“Блакітную крыніцу” ў Касцюковіцкім раёне адродзяць талакой

Мясцовую “Блакітную крыніцу” адродзяць каля вёскі Клеявічы Касцюковіцкага раёна – піша golk.by. 24 лютага будзе праведзена экалагічная акцыя, далучыцца да якой Беладубраўскі сельвыканкам запрашае ўсіх неабыякавых.

Па ваду з мясцовай крыніцы прыязджаюць жыхары з усёй акругі. Вада тут заўсёды смачная і чыстая, па сваім хімічным складзе яна вельмі падобная на ваду з Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам. Вада адпавядае ўсім санітарным нормам і прыдатная для піцця.

Па падліках старшыні Беладубраўскага сельвыканкама М. Кажамякіна, добраўпарадкаванне крыніцы адным днём не абмяжуецца, бо трэба высекчы вакол дзікарослыя хмызнякі, зрабіць падсыпку грунта і выраўняць пляцоўку, уладкаваць стаянку для аўтамабіляў, усталяваць лаўкі, сталы, падстрэшкі. А яшчэ ў планах  – будоўля хрысцільні. 

Крыніца ў крычаўскім гістарычным раёне Забялышан ператварылася ў сметнік

Вакол валяецца шмат рознага бруду: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, мяшкі, непатрэбны посуд і нават парванае адзенне.

Засмечанасць натуральным чынам можа паўплываць на стан крынічнай вады, якая спажываецца жыхарамі горада. Гэта праблема ўжо існуе дастаткова даўно, але мясцовымі ўладамі не заўважаецца.

Забялышанская крыніца адрозніваецца добрай пітной вадой. Яна знаходзіцца на сутыку вуліц Рачной і Бялінскага, а таксама завулка Камарова. Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў раёне старой часткі горада пад назвай Забялышанскі пасад. Водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца каля самага Сожа. 

Жыхары вакольных вуліц часта бяруць ваду з Забялышанскай крыніцы. Сама крыніца каптавана жалезабетонным кальцом і накрыта жалезнай пласцінай, у якой зроблена дзвёрка для набірання вады. 

Фота: mogilev.media