“Балюча і крыўдна, што мы маглі б нешта змяніць, але не можам”. Жыхарка Асіповіцкага раёну прасіць Лукашэнку вырашыць праблемы вясковага жыцця

Ксенія Палаш кінула жыццё ў сталіцы і перабралася ў мясцовую вёску Коханаўка. Як яна апавядае ў сваім відэа, з сям’ёю пераехала ў сельскую мясцовасць, пачуўшы заклікі «аб малой радзіме і, што трэба падымаць сяло».

Пражыўшы ў Коханаўцы два гады жанчына сутыкнулася з праблемамі, якім не змагла даць рады ўлада, таму яна наважылася звярнуцца да Лукашэнкі. 

У Ксеніі Палаш тры пытанні: каб ёй далі лішак зямлі, не закрывалі ў аграгарадку дзіцячы садок ды правялі высакахуткасны інтэрнэт.

Не даюць зямлю нават у арэнду, «бо яна калгасная». А вяскоўка дужа прасіла.

Па словах Ксеніі Палаш, у 2016 годзе «яны сталі шукаць сабе жытло ў Мінскай вобласці». Паводле жанчыны, у 2018-ым, пачуўшы анансаванні году Малой радзімы, яе зацікавіла адна з праграмаў.

Да 2020 году яна чакала пакуль праграму аформяць «па закону», але пачалася пандэмія каранавірусу і ў «Мінску стала не магчыма знаходзіцца». Тады, кажа Ксенія, удалося падшукаць дом у Коханаўцы. Па яе словах, цэлы год сям’я займалася ўпарадкаваннем пляцоўкі пад гаспадарку.

Спробы разжыцца лішкам зямлі не далі плёну. Жанчына звярталася ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы. Уладальнік поля, якое побач, гатовы арандаваць гектар зямлі, але толькі юрыдычнай асобе.

Ксенія напісала ў адміністрацыю Лукашэнкі. Адтуль зварот накіравалі ў Асіповіцкі райвыканкам. Мясцовыя чыноўнікі адпісалі, што яе пытанне адправілі ў Магілёўскую землеўпарадкавальную службу. Жанчына кажа, што цягам трох месяцаў з райвыканкаму ёй не адказваюць.

Паўторны ліст, кажа Ксенія, з адміністрацыі Лукашэнкі адправілі ў Магілёўскі аблвыканкам. Той адпісаў, што яна не можа разлічваць на лішні кавалак зямлі.

«Звярнуцца больш няма да каго!», – канстатуе Ксенія Палаш.

Яна кажа, што ў яе толькі 18 сотках зямлі і на іх яна не можа весці паўнавартасную сельскую гаспадарку.

Зачыняюць дзіцячы садок, а каб дабрацца да новага «транспартныя зносіны адсутнічаюць».

Ксенія Палаш цвердзіць, што ў аграгарадку Карытнае, які побач з Коханаўкай, закрываюць дзіцячы садок. Па яе словах, каб дабрацца ў новы, які, як яна мяркуе, будзе ў пасёлку Глуша, дзе і школа, трэба больш за чатыры гадзіны. Ехаць у Глушу трэба праз Бабруйск, бо іншай дарогі няма. Але, ставіць пытанне вяскоўка, як вярнуцца назад?

«Ладна ў мяне ёсць машына, – адказвае яна і зноў пытаецца. – Але, як быць людзям, якія жывуць у аграгарадку Карытнае? У іх няма машын, але дзеці ёсць!».

Паводле яе, закрыццё садка вялікая праблема, бо мясцовыя губляюць і працоўныя месцы.

«Мы знішчым вёску адназначна, – настойвае аўтарка відэа. – Яе і так замала засталося. У нашай вёсцы толькі дзесяць чалавек. У аграгарадку больш. Як прыедзе моладзь? Калі яна не зможа дзіця аддаць у садок?».

Адсутнічае «добры інтэрнэт», бо з яго дапамогай «можна падключыць сістэму «разумны дом», а з ёю лягчэй упраўляцца з гаспадаркай.

Ксенія Палаш тлумачыць, што праблема ў вёсцы з высакахуткасным інтэрнэтам. Яна дзівіцца, што яго няма, калі «мы ўсё жывём у 21 стагоддзі».

Па яе словах, «за 400 мэтраў ад дому ёсць лінія «Белтэлекаму». Адтуль адпісалі, што правесці лініі няма тэхнічнай магчымасці.

«Мне хацелася б чытаць навіны з праўдзівых крыніцаў, камунікаваць з сябрамі, глядзець фільмы і навучацца чамусьці новаму. І вядома, мець «разумны дом», каб можна было б птушку карміць і паіць», – тлумачыць гаспадыня гаспадаркі.

Падсумоўваючы свой аповед Ксенія Палаш адзначае, што прыехалі ў вёску, бо «пачулі заклікі аб малой радзіме, што трэба падымаць сяло».

«У нас тут дзясятак жылых дамоў. А вёска ўсё пусцее і пусцее. Дужа балюча і крыўдна глядзець на тое, што мы маглі б нешта змяніць, але мы не можам», – падкрэслівае Ксенія Палаш у звароце да Лукашэнкі.