У Дняпры целамі расейскіх салдат запоўненыя моргі. У Мікалаеве з падбітай расейскай тэхнікі робяць бронекамізэлькі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).


З рэшткаў расейскай тэхнікі ў Мікалаеве мясцовыя прадпрымальнікі вырабляюць пласціны для бронекамізэлек, «печкі-буржуйкі» і іншыя металічны рыштунак для патрэбаў украінскіх вайскоўцаў. Такія бронекамізэлькі неўзабаве атрымаюць некалькі падраздзяленняў.

«Увесь металалом акупантаў, які быў разбіты нашымі Узброенымі сіламі, будзе выкарыстаны ў барацьбе з оркамі», – цытуе  старшыню аблсавету Ганну Замазееву выданне Сhas.news.

Па яе словах тэхніка, якую можна аднавіць, будзе служыць Узброеным Сілам. А тая, якую немагчыма ўжо выкарыстоўваецца на іншыя мэты.

У пасёлак Снігіроўка, якая акупавана некалькі тыдняў расейцамі, даставілі гуманітарную дапамогу. Папярэднія спробы былі няўдалымі. Як паведамляе газета «Николаевские новости» у паселішчы няма электрычнасці, вады і практычна адсутнічае сувязь, да таго ж расейцы здзекуюцца з насельніцтва.

Нягледзячы на рэгулярныя абстрэлы Мікалаева мясцовыя лекары працягваюць рабіць хірургічныя аперацыі пацыентам з анкалагічнымі хваробамі. Праводзіцца прамянёвая тэрапія і хіміятэрапія.

Паводле начальніка ўпраўлення аховы здароўя Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максіма Бязносенкі большасць анкапацыентаў з’ехала ў бяспечныя раёны Ўкраіны.

«У першыя два тыдні вайны ў нас было ўказанне Міністэрства аховы здароўя Украіны аб прыпыненні працы. Калі сітуацыя стала больш стабільнай, мы аднавілі іх», – апавядае чыноўнік выданню «Суспільне Новини».  Паводле яго, у больніцах гораду дастаткова лекаў для анкапацыентаў.


Каменскае, Украіна

(Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным).


У моргах Дняпра больш за паўтары тысячы цел загінулых салдат. Імі запоўненыя чатыры рэфрэжыратары. Намеснік мэра Міхаіл Лысенка спадзяецца, што па загінулых прыедуць іхныя маці, піша газета «Любимый горад».

«Мы арганізуем усё, няхай толькі забяруць», – пераказвае словы чыноўніка выданне.

У Днепрапятроўскай вобласці ратуюцца ад вайны больш за 62 тысячы перасяленцаў. 16,5 тысяч – дзеці. Амаль 4,5 тысяч школьнікаў вучацца дыстанцыйна.

Кіраўніцтва вобласці заклікае прыбылых дзеля бяспекі падацца далей на захад краіны, – піша рэсурс «Событие».

Пра секс падчас вайны піша інфармацыйны рэсурс www.5692.com.ua. Разабрацца як уплывае яна на сэксуальнае здароўе дапамагала мясцовы сексолаг Маргарыта Шыўлоўская.

«Секс падчас вайны – рашэнне пары», – кажа ўрач. – Усё, што адбываецца – нармальна. Можна працягваць полавае жыццё ці рабіць паўзы. Галоўнае – гаварыць адно з адным пра пачуцці і падтрымліваць інтымнасць у той форме, якая задаволіць абодвух.

Паводле яе лібіда можа значна ўпасці, калі чалавек адчувае стрэс і нявызначанасць, адсутнічае нармальны сон. У выніку жанчыны не могуць атрымаць аргазм, а ў мужчын – заўчасная эякуляцыя або адсутнасць эрэкцыі.

Вельмі важна абмяркоўваць з партнёрам свае пачуцці, – раіць яна. Тады яму стане зразумела, што нежаданне сексу зусім не з-за яго. У выпадку, калі стан працягваецца доўга, то тады яго трэба абмеркаваць з  адмыслоўцам.

Вайна прыводзіць да асобасных канфліктаў, засцерагае сексолаг. Кожны па-свойму бачыць варыянты эвакуацыі, жыцця ў сховішчы ды іншае. На фоне гэтага могуць быць узаемныя крыўды, якія таксама ўплываюць на лібіда.

Выданне падае факты, якія ўплываюць на сексуальнае здароўе чалавека падчас вайны:

– Сіндром віны ацалелага моцна ўплывае на сексуальнае жаданне. Бо ў галаве круціцца: «як я магу займацца сексам, калі іншыя паміраюць».

 – Пры працяглым раставанні, закаханым лепш не чакаць гарачых начэй хуткім часам.

 – Пры працяглым устрыманні абодва партнёра могуць адчуваць цяжкасці.


Даўгаўпілс, Латвія

(горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).


Караблі ваенна-марскіх сіл Латвіі цяпер суправаджаюць на Балтыйскім моры судны, які транспартуюць у Клайпедскі порт газ. Робіцца гэта дзеля бяспекі газавозаў і забеспячэння жыццяздольнасці краіны, паведамляе інфармацыйны рэсурс Atvira Klaipėda.


Габрава, Балгарія

(Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару).


Канфіскаваныя мытным агенцтвам тавары першай неабходнасці на суму больш за 394 тысячы леваў (больш за 217 тыс. даляраў, 6tv.by ) перададуць на дапамогу ўцекачам з Украіны. Гэта абутак, пасцельная бялізна, ручнікі, піша рэсурс «BNR Хоризонт».

Цяпер у Балгарыі 84 600 грамадзян Украіны іх колькасць павялічылася больш чым на 2,5 тысячы за дзень, сведчаць звесткі адзінага парталу «Балгарыя для Украіны».

фота: 0512.com.ua