Новая станцыя абезжалезвання адкрылася ў Чавускім раёне

Раней мясцовыя жыхары маглі ўжываць для піцця ваду толькі са студні – з прычыны цёмнага колеру і жалезнага прысмаку вадаправоднай.

У вёсцы Галачова Чавускага раёна ўрачыста адкрылі станцыю абезжалезвання. Гэта  трэцяя па ліку з пачатку года і 11-я ў раёне. Адкрыцце неабходнага аб’екта прымеркавалі па старой савецкай традыцыі да дня  Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін павіншаваў галачоўцаў з адкрыццём аб’екта і падкрэсліў, што дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання жыхары вёскі цяпер будуць спажываць чыстую ваду. 

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Храмянкоў адзначыў, што гэта “адзінаццатая станцыя абезжалезвання, адкрытая ў Чавускім раёне. Дзевяць з іх функцыянуюць у сельскіх населеных пунктах. Рэалізацыя праграмы “Чыстая вада” ў нашым рэгіёне працягваецца”.

Па інфармацыі прадстаўніка «Магілёўскага водаканала» Сяргея Цюканькі якасць вады ў Галачове была нездавальняючай, утрыманне жалеза перавышала 1 мг/л, а пасля таго, як станцыя была ўведзена ў эксплуатацыю, паказчык зніжаны да 0,1 мг /л. Магутнасць станцыі 2,5 кубаметра за гадзіну дазваляе забяспечыць неабходны ўзровень ачысткі вады – паведамляе раённая газета “Іскра”.

фота: chausynews.by