Дзень у гісторыі. 21 кастрычніка. Адкрыццё Магеланава праліва. Дзень прататыпа галоўнага героя «На ростанях» Сяргея Скандракова, акадэміка Уладзіміра Пічэты, кардынала Казіміра Свёнтака. Адкрыццё Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра

1520 год. Адкрыты праліў, названы пазней Магеланавым.

Кіраўнік першай кругасветнай экспедыцыі (1519-1522) Фернан Магелан апынуўся каля вузкага скалістага праходу, зусім не падобнага на праліў. Разведка данесла: праход ёсць.

Ён даў праліву, які злучае Атлантычны і Паўднёвы (ён так называўся дагэтуль, Ціхі – назва Магелана) акіяны,  назву ў гонар свята Усіх Святых, але пазней іспанскі кароль змяніў яго, назваўшы ў гонар адкрывальніка.

Самому Магелану не наканавана было вярнуцца дадому: ён загінуў 27 красавіка 1521 года, умяшаўшыся ў міжусобную барацьбу тубыльцаў на Філіпінскіх астравах. 

З усёй экспедыцыі толькі карабель “Вікторыя” пасля шматлікіх цяжкіх прыгод дабраўся да роднай гавані пад кіраўніцтвам Эль-Кана.

Экспедыцыя Магелана, абышоўшы вакол Зямлі, пацвердзіла, што Зямля – шар.

tunnel.ru

1714 год. Аляксандра Меншыкава прынялі ў Лонданскае каралеўскае таварыства. У дыпломе гаварылася аб “дасканаласці дабрадзейнасцяў”, пра яго поспехі ў справе “распаўсюджвання навук і майстэрстваў”. Пад дакументам стаяў подпіс сэра Ісаака Ньютана. 

Магчыма, вялікі навуковец не ведаў, што “святлейшы князь” амаль не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, але і не мог адмовіць у просьбе пыхліваму паплечніку рускага цара.

А. Меншыкаў – рускі дзяржаўны і ваенны дзеяч, бліжэйшы паплечнік і фаварыт Пятра I, генералісімус, адмірал. 

Паводле працы “Гісторыя Пятра” А. Пушкіна, Меншыкаў паходзіў ад беларускіх дваранаў, каля Оршы ён адшукаў свой радавы маёнтак.

wikimedia.org

 1833 год. Нарадзіўся Альфрэд Нобель

Шведскі хімік, інжынер, заснавальнік Нобелеўскай прэміі. “Прадавец смерці” – вынаходнік дынаміта. 

Завяшчаў сваю велізарную маёмасць на заснаванне Нобелеўскай прэміі. Фонд яе склала сума ў 31 мільён крон

На працягу ўсяго жыцця Нобель вызнаваў пацыфісцкія ідэі. 

У яго гонар названы хімічны элемент набелій,  фізіка-хімічны інстытут у Стакгольме, універсітэт ва ўкраінскім Дняпры (былы Днепрапятроўск).

wikimedia.org

 1876 год. Нарадзіўся Сяргей Скандракоў

Беларускі аграном, журналіст, краязнавец.

Збярог некалькі твораў  Каруся Каганца.

Прафесар БДУ, БСГА, Інбелкульта, адказны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі.

У 1930 годзе рэпрэсаваны ДПУ БССР. Пакаранне адбываў у Яраслаўлі.

Вёў навуковую і педагагічную працу ў Расіі, Сярэдняй Азіі і Казахстане. 

Памёр 2 жніўня 1953 года ў Карагандзе.

Сябраваў з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Уладзімірам Караленкам.

Прататып Кандаковіча ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

wikimedia.org

 1878 год. Нарадзіўся Уладзімір Пічэта

Беларускі гісторык, першы рэктар БДУ (1921-1930). Заслужаны прафесар, акадэмік АН БССР і СССР. Адзін з арганізатараў Інбелкульта.

Вывучаў гісторыю ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Расіі.

У верасні 1930 года быў арыштаваны ДПУ СССР, сасланы на 5 гадоў у Вятку. 

