Па выніках аўкцыёна 70 000 квадратных метраў у цэнтры горада прадалі за 1,76 мільёны даляраў.
21 верасня адбыўся аўкцыён па продажы магілёўскага завода “Строммашына” – паведамляе realt.by. Першапачаткова маёмасць завода выставілі на таргі ў ліпені за 26,7 млн рублёў. Прычына – даўгі прадпрыемства. Але на некалькі таргоў не было заявак. У выніку цана знізілася на 80%. Лот выставілі за 8 млн рублёў з паніжэннем цаны да мінімальнай у 5,34 млн рублёў.
У аўкцыёне было два ўдзельнікі, але адзіную стаўку зрабіў удзельнік № 1 у 15.30 – гэта значыць за поўгадзіны да заканчэння таргоў. Ім аказалася кампанія «Тведас», якой маёмасць завода дасталася за 5 738 812 рублёў або каля 1,76 млн даляраў.
Фірма “Тведас” спецыялізуецца на тым, што здае ў арэнду свае памяшканні (ёй належыць, напрыклад, гандлёвы цэнтр на рагу Бульвара Непакораных і Астроўскага) альбо памяшканні, якія арандуе сама. Заснавальнікам і кіраўніком фірмы фігуруе Сяргей Лапін.
Кампаніі дасталіся аб’екты нерухомасці, энергетычнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Плошчы – больш за 70 тысяч квадратных метраў. Яно размяшчаецца на ўчастку ў 13,5 гектара ў цэнтры Магілёва.
Участак былой “Строммашыны” паводле заканадаўства можа забудоўвацца пад грамадзянскую, жылую, транспартную інфраструктуру.
Фота: mogilev.media