Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскі абстрэл забіў 2 і параніў 24 чалавекі. Фота з разбурэннямі (абноўлена)

Мікалаеў расійскія войскі 29 жніўня атакавалі днём. Колькасць пацярпелых пакуль трываюць аварыйна-пашуковыя працы павялічваецца. Спачатку паведамлялася пра 5 параненых, затым пра 11-ць. На 19 гадзіну па кіеўскім часе параненых стала 24.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Выданне «Новини N» апублікавала першыя фотаздымкі з разбурэннямі  пасля сённяшняга абстрэлу.

Абноўленыя звесткі пра пацярпелых паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім у тэлеграм-канале.

«24 параненыя, 2 загінулых», – сцісла напісаў ён.

За дзьве гадзіны да ягонага допісу мэр гораду Аляксандр Сянкевіч паведаміў, што вядома пра 11 параненых і 2 забітых мірных жыхароў.

Паводле яго ракеты пацэлілі ў жылыя кварталы і навучальныя школы. У сетках распаўсюджваецца відэа з трапленнем снарада ў адзін з мікалаеўскіх мастоў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Вайна ва Ўкраіне. 5-гадовая жыхарка Крывога Рогу сабрала для патрэб украінскага войска больш за 950 долараў

Марыя Макеева пад музычнае суправаджэнне свайго старэйшага брата 9 гадзін 54 хвіліны выконвала ўкраінскія песні ў цэнтры Львова, куды дзяўчынка пераехала падчас вайны. На сабраныя грошы вайскоўцам набылі цеплавізійны прыцэл.

Нацыянальны рэестр рэкордаў Украіны прызнаў 5-гадовую жыхарку з Крывога Рога наймалодшай валанцёркай, якая сваім выступам сабрала для Ўзброеных сіл Украіны 35 тыс. 492 грыўнаў (958,685 долараў ЗША, ММ).

Па словах кіраўніцы Нацыянальнага рэестра рэкордаў Ланы Ветравай «выступленне маленькай рэкардсменкі доўжылася 9 гадзін 54 хвіліны».

Ветрава адзначае, што спачатку дзеці марылі сабраць сродкі на бронекамізэльку, але, як высветлілі бацькі, на перадавой вельмі патрэбныя былі цеплавізійныя прыцэлы.

«Таму з дапамогай валанцёрскага фонду, які да дзіцячых сродкаў яшчэ даклаў пэўную суму, быў набыты цеплавізар INFIRAY СL35 M і перададзены нашым байцам на перадавую», – цытуе Ветраву інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

 

Хто яшчэ з дзяцей дапамог украінскаму войску

У Чарнігаве 8-гадовы Сяргей Мароз сабраў 64 тысячы грыўнаў (больш за 1 700 долараў ЗША, ММ) на рамонт трафейнага танка.

Ён ладзіў дабрачынныя канцэрты разам з бацькам.

Сабраныя грошы перададзеныя ў дабрачынны фонд украінскага валанцёра і тэлевядоўцы Сяргея Прытулы.

10-гадовая чэмпіёнка свету па шашках Вераніка Яжова сабрала 21 тысячу грыўнаў (700 долараў, ММ).

Грошы яна таксама перадала фонду Сяргея Прытулы.

7-гадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. 

Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» ў ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.

«У пацыентаў незагойныя раны». У Латвіі лечаць параненых у выніку расійскіх абстрэлаў украінцаў

У Рыжскую Усходнюю клінічную ўніверсітэцкую больніцу дастаўлены 21 чалавек з цяжкімі раненнямі, атрыманымі ва Украіне.


Пішам пра краіны суседкі, на жыццё якіх паўплывала поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны. Суседзі Беларусі апякуюцца уцекачамі-украінцамі, прымаюць на лячэнне ахвяраў вайны, пастаўляюць гуманітарную дапамогу Ўкраіне. Самі сутыкаюцца з эканамічнымі цяжкасцямі, прызнаюць наяўнасць крызісных прыкметаў у фінансавым сектары і не баяцца агучваюць сваю пазіцыю адносна таго, што творыць Расія ва Ўкраіне.


Паводле кіраўніка клінікі траўматалогіі і артапедыі Андрыса Вікманіса гэтыя пацыенты адрозніваюцца ад хворых з бытавымі траўмамі, бо для ахвяраў вайны неабходныя аперацыі па рэканструктыўнай хірургіі, пратэзы, трансплантацыя касцей.

Большасць дастаўленых пацыентаў – маладыя людзі з траўмамі, атрыманымі ў выніку абстрэлаў або выбухаў. Медыкі асцерагаюцца, што ў параненых на вайне магчымыя інфекцыі. Акрамя таго, у некаторых пацыентаў ёсць незагойныя раны, паведамляе  інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Міністр аховы здароўя Даніэль Паўлютс кажа, што каля 8000 мірных жыхароў Украіны ўжо атрымалі медычную дапамогу ў Латвіі.

Ён падкрэслівае: аб гатоўнасці падтрымаць параненых ва Украіне гаварылі ўжо даўно, але да гэтага часу вылечылі толькі некалькі такіх людзей. Па яго словах, Латвія здольная прыняць некалькі сотняў пацярпелых ва Украіне і зараз – час выкарыстоўваць гэтыя магчымасці.

У супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй M-Help.com Міністэрства аховы здароўя прадставіла спецыяльны аўтобус, здольны за адзін раз перавезці 21 пацярпелага.

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі M-Help.com Арвіс Рэкетс кажа, што арганізацыя першапачаткова дапамагала ў аснашчэнні ўкраінскіх больніцаў, але цяпер яна таксама дапаможа арганізаваць рэгулярныя аўтобусныя рэйсы для пацярпелых у вайне ва Украіне.

фота з рэсурсу: swissinfo.ch