З 1937 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, загадчыкам кафедры заходніх і паўднёвых славян Маскоўскага ўніверсітэта.

У 1946 годзе з акадэмікам Б. Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Інстытута славяназнаўства АН СССР.

Памёр 23 чэрвеня 1947 года ў Маскве.

У 1990-х гадах прапаноўвалася назваць яго імем вуліцу Ленінградскую ў Мінску. На будынку гістарычнага факультэта БДУ устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар вучонага.

wikimedia.org

 1878 год. Памёр Восіп Кавалеўскі

Беларускі філолаг, манголазнаўца. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладаміі  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».  

wikimedia.org

1914 год. Нарадзіўся Казімір Свёнтак

Беларускі і польскі рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч, кардынал, каталіцкі архібіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Першы кардынал у гісторыі незалежнай і суверэннай Беларусі.

У красавіку 1941 года арыштаваны савецкімі ўладамі па абвінавачванні ў шпіянажы i ўтрымліваўся да канца чэрвеня ў турме ў Брэсце.

У снежні 1944 года ён зноў быў арыштаваны савецкімі ўладамі i асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Вязень ГУЛАГу.

З 1954 года – пробашч у Пінску, з 1991 года – архібіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі. 

Памёр 21 ліпеня 2011 года ў Пінску.

wikimedia.org

 1921 год. Нарадзіўся Іван Муравейка

Беларускі паэт. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Ганаровы грамадзянін горада Любані.

Аўтар двух дзясяткаў зборнікаў паэзіі для дзяцей,  зборнікаў вершаў, нарысаў ваеннай тэматыкі, успамінаў.

Памёр на 100-м годзе жыцця 5 сакавіка 2021 года.

zviazda.by

1926 год. У Мінску спектаклем «На ланцугу пакуты»  І. Перэца адкрыўся Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР

У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Новасібірску. 

У сезоне 1946-1947 гадоў тэатр не меў уласнага памяшкання, трупа грала спектаклі на сцэне купалаўскага тэатра па панядзелках і аўторках, у выхадныя дні. 

Тэатр патрапіў пад крытыку, яго абвінавачвалі ў адсутнасці ў рэпертуары актуальных сучасных твораў, у фармалізме і касмапалітызме. 

Зачынены ў красавіку 1949 года.

scontent-waw1-1.xx.fbcdn.net

1943 год. Нацыстамі ліквідавана Мінскае гета. 

З ліку найвялікшых гета ва Усходняй Еўропе – каля 100 000 яўрэяў, большасць з якіх загінула ў Халакосце. 

Створана 19 ліпеня 1941 года. 

У Мінску да вайны жыло больш за 55 тысяч яўрэяў (41 % насельніцтва). 

Каля 20 000 яўрэяў былі забітыя ў першыя месяцы нямецкай акупацыі. У лістападзе 1941 года ў Мінску было створана другое гета для  яўрэяў з Захаду (35 000 чалавек). 

Акрамя таго, шмат мінскіх яўрэяў загінулі ў лагеры смерці Сабібор, забіты ў Малым Трасцянцы.

wikimedia.org

 1958 год. Нарадзіўся Максім Клімковіч

Беларускі пісьменнік, драматург. Унук М. Клімковіча – аўтара словаў Дзяржаўнага гімну Беларусі.

Аўтар многіх беларускамоўных п’ес, дэтэктыўных аповесцяў і раманаў, кінараману-фарсу «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» (разам з У. Ахроменкам),  апавяданняў, суаўтар прыгодніцкага рамана «Цень анёла».

Таксама піша на рускай мове. У Расіі выдадзена больш за 80 яго кніг, пераважна трылеры і сцэнары.

fantlab.ru

Меткі: 21 октября, День в истории, Магелланов пролива, Магеллан, динамит, Нобель, Нобелевская премия, Скандраков, БГУ, Пичета, Свёнтек, еврейский театр,  БССР, Меньшиков,

Ковалевский, Муравейка, Любань, Минское гетто, Климкович.