На месцы магчымага будаўніцтва царквы Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы ў Пячэрскім лесапарку ў Магілёве, камітэт прыродных рэсурсаў выявіў дрэвы, высякаць якія забаронена.
Магілёўскі актывіст Дзмітрый Яўстратаў апублікаваў на старонцы “Магілёў і магілёўцы” ў Facebook адказ, атрыманы ад Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў. На запыт Дзмітрыя Яўстратава праверыць законнасць вырубкі дрэваў у Пячэрскім лесапарку пад будаўніцтва новай царквы, у камітэце адказалі наступнае.
“Па выніках абследавання выяўлены факт наяўнасці такіх дрэваў, як дуба чарэшчатага, клёна востралістнага, ясеня звычайнага, ліпы, якія забаронены да выдалення ў межах ахоўнай зоны заказніка мясцовага значэння “Пячэрскі”.
У сувязі з гэтым, абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя накіраваў у Магілёўскі гарвыканкам і аблвыканкам прапановы разглядзець іншае месца пад будаўніцтва царквы.
Храм Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы ў Пячэрскім лесапарку плануецца будаваць у межах ахоўнай зоны Пячэрскага лесапарку – пісалі mogilev.media. Гэта выклікала неаднзначную рэакцыю сярод жыхароў навакольных дамоў, збор подпісаў супраць будаўніцтва, якія, аднак, былі праігнараваныя горадабудаўнічым саветам пры Магілёўскім гарвыканкаме.