Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле прысуд па справе жыхара Мсціслаўскага раёна, які пад выглядам рамонту мэблі падмануў два дзясяткі кліентаў, а таксама ўхіляўся ад выплаты аліментаў.
Як паведамляе абласны суд, з лістапада 2023 па красавік 2024 года фігурант справы, грамадзянін М., размяшчаў у інтэрнэце аб’явы аб рамонце мэблі. Атрымаўшы заказы, ён прыязджаў да кліентаў, заключаў дамовы і забіраў мэблю, атрымаўшы перадаплату за будучую працу. Аднак свае абавязанні выконваць не спяшаўся — грашыма распараджаўся як хацеў, а на званкі заказчыкаў з часам перастаў адказваць.
Як высветлілася, ад дзеянняў М. пацярпелі 20 чалавек. Агульная сума шкоды склала 8 910 рублёў. У ходзе праверкі праваахоўнікі выявілі мэблю толькі ў часткі пацярпелых: шэсць чалавек атрымалі яе назад у адрамантаваным стане, у астатніх яна захоўвалася ў разабраным выглядзе або зусім стала непрыдатнай.
Таксама было ўстаноўлена, што М. сістэматычна ўхіляўся ад выплаты аліментаў на непаўналетнюю дачку. Нягледзячы на рашэнне суда аб абавязку штомесяц пералічваць 25% усіх відаў даходу, ён больш за тры месяцы цягам года не рабіў гэтага, не працаўладкоўваўся і іншай матэрыяльнай дапамогі не аказваў. Запазычанасць па аліментах склала 1 404 рублі.
У судзе абвінавачваны не прызнаў віны ў махлярстве, спасылаючыся на цяжкае фінансавае становішча, але прызнаў віну ва ўхіленні ад выплаты аліментаў і раскаяўся. Суд у Мсціславе прызначыў яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і накіраваў на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
На карысць пацярпелых ён павінен выплаціць 5 160 рублёў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц