковіча паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі яго наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну.