У Магілёве з 7 па 14 снежня пройдзе “Тыдзень занятасці”

Праца знойдзецца ўсім – і пенсіянерам, і алкаголікам, і наркаманам, і вызваленым з турмы.

“Тыдзень занятасці” будзе праходзіць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама па вуліцы Касманаўтаў, 17.

Адкрые тыдзень “гарачая тэлефонная лінія” па пытаннях працаўладкавання пенсіянераў і асоб перадпенсійнага ўзросту, запланаваная на 7 снежня (з 9.00 да 12.00).

8 снежня з 9.00 да 16.00 ва ўпраўленні па працы адбудзецца “Дзень адкрытых магчымасцей”, з 11.00 да 12.00 – кірмаш вакансій для ўсіх катэгорый грамадзян. 

 

З 9.00 да 12.00 будзе арганізавана “прамая тэлефонная лінія” па пытаннях павышэння прававой пісьменнасці моладзі ў сферы працоўных адносін. У гэты ж дзень у 10.30 ва ўпраўленні па працы пачнецца інфармацыйна-кансультацыйная сустрэча аб магчымасці працаўладкавання асоб з інваліднасцю на прадпрыемствы горада “Пераадольваем перашкоду разам”. 

З 12.00 да 13.00 запланавана кансультацыйная гадзіна для асоб, вызваленых з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, асоб, якія пакутуюць на алкагалізм, наркаманію, таксікаманію і залежнасць ад іншых псіхаактыўных рэчываў, а таксама якія вядуць асацыяльны лад жыцця. 

У 11.30 пачнецца практычны занятак для беспрацоўных грамадзян з інваліднасцю “Адаптацыя на рынку працы”, з 11.00 да 13.00 пройдзе кансультацыйны пункт для грамадзян, якія жадаюць атрымаць фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай або рамеснай дзейнасці “Пабудуем бізнэс разам”.

9 снежня з 9.00 да 12.00 магілёўцы змогуць звярнуцца на «гарачую тэлефонную лінію» па пытаннях перасялення грамадзян на новае месца жыхарства і працы (як правіла, у сельскую мясцовасць).

13 снежня з 9.00 да 12.00 адбудзецца гарачая тэлефонная лінія па пытаннях прафесійнай арыентацыі і навучання грамадзян.

14 снежня з 10.00 да 12.00 на сайце e-vacancy.by пройдзе электронны кірмаш вакансій. У гэты ж дзень з 10.00 да 12.00 ва ўпраўленні па працы адбудзецца кансультацыйны пункт для жанчын, якія жадаюць атрымаць фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай або рамеснай дзейнасці “Ваш паспяховы жаночы бізнес”.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 41-88-04, 41-88-03, 41-88-16.

Кірмаш вакансій па-клімавіцку – з дваццаці чалавек на суразмову запрасілі чатырох

25 лістапада ў сектары занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Клімавіцкага райвыканкама 25 лістапада быў арганізаваны чарговы кірмаш вакансій – піша раённая газета “Родная ніва”. 

Па працаўладкаванне звярнуліся 20 чалавек. 

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі КСУП “Полашкава”, КСУП “Прыгранічны-Агра”, ААТ “Клімавіцкі ЛГЗ”, ГУКДСП “Клімавіцкая ПМК № 256”, ДРБУ-172, Клімавіцкага райспажыўтаварыства. Як падкрэсліла кіраўнік сектара Алеся Белькіна, сёння на рынку працы запатрабаваны прафесіі: кіроўца аўтамабіля, вадзіцель пагрузчыка, электрагазазваршчык, токар, электраманцёр, трактарыст-машыніст, заатэхнік, ветэрынарны ўрач, жывёлавод. 

Па выніках кірмашу чатыром суіскальнікам прапанавана прайсці ссуразмову ў будучых наймальнікаў.

У глыбінцы абнаўляюць базы «дармаедаў». Як праходзяць пасяджэнні камісіяў паказваюць фотаздымкі

На такіх камісіях людзі вымушаныя тлумачыць з чаго жывуць, каб не плаціць 100 працэнтаў камуналкі. Іх чыноўнікі настойліва заклікаюць афіцыйна працаўладкавацца.

У Мсціславе камісія па каардынацыі працы ў садзейнічанні занятасці насельніцтва пачала аналізаваць базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, за трэці квартал 2022 года.

«Набліжаецца ацяпляльны перыяд. Жыхары раёну, не занятыя ў эканоміцы, будуць абавязаны аплачваць паслугі з кампенсацыяй затрат на гарачае водазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне ў поўным аб’ёме. У сярэднім плата за гарачую ваду, ацяпленне, газ, вырасце прыкладна ў пяць разоў, – тлумачыць мясцоваму інтэрнэт-рэсурс Mstlife старшыня Мсціслаўскага райсавету і кіраўніца камісіі Алена Клеянкова.

Як вынікае з публікацыі раёнкі, камісія займаецца спраўджаннем спісаў, каб пазбегнуць памылак у неабгрунтаваным уключэнні жыхароў раёну ў базу дадзеных незанятага ў эканоміцы насельніцтва. Адзначаецца, што беспрацоўным прапанаваныя варыянты працы і яны накіраваны да наймальнікаў.

У Мсціслаўскім раёне няма буйных прадпрыемстваў. Мясцовая эканоміка трымаецца на працы сельгаспрадпрыемстваў, камунальных арганізацыяў ды прыватным бізнесе. Людзі радуюцца заробку ў 700 рублёў на рукі. Многія выязджаюць зарабляць у суседнюю Расію.

Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» нормы якога вызначалі, хто працаўладкаваны, а хто не, быў прыняты ў 2015 годзе. Лукашэнка запатрабаваў ад ураду «неадкладна паставіць на ўлік дармаедаў і прымусіць іх працаваць». У 2017 годзе «дэкрэт аб дармаедах» выклікаў масавыя пратэсты. Закон падправілі і змянілі назву: «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Цяпер замест штрафаў прапануецца працаўладкаванне, а калі гэта не спрацоўвае, то «беспрацоўнага» страшаць 100 працэнтнай аплатай камунальных паслугаў.