Днём да +2°С, невялікія маразы, воблачна, невялікі снег – прагноз на рабочы тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць адносна цёплае для лютага дзённае надвор’е, невялікія начныя маразы, пахмурнасць, з праясненнямі. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 16 хвілін і дасягне 9 гадзін 55 мінут. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыйдзе а 8:15 і зойдзе у 18:10.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 13 лютага такі: раніцай да -1 0°С, удзень да +2°С, уноч да 1 +2°С, неба зноў пахмурнее, толькі месцамі магчыма праясненне, у асноўным без ападкаў. Вецер заходні і паўднёва-заходні, хуткасцю да 5, месцамі да 6–7 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.

Мікіта Конік. Народныя прыкметы:
На Мікіту чырвоны агонь у печы абяцае халоднае надвор’е, а белы цёплае.
Галкі і вароны крычаць бесперапынна – будзе снегапад, а магчыма, і завіруха.
У аўторак, 14 лютага, надвор’е абяцае быць пахмурным, з невялікім снегам. У Дзень закаханых ужо вее вясной: раніцай да 0 +1°С, днём чакаецца тэмператра каля +1 +2°С, уноч каля 0 -1°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. Прагназуецца панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў, хуткасцю да 5 м/с, месцамі – да 8 м/с.

Валянцін. Трыфан Зорысты. Народныя прыкметы:

Калі вецер моцны і халодны, то і вясна не будзе песціць цяплом, а лета будзе дажджлівым.
Калі на вуліцы штыль, то вясна будзе цёплай.
Калі неба на Трыфана зорна – вясна позняя.
Зорапад на Трыфана прадвесціць ціхую вясну.
Калі на Трыфана ідзе снег – вясна будзе дажджлівая.
Калі ў Трыфанаў дзень халады пачнуцца – вясна будзе позняя і халодная.

У сераду, 15 лютага, раніцай магчымыя тэмпературы да -2 -3°С, удзень каля 0°С, да ночы слупок тэрмометра апусціцца да -5 -6°С. На працягу сутак працягнуць панаваць паўночна-заходнія і паўночныя вятры хуткасцю да 3–5 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Раніцой і днём пераважна пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў, увечары магчыма праясненне.

Грамніцы. Зіма з летам сустрэліся: сонца на лета, зіма на мароз.
Раніцай на Грамніцы снег – да ўраджаю ранняй збажыны, апоўдні – сярэдняй, увечары – позняй.
На Грамніцы сняжок – увесну дажджок.
Кропель на Грамніцы прадвесціла ўраджай пшаніцы.
Грамніцы – час апошніх зімовых маразоў.
Калі неба бяззорнае – вясна заплача позна.

На чацвер, 16 лютага, прагназуецца наступнае надвор’е: уранні да -6°С, днем тэмпература падрасце да -2 0°С, да ночы зноў апусціцца да – 4 -5°С. Вецер паўднёвы і паўднёва-ўсходні, хуткасцю да 2-3 м/с. Пахмурна, без ападкаў.

Сямён і Ганна.
Калі на Сямёна і Ганну снег валіць шматкамі – лета будзе дажджлівым.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 17 лютага, прагназуецца ў асноўным пахмурнае надвор’е. Раніцай -4 -5°С. Паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю да 3–4 м/с удзень і ўвечар прынясуць пацяпленне і снег: днём да -1 -2°С, месцамі да 0, а к ночы тэмпература вырасце да 0 +1°С.

Сцюдзёны Мікола.
Рэдкі год у гэты дзень не было маразоў.
Мікалай Сцюдзёны – час звярыных вяселляў
Калі лес счарнеў, значыць варта чакаць адлігу.
Калі доўгія сухія яловыя галіны згінаюцца – будзе завіруха, а калі распростваюцца – надвор’е будзе спрыяльным.

Катаклізмы.

16 лютага 1600 года зафіксавана першае моцнае еўрапейскае пахаладанне. Яно было звязана з выбухам вулкана за тысячы кіламетраў ад нашых земляў, у Паўднёвым Пяру – ажыў Хуайнапуціна (Huaynaputina, на мове кечуа – “малады вулкан”).

