“Як увайсці ў гандлёвыя сеткі?” – на прыкладзе калгаса “Рассвет” аграрыі ўсёй краіны вучыліся працаваць з гіпермаркетамі
На базе ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага»на Кіраўшчыне прайшоў рэспубліканскі навучальны семінар, на якім прадстаўнікі гандлёвых сетак і сельгасвытворцаў вучыліся супрацоўнічаць – піша газета “Кіравец”. Аказалася, што не ўсё так безнадзейна, як падаецца. У семінары прынялі ўдзел высокія чыноўнікі і простыя аграрыі з усёй Беларусі, на якіх трымаецца краіна.
Месцам правядзення невыпадкова стала ААТ «Рассвет ім. К.П. Арлоўскага». Гаспадары паказалі сховішча для агародніны. Дырэктар сельгасарганізацыі Аляксандр Багель распавёў аб вытворчасці бульбы, агародніннай і садавіннай прадукцыі і аб тым, як наладжаны іх захоўванне, збыт, а таксама партнёрства з гандлем. Яму было што паказаць і чым пахваліцца.
З боку гандлёвых сетак на семінары выступілі прадстаўнікі найбуйнейшай беларускай прыватнай сеткі харчовых магазінаў “Еўроопт”. Яны ў сваю чаргу прадэманстравалі праверку якасці сельскагаспадарчай прадукцыі, звярнулі ўвагу на патрабаванні да яе. Гандляры распавялі, што трэба зрабіць вытворцам, каб прадукцыя мела збыт – то бок, каб гандлёвыя сеткі з ахввотай бралі яе на рэалізацыю.
Як прызналіся ўдзельнікі семінара, праблемы супрацоўніцтва паміж вытворцамі і прадаўцамі актуалізаваліся ва ўмовах санкцый. Выглядае, што галоўнай прычынай нізкага ўзроўню супрацоўніцтва выявілася недастатковая падрыхтаванасць сельгасарганізацый краіны да пастаўкі якаснай, канкурэнтнай і таннай прадукцыі.
Кастрычніцкі і чэрыкаўскі сталі лепшымі на Магілёўшчыне і паказалі, што павінен умець рабіць прафесіянал у міліцыі
З работай самых масавых катэгорый работнікаў міліцыі так ці інакш сутыкаецца кожны беларус. І мы ўсе разумеем, як важна, каб міліцыянеры з аднаго боку былі прафесіяналамі, а з іншага – памяталі, што служаць беларускаму народу, умелі падтрымліваць кантакт і вырашаць праблемы простых людзей.
Сам жа конкурс цікавы яшчэ і тым, што ён паказаў, якія якасці міліцыянераў лічыць важнымі іх міліцэйскае начальства.
Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства прайшоў у Магілёве на званне “Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі” і “Лепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх”. Конкурс паказаў, якія якасці патрэбны самым блізкім да народу шэраговым міліцыянерам для нясення службы і чаго ім не хапае.
Што было
Як сведчыць сайт УУС вобласці спаборніцтвы пачаліся са страявога агляду і экзамену па страявой падрыхтоўцы. Тут усё зразумела.
Надалей супрацоўнікі міліцыі стралялі з табельнай зброі і дэманстравалі баявыя прыёмы барацьбы. Трэба адзначыць без жартаў, што гэта вельмі актуальныя навыкі менавіта для ўчастковых. Многія думаюць, што толькі АМАП і іншыя спецыяльныя структуры здзяйсняюць захопы і абясшкоджванне злачынцаў. А насамрэч, “пад нож” часцей за ўсё ідуць менавіта работнікі нізавога звяна, а большасць злачынстваў маюць побытавы характар.
Яшчэ інспектары здавалі іспыты па фізічнай, спецыяльнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Без добрай фізічнай формы і спецыяльных навыкаў паспяхова працаваць немагчыма. А ўмець аказаць першую медычную дапамогу, нават прыняць роды, абавязан кожны міліцыянер.
Завяршыўся дзень спаборніцтвам у аратарскім майстэрстве. Сайт не тлумачыць, у чым заключаўся гэты конкурс. Калі ва ўменні выступаць са сцэны, то гэта, як падаецца, не самае важнае.
Чаго не было
Што здзівіла, так гэта адсутнасць рэальна важных конкурсаў па вырашэнню канфліктных сітуацый і прымірэнні жыхароў, на недапушчэнне канфліктаў.
