Гэта не пакістанцы! – з’явілася нервовая рэакцыя сілавікоў на гучную бойку ў Гомелі

Аб’яўленае Лукашэнкай запрашэнне 150 000 пакістанцаў працаваць у Беларусь выклікала відавочнае напружанне ў грамадстве, якое спрабуюць пагасіць прапагандысты і сілавікі. 

Днямі Лукашэнка выказаўся, што наша краіна гатовая прыняць 100-150 тысяч работнікаў з Пакістана. У беларускім грамадстве гэта выклікала штосьці падобнае на шок – навіну з яўнай трывогай абмяркоўваюць у калектывах, паміж знаёмымі, дома. У адказ на гэтую рэакцыю, некаторыя прапагандысты пачалі дружна тушыць абурэнне беларусаў – заўважыла “Наша ніва”. 

Так, Азаронак выказаўся на гэты конт, што сітуацыю разгойдваюць “беглыя”, якія нібыта масава закідваюць “нацыянальную нянавісць” дзяўчынкам-падлеткам. “Яны (дзяўчынкі-падлеткі) чамусьці ўсе думаюць, што іх цяпер згвалцяць. Яны чамусьці думаюць, што ў нас пачнуцца цяпер нейкія нормы шарыяту. І пачаліся, прабачце, ну не масавыя, але маштабныя праявы гэтага ў сацсетках” – прызнае Азаронак.

Іншы характэрны выпадак – у сацыяльных сетках завірусілася відэа з бойкай замежнікаў у Гомелі.  Амаль што ігненнай рэакцыяй на гэта сталі каментарыі, маўляў – глядзіце, што робяць пакістанцы. “Прекратите делать преждевременные выводы!” – нервова адрэагаваў на гэта звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал і патлумачыў, што бойку зладзілі студэнты-мараканцы. Двое з іх, нібыта, пабіліся з-за дзяўчыны, а пра трэцяга, які непрытомны ляжыць на асфальце, узгадаць забылі. Акрамя таго, сілавікі прыгразілі каментатарам, што да іх “ужо выехалі”.

Фота: скрыншот

Бабруйскія хакеісты мясілі піцерскіх на хатнім матчы ў МХЛ

Масавая бойка пачалася на 28-й хвіліне матча паміж камандамі “Дынама-Шыннік” з Бабруйска і Санкт-Пецярбурскім “Дынама” – калі капітан гасцявой каманды Леанід Бойкаў ткнуў клюшкай у галкіпера бабруйскай каманды. Суддзі прызначылі 204 хвіліны штрафу на ўсіх. 

Відэа МХЛ: https://youtu.be/7iTwEBJWuA4

Нягледзячы на гэта, бабруйскім хакеістам удалося вырваць валявую перамогу ў матчы Моладзевай хакейнай лігі, саступаючы 1:3 і давёўшы лік да 6:5 у овертайме. Усе чатыры хатнія гульні бабруйскай каманды ў розыгрышы турніра аказаліся пераможнымі а вікторыя над пецярбуржцамі – бадай, самай яркай.