Пасля гэтага ў Еўропе фактычна не было лета – снег мог выпасці нават у чэрвені, пастаянна ішоў халодны дождж. У некаторых беларускіх хроніках пісалася, што Балтыйскае мора замярзала да «Гоцкага вострава» (Готланд), і да яго можна было даехаць ледзь не на санях. Караблі не плавалі, рыбу не лавілі і не перавозілі.

Глыбокае прамярзанне беларускіх рэк, асабліва Нёмана і Дзвіны, вельмі турбавалі мясцовых купцоў, для якіх гэтыя рэкі былі асноўнымі гандлёвымі шляхамі. У пачатку XVII стагоддзя у нашых гарадах згадваюцца лядовыя кірмашы, калі гандаль выходзіў па-за межы гарадскіх рынкаў і размяшчаўся проста на лёдзе. Тое было прывольна, навокал рынка можна было будаваць лядовыя крэпасці і кідацца сняжкамі.

Хроніка размешчанага недалёка ад Быхава Баркулабаўскага манастыра падае жудасныя карціны прыроднай і гуманітарнай катастрофы, якая ахапіла Рэч Паспалітую і ВКЛ. Пачаўся “вялікі голад”. У суседняй Масковіі за 1601-1604 гады ён забраў 500 000 жыццяў.

Невялікія маразы, пахмурнасць з праясненнямі і снег вызначаць надвор’е на уікенд

На выходных у Магілёўскай вобласці захаваецца адносна цёплае для лютага і камфортнае па тэмпературах надвор’е, абяцаюць сіноптыкі. 

У пятніцу, 10 лютага, прагназуецца раніцай да -5 -3°С, удзень да -2 0°С, уноч да -2°С. Неба будзе пахмурным, магчыма месцамі праясненне, у асноўным без ападкаў, дзе-нідзе магчымы невялікі снег. Вецер паўднёва-заходні і заходні, хуткасцю да 4-5, месцамі да 7 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.

Яфрэм Сірын. Яфрэм Ветраннік (народны каляндар).

Вецер на Яфрэма – да сырога лета. Яфрэмаў вецер не да дабра.

Дзень (імяніны) добрага духу дома – дамавіка. Згодна з народным павер’ем, дамавік – захавальнік у ночы хлебнага духу ў печы.

Субота, 11 лютага абяцае быць пахмурнай, з невялікім снегам. Раніцай да -2 -1°С, днём прагназуецца тэмператра каля 0°С, уноч каля -2 +1°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. На працягу дня будуць панаваць паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры, хуткасцю да 5-7 м/с, месцамі – да 9 м/с.

Лаўрэн (народны каляндар). На Лаўрэна ведзьмы на палях “заломы” ладзяць. Каб адпудзіць паскуддзе, па кутах поля ўтыкалі чартапалох.

Люты пераменлівы ў гэты дзень: “і цеплынёй прылашчыць, і марозам аддубасіць”.

У нядзелю, 12 лютага, раніцай магчымы тэмпературы да -4°С, удзень каля -3 -2°С, увечары і ноччу да -3°С. На працягу сутак працягнуць панаваць вятры паўночна-заходняга і заходяга напрамкаў, хуткасцю да 3-5 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Захаваецца пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Даўжыня дня вырасла ўжо да 9 гадзін і 35 хвілін.

Дзень трох свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста.

“На трох свяціцеляў нельга прасці”, таму завуць гэты дзень яшчэ і “днём трох свяціцеляў – непрадзільшчыкаў”.

Чырвоны Месяц – на вялікі вецер.

Вецер панёсся – да сырога года.

Прыходзяць зайцы ў сады – будзе люты суровы.

Ваўкі выюць пад жыллём – да будучага марозу.

За суткі да адлігі мышы выходзяць з-пад ляснога подсцілу на снег.

Калі дрэвы пакрыліся шэранню, значыць быць цяплу.

Калі павеяў вецер з поўначы, а хмар няма – быць вялікім халадам.

Калі сонца зімой закотваецца ў хмару – будзе буран.