Што рабіць, калі п’яныя не кантралююць сябе, калі муж скардзіцца, на тое, што жонка скрала з іх халадзільніка ягоную каўбасу? Як паводзіць сябе, калі суседзі знізу “пасылаюць” радыяцыю на суседзяў зверху?
Падобных нестандартных сітуацый у любога ўчастковага некалькі тузінаў. Вось у вырашэнні іх і крыецца прафесіяналізм міліцыянера, які павінен умець без прымянення сілы знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Хочацца верыць, што падобныя заданні былі ў час экзамена па спецыяльнай падрыхтоўцы.
Пераможцы
Лепшым участковым інспектарам міліцыі Магілёўскай вобласці стаў маёр міліцыі Яўген Дзянісенка з Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва. Другое месца заняла лейтэнант міліцыі Юлія Дзяшук, якая прадстаўляе той жа райаддзел. На трэцім месцы апынуўся капітан міліцыі з Крычава Уладзіслаў Стручкоў.
Сярод участковых інспектараў па справах непаўналетніх лепшым стаў старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Вараб’ёў, які прадстаўляе Чэрыкаўскі РАУС. На другім месцы старшы лейтэнант Ангеліна Казлова з Краснаполля. Замыкае тройку лідараў капітан міліцыі Вікторыя Прымачак з Ленінскага РУУС г. Магілёва.
Радуе, што палова пераможцаў жанчыны. Сусветная практыка паказвае, што калі колькасць жанчын у паліцыі дасягае хаця б 40%, то скарг, карупцыі і канфліктаў у гэтай службе становіцца значна менш.
Пераможцы будуць абараняць гонар Магілёўскай вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу прафесійнага майстэрства.
На рацэ Добасна ў мястэчку Красны бераг, гісторыя якога сягае ў пачатак 16 стагоддзя, размешчаны сядзібна-паркавы комплекс Козелаў-Паклеўскіх. Экскурсаводы лічаць яго «вельмі цікавым турыстычным аб’ектам».
Да 1919 году тутэйшыя мясціны былі памежнымі між Магілёўшчынай і Міншчынай. Цяпер гэта Гомельская вобласць. Гістарычна ж мясцовы люд цягнецца да Бабруйску, які быў часткай Мінскай губерні.
Да бліжэйшага райцэнтру Жлобіна ад Краснага берага 20 кіламетраў. Да Бабруйску напрасткі – 45 кіламетраў.
Сядзібна-паркавы комплекс помнік архітэктуры, узведзены ў стылі эклектыкі і садова-паркавага мастацтва канца 19 стагоддзя.
Маёнткам Красны Бераг у канцы 19 стагоддзя валодалі генерал-лейтэнант расійскай арміі Міхаіл Гатоўскі і яго жонка дваранка Марыя-Юзэфа Гатоўская. Для іх архітэктар з еўрапейскай адукацыяй Віктар Шротэр, спраектаваў палац. У 1893 годзе ён быў узведзены.
Адначасна з яго будаўніцтва вяліся працы па закладцы «англійскага парку». Гэтым займаўся варшаўскі садавод Францішак Шаніёр. Садова-паркаваму рамяству ён вучыўся ўва Францыі, а ў Варшаве быў адказным за сад і парк каралеўскага палацу.
Уклаўся ў будаўніцтва і зяць Гатоўскіх – Козел-Паклеўскі, ураджэнец Полаччыны, купец, мецэнат, грамадскі дзеяч.
У аздабленні 36 пакояў сядзібы спалучаюцца элементы 12 стыляў. Сярод іх готыка, ракако, барока і нават рэдкі арабскі стыль – альгамбра / маўрытанскі.
У 1905 годзе мясцовыя сяляне спрабавалі абрабаваць маёнтак, але прыбылыя з Бабруйскай крэпасці вайскоўцы такім намерам перашкодзілі.
У 1917 годзе бальшавікі маёнтак нацыяналізавалі, а пазней савецкая ўлада стварыла ў ім сельскагаспадарчую вучэльню. Гэта ўратавала комплекс ад разбурэння.
У часы Другой сусветнай вайны ў сядзібе гітлераўцы размясцілі шпіталь.
Паводле знаўцаў архітэктуры, комплекс выглядае цэласным. Добра захаваны сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы. Комплекс з’яўляецца філіялам Жлобінскага краязнаўчага музею. Тутэйшы парк – помнік прыроды рэспубліканскага значэння.