Трыумф магілёўскага сямікласніка Дзмітрыя Шыяна на міжнародным конкурсе баяністаў

Ён быў адзіным удзельнікам ад Беларусі.

Юбілейны XX Міжнародны конкурс “Віват, Баян!” у Самары скончыўся пераканаўчай перамогай навучэнца Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава.

Дзмітрый Шыян сёлета адзін прадстаўляў Беларусь на конкурсе. Тым не менш, сямікласнік трыўмфальна перамог адразу ў дзвюх намінацыях. Ён стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Вар’етэ” і лаўрэатам II ступені ў намінацыі “Класіка”.

Дзмітрый разам з педагогам Аляксандрам Кобравым цэлае лета рыхтаваўся да гэтага прэстыжнага спаборніцтва і вывучыў 2 конкурсныя праграмы для розных намінацый. Неверагодная працавітасць, артыстызм, любоў да сваёй прылады і велізарная падтрымка сям’і – вось складнікі поспеху Зміцера, паведамляе Веснік Магілёва.

Дзмітрый не прывык спачываць на лаўрах. Цяпер ён старанна рыхтуецца да новых спаборніцтваў. Наперадзе ўдзел у другім туры прэстыжнага конкурсу ў Маскве, дзе Дзмітрый Шыян таксама будзе адзіным баяністам ад Беларусі.