Снягір рыпіць, значыць будзе снег, завіруха і золь.

Катаклізмы. 12 лютага.

1943 год. На кукурузным полі нараджаецца вулкан Парыкуцін (Мексіка), які да 1946 дасягне вышыні 518 м.

1947 год. У гарах Далёкага Усхода Сіхатэ-Аліня, на ўзбярэжжы Японскага мора, падае самы буйны з вядомых чалавецтву жалезны метэарыт. 

Ён драбніцца ў атмасферы і выпадае жалезным дажджом на плошчы 35 квадратных кіламетраў. Яго маса ацэньваецца ў 60 тон, з якіх сабрана 27 тон у выглядзе аскепкаў рознай велічыні. Вага самага вялікага са знойдзеных сколкаў складае 1,7 тоны. Гэты метэарыт – прыклад класічнага метэарытнага падзення. Выключна спрыяльнымі аказаліся час і месца падзення, цудоўнае надвор’е і нават водападзел, які захаваў карціну разбурэнняў у максімальнай ступені. Месца падзення метэарыта было знойдзена на наступны дзень, а ўжо праз два тыдні першыя даследчыкі былі на месцы падзення.

Невялікія дзённыя маразы, пахмурнасць, снег – надвор’е да канца рабочага тыдня

У цэлым на бягучым працоўным тыдні ў Магілёўскай вобласці захаваецца адносна цёплае для лютага і камфортнае па тэмпературах надвор’е – абяцаюць сіноптыкі.

У аўторак, 7 лютага, прагназуецца ўдзень да -3°С, уночы да -10 -13°С, неба будзе пахмурным, магчыма месцамі праясненне, пройдзе невялікі снег. Вецер паўднёва-усходні, хуткасцю да 3, месцамі да 5 м/с. На дарогах галаледзіца.

Рыгор (народны каляндар). Народныя прыкметы:

Якое надвор’е з раніцы да поўдня, такое будзе і ў першую палову наступнай зімы.

Якое надвор’е з апоўдня да вечара – такое яно будзе ў другую палову наступнай зімы.

Ужо звініць першая крапель з дахаў дамоў нават пры марозе.

Серада, 8 лютага абяцае быць пахмурнай з магчымымі праясненнямі, з невялікім снегам. Днём прагназуецца невялікі мароз -3 -4°, ноччу да -6°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. На працягу дня будуць панаваць паўднёва-усходнія вятры, хуткасцю да 2 м/с, месцамі – да 5 м/с.

“Гарохавы” дзень. Па гароху варажылі на надвор’е – рассыпалі на сподак жменьку гароху. Калі ён звонка грукнуўся аб сподак – да жорсткіх маразоў, калі глуха – то хутка пойдзе снег.

Народныя прыкметы і назіранні.

Калі сініца з раніцы спявае, то зіма яшчэ прыйдзе.

Сава крычыць – холад вяшчае.

Выходзяць вонкі бабры.

Пачынаюцца вясновыя гульні ў зайцоў.

З’яўляюцца нашчадкі ў клястоў і мядзведзяў.

У чацвер, 9 лютага, удзень пацяплее, слупок тэрмометра пакажа -1°С, начныя тэмпературы складуць -7 -8°С. На працягу сутак працягнуць панаваць вятры паўднёва-усходняга напрамку, хуткасцю да 3 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Захаваецца пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў.

Дзень Івана Залатавуста.

Калі пасля завеяў у снежных гурбаў грабяні закругленыя, то гэта абяцае добры ўраджай.

Калі снег на палях ляжыць хвалямі, год будзе ўраджайным.

Апошні рабочы дзень тыдня, 10 лютага, днём будзе каля -1 -2°С, уноч да -4°С, месцамі да -8°С. Пахмурна, верагоднасць выпадзення снега. Узмацніцца хуткасць ветра да 7 м/с, месцамі да 9 м/с. Вятры паўднёва-заходняга накірунку.

Яфрэм Ветранік (народны каляндар).

Вецер на Яфрэма – да вільготнага лета. Яфрэмаў вецер не да дабра.

Імяніны дамавіка. Сялянкі рыхтавалі для дамавіка кашу і запрашалі на вячэру.

Добры клёў на рэках.

Фота: mogilev.media 

Падбадзерлівыя маразы, пахмурна, снегапады – прагноз надвор’я на выходныя

Нягледзячы на тое, што ў цэлым люты чакацца адносна цёплым і камфортным па тэмпературнаму рэжыму, у Магілёўскай вобласці канец бягучага тыдня, выходныя і наступны тыдзень адзначацца зменай калянулявых тэмператур на іх павольнае паніжэнне. 

Установяцца маразы, якія будуць бадзёрыць. Пройдуць снягі, якія закрыюць глебу і вулічны бруд, павялічыцца снегавое покрыва.

У пятніцу, 3 лютага, сіноптыкі прагназуюць тэмпературы ўдзень да -2°С, уноч да -3  -5°С, неба будзе пахмурным, пройдзе снег. Вецер паўночна-заходні, хуткасцю да 3, месцамі да 5-8 м/с. На дарогах галаледзіца.

Максім (народны каляндар). Прыкметы.

Калі яснае надвор’е, тое гэта да ранняй вясны.

Калі зара на Максіма ясная, то варта чакаць маразы.

Надвор’е гэтага дня вызначае лёс ураджаю: “Святло-месяц узыдзе, затуманіўшыся, з-за аблачыны – будзе добрае жыта ў засеках”, а калі неба бясхмарнае – пуста будзе на будучы год у свіранах.

У суботу, 4 лютага, і начныя і дзённыя тэмпературы панізяцца. Днём прагназуюцца марозы -3  -5°, ноччу  -6   -7°С. Даўжыня дня ўжо складае 9:06, ён павялічыўся ў Магілеве на 1 гадзіну і 42 хвіліны, але сонца і святла як не хапала, так і не хапае. Захаваецца воблачнае надвор’е, верагодна выпадзенне снега. На дарогах захаваецца галаледзіца. На працягу дня будуць панаваць паўночна-заходнія вятры, хуткасцю да 5 м/с, месцамі – да 8 м/с.

Народныя прыкметы.

Моцныя маразы, якія бываюць у гэты дзень называюцца Цімафееўскімі.

Пра гэта гаварылі яшчэ на Апанаса (31 студзеня): “Апанас-мароз марозіць нос, а ты пачакай, дачакайся Цімафея-паўзімніка”.

Чым больш выпадзе снегу, тым вышэйшы ўраджай збожжавых.

У нядзелю, 5 лютага, працягнецца павольнае падзенне тэмператур на 1°С. Удзень парагназуецца тэмпература -5 – 7°С, ноччу да -8°С. На працягу сутак будуць панаваць вятры паўночнага накірунку, хуткасцю да 7-8 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.

Цягам новага рабочага тыдня, верагодна, захаваецца трэнд паніжэння дзённых і начных тэмператур на 1°С.

Фота: mogilev.media 

Мокры снег, завіруха, вятры прагназуюцца на пачатку наступнага тыдня

Умовы надвор’я ў Магілёўскай вобласці хутка пагоршацца.

Паводле прагнозу сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня – напрыканцы студзеня ў Магілёўскай вобласці ўмовы надвор’я пагоршацца. Пры захаванні воблачнага надвор’я, чакаецца парывісты вецер, завіруха, наліпанне мокрага снегу. 

30 студзеня, у панядзелак,  ноччу месцамі, днём у многіх раёнах прагназуюцца ападкі ў выглядзе снега, мокрага снега, днём снега з дажджом і ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Месцамі мяцеліца, наліпанне мокрага снегу, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ўначы 0 -5°С, днём ад -3 да +2°С.

31 студзеня, у аўторак, на большай частцы тэрыторыі чакаецца снег, мокры снег. Месцамі слабая мяцеліца, наліпанне мокрага снега, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак захаваецца ў інтэрвале -3 +2°С.

У першы дзень апошняга каляндарнага зімовага месяца 1 лютага, серада, прагназуецца месцамі кароткачасовыя ападкі: снег, мокры снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература ўначы ад -2 да -9°С, днём ад -4 да +1°С.

Камфортныя тэмпературы, але пераважна пахмурна. Прагноз надвор’я на выходныя

27 студзеня, у пятніцу, на большай частцы тэрыторыі Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі, з адмоўнымі тэмпературамі, блізкімі да 0°С і невялікімі ападкамі. Тэмпература ноччу да -2  -5°С, удзень да 0  -1°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. Даўжыня дня ўжо складае 8:35, ён павялічыўся ў Магілеве на 1 гадзіну і 11 хвілін, але сонца і святла не хапае.

На працягу дня будуць панаваць паўднёва-заходнія вятры, у асноўным, невялікай хуткасцю да 1-2 м/с.

Снежнае покрыва на палях практычна адсутнічае або вышыня яго не перавышае 1-4 см, у асобных паўночна-заходніх раёнах 8-9 см. Больш значны мерзлы пласт таўшчынёй 10-29 см захоўваецца толькі ва ўсходняй частцы Віцебскай і на паўночным усходзе Магілёўскай вобласці – паведамляе Белгідрамет. 

Народныя прыметы на 27 студзеня:

Белыя аблокі абяцаюць мароз.

Калі дрэвы пакрыліся шэраню – быць цяплу.

Калі ў марозны дзень пайшоў снег – да пацяплення.

28 студзеня, у суботу, прагназуецца воблачнае надвор’е, магчыма праясненне. Ападкі малаверагодны. Тэмпература ноччу да -4°С, удзень да -1°С. Месцамі туман, слабы галалёд. Вецер усходне-заходні, хуткасцю да 4 м/с.

Павел па народнаму календару.

Калі на Паўла вецер – год будзе волкі (вільготны).

Зорная ноч абяцае добры ўраджай ільну.

Калі зоркі моцна блішчаць – быць марозу, а калі зоркі цьмяныя, то будзе цёпла. Калі з поўначы паказаліся хмары, то адлігі не чакай.

Снежны буран днём на Паўла прадвесціць моцны мароз ноччу.

Дзень ведзьмакоў. У даўніну лічылася, што ў гэты дзень ведзьмакі могуць перадаваць вучням свае здольнасці, у тым ліку для ўздзейнічання на надвор’е.

29 студзеня, у нядзелю, захаваецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Пераважна без ападкаў. Начныя тэмпературы складуць -4 -6°С, днём слупок тэрмометра падымецца не вышэй -2°С. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, хуткасцю да 5 м/с.

Ў даўніну казалі: які ў гэты дзень мароз – такая і летняя спякота.

У панядзелак, 30 студзеня, узмацніцца вецер, хуткасць да 7-9 м/с, пры парывах да 10-12 м/с. Прагназуецца снег, завіруха.

Мікалаеў: Смяротнасць перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў. Закрасавалі пралескі

Смяротнасць толькі ў Карабельным раёне Мікалаева падчас вайны перавысіла нараджальнасць амаль у 5 разоў, паведамляе korabelov.info. Па астатніх раёнах горада статыстыка пакуль не апрацавана. 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці. 

На працягу 2022 года ў раёне зарэгістравана 174 (у 2,3 разы менш, чым за 2021 год) нованароджаных і 852 (у 1,4 раза менш, чым за 2021 год) памерлых. Гэта азначае, што смяротнасць у 4,9 раза перавысіла нараджальнасць. Для параўнання: у 2021 годзе гэтыя суадносіны складалі 2,9, у 2020 годзе — 2,7.

Структура смяротнасці: хваробы сістэмы кровазвароту – 61,4%, злаякасныя новаўтварэнні –13,0%, траўмы, атручэнні і іншыя наступствы – 10,8%, хваробы органаў стрававання і інфекцыйныя хваробы  па 4,4%, хваробы органаў дыхання – 3,4%.

У Мікалаеве з-за анамальна цёплага надвор’я з 21 студзеня пачалі красаваць пралескі – пішуць мясцовыя СМІ.

Папярэдняе рэкордна ранняе красаванне было зафіксавана некалькі гадоў таму 29-30 студзеня. Сярэдняя тэмпература ў Мікалаеўскай вобласці ў студзені 2023 года на 5-6 градусаў перавышае абсалютны сярэдні максімум па шматгадовым назіранні.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Магілёўшчына плыве з-за адлігі. Надвор’е на выходныя

20 студзеня, у пятніцу, на большай частцы тэрыторыі Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць воблачнае надвор’е з плюсавымі тэмпературамі і ападкамі. Тэмпература ноччу да +1°С, удзень +2 +4°С. Дажджы на працягу дня. 

Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. На працягу дня вятры будуць мяняць свой накірунак з паўднёвага на паўночны, з паўднёва-заходняга на паўночна-заходні. Хуткасць ветра да 2-4 м/с.

Пад уплывам ападкаў працягнецца дэградацыя снежнага покрыва.

Рэкі выходзяць за берагі

У сувязі з дажджамі на ўсім працягу Бярэзіны, Сожа, на Дняпры на ўчастку Магілёў – Жлобін назіраецца няпоўны ледастаў і ледастаў з палонкамі. Павялічыліся прасторы з адкрытай воднай паверхняй, лёд пацямнеў і растае на месцы.

На рэках назіраецца рост узроўняў вады. На прытоку Сожа рацэ Проня каля вёскі Ляцягі ўзровень вады на 24 см перавышае небяспечную высокую адзнаку. Узровень вады блізкі да небяспечна высокай адзнакі назіраецца на  Бярэзіне каля Бабруйска.

21 студзеня, у суботу, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Тэмпература ноччу да +1°С, удзень да +2С. Месцамі туман, слабы галалёд. Вецер пераважна усходняга напрамку хуткасцю да 7 м/с.

Амяльян

У народзе Амяльян. У большай частцы выпадкаў на гэты дзень былі снежныя завірухі, снегапады.

Калі на Амяльяна паўднёвы вецер, то лета навальнічным будзе.

Ясны дзень абяцае засушлівае лета.

Сусветны дзень снега

22 студзеня, у нядзелю, захаваецца воблачнае надвор’е. Пераважна без ападкаў. Начныя тэмпературы складуць 0 -1°С, днём слупок тэрмометра дасягне адзнак +2 +3°С. Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер усходні, паўнёва-усходні хуткасцю да 5 м/с.

У апошнюю нядзелю студзеня з 2012 года святкуецца Сусветны дзень снега (World Snow Day), дзень зімовых відаў спорту. Але ў гэтым годзе свята пройдзе без снега. У сувязі з гэтым, раённае спартыўнае свята “Касцюковіцкая лыжня — 2023” пераносіцца на іншы час.

Народныя прыкметы

Калі хатняя жывёла, выпушчаная на двор, імкнецца вярнуцца ў хлеў – быць снегу і холаду.

Ясны дзень абяцае добры ўраджай.

Надвор’е дня характарызуе ўвесь верасень.

Але студзень, па ўсіх прагнозах, павінен выйсці на свае шматгадовыя сярэднія тэмпературныя паказчыкі.

Ужо з панядзелка, 23 студзеня, пачнецца плаўнае ўстойлівае паніжэнне тэмператур, пахмурнае надвор’е зменіцца на яснае.

На Галодную Куццю і Вадохрышча адліга, тэмпература да +7°С. Дажджы

Любаты і замілавання ад пацяплення мы, аднак, не адчуем.

18 студзеня, у сераду, перад Вадохрышчам, на большай частцы тэрыторыі Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е з плюсавымі тэмпературамі. 

Тэмпература ноччу  -2 +3°С, удзень +2 +7°С. Але жыхары вобласці не адчуюць любаты і радасці ад гэтага падвышэння тэмпературы, ад адлігі. Будзе вельмі некамфортна – нізкія аблокі, на працягу дня ападкі – мокры снег раніцой і дождж на працягу дня. 

Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. З прычыны супрацьстаяння розных барычных сістэм будзе месцамі ўзмацненне ветра. Вецер паўднёва-ўсходні хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 11-15 м/с.

Народныя прыкметы

Калі ў гэты дзень мяцеліца, снег або пазёмка – быць ураджаю

Калі снег пагне сукі на дрэвах, будзе добры ўраджай, пчолы стануць добра раіцца

Мала снегу на галінах дрэў – летам ні грыбоў, ні ягад не шукай

Калі ў вадохрышчанскі вечар зоркі блішчаць і гараць, то старыя прадказвалі ўрадлівасць ягнят, тады яны казалі: “Яркі зоркі спародзяць белыя яркі”.

Калі ў гэты дзень будзе мяцеліца – тое ж самае будзе і на Масленіцу

Калі моцныя паўднёвыя вятры – будзе лета навальнічнае.

Калі раніцай ідзе снег, то ўраджай хлеба будзе добры.

На Галодную куццю быў снег – уродзіцца грэчка.

Чыстае неба ў Вадохрышчанскую ноч, быць добраму ўраджаю гароху.

Калі на небасхіле поўны месяц на Вадохрышчанскую куццю – да вялікага разліву рэк.

Калі шмат брэшуць сабакі, то будзе ў лесе шмат дзічыны і звера.

 

19 студзеня, чацвер, захаваецца прыкладна такое ж надвор’е, як і напярэдадні.. “Вадохрышчанскіх марозаў” не будзе. У ноч чакаецца тэмпература да -1   +4°С, днём слупок тэрмометра падымецца да +1  +6°С. На працягу дня пройдзе дождж. Вецер паўднёва-заходні хуткасцю 4-9 м/с, ноччу пры парывах да 14 м/с.

Прыметы на Вадохрышчанскі вечар, Галодную Куццю

На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі : “Трэшчы не трэшчы, прыйшлі вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру”. Маўляў, большых маразоў ужо не будзе.

Прыкметы на Вадохрышча

На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача

Калі воблачнае неба, то хлеб на вясну ўрадзіцца, а яснае – чакаць неўраджайнага года.

Цеплыня, адліга, смуга, снег, іней – спрыяльныя для будучыні ўраджая: “На Вадохрышча дзень цёплы – хлеб будзе цёмны (высокі)”.

Яснае і добрае надвор’е ў дзень прадвесціць засуху і ўраджай гароху, пахмурнае і снежнае – багаты ўраджай, асабліва на грэчку; мяцеліца – пчолы добра будуць раіцца.

Калі неба паўсюль будзе пахмурнае, дык усякаму хлебу род; калі ж толькі на адным усходнім баку – добра ўродзіцца жыта; на заходняй – авёс; на паўднёвай – проса; на паўночнай – грэчка.

“На Вадохрышча снег шматкамі, завіруха – да ўраджаю, ясны дзень – да неўраджаю”.

Аблокі апоўдні – да добрай будучыні ўраджаю. Калі ноч будзе зорнай – урадзяцца гарох і ягады. “На Вадохрышча шмат зорак – чырвоных ягад будзе шмат і чарніц”.

“Хрышчэнне пад поўны месяц – быць вялікай вадзе”

“Калі ў гэты дзень палонка поўная – быць вялікаму разліву рэк”.

20 студзеня, у пятніцу, прагназуецца воблачнае надвор’е, з ападкамі і днём і ноччу – дождж. У асобных раёнах слабы туман і галалёд, на дорогах галаледзіца. Тэмпературныя паказчыкі захаваюцца на ўзроўні 19 студзеня: ад -1  +4°С уноч да +1  +6°С у дзень. Вецер памяняе свой напрамак на паўночна-усходні, усходні. Хуткасць ветра 4-5, месцамі да 7-9 м/с. Месцамі туман.

Узмацненне ветру парывамі да 20 м/с. Плюсавая тэмпература

Днём 15 студзеня, у нядзелю,  на большай частцы тэрыторыі краіны, а ноччу 16 студзеня, у панядзелак, па поўначы чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, – папярэджвае Белгідрамет.

Заўтра, у нядзелю 15 студзеня ў Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е, без істотных ападкаў. Верагоднасць ападкаў 10-15%. Слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра 0.. +2 °C. Вецер паўднёвы, 5-10 м/с, парывамі  да 14 м/с, у асобных раёнах да 20 м